Святлана Ціханоўская абмеркавала з прэзідэнтам Латвіі падтрыманне беларусаў


Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з прэзідэнтам Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам, на якой абмеркавалі пытанні еўрапейскага выбару беларусаў, падтрыманне пашпартоў новай Беларусі, а таксама прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці.

Святлана Ціханоўская і прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс.
Фота: Святлана Ціханоўская / Telegram

Падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская паведаміла Эдгарсу Рынкевічсу пра масавыя ператрусы, якія праводзілі беларускія спецслужбы ў жытле прадстаўнікоў дэмакратычных структураў: Офісу Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінету, Каардынацыйнай рады, НАУ і Народных амбасадаў.

Дэмакратычная лідарка таксама нагадала, што некаторыя беларускія палітвязні не маюць сувязяў з вонкавым светам больш за паўгода. Пры гэтым на сустрэчы было адзначана, што не можа быць і гаворкі аб змякчэнні ціску на рэжым Лукашэнкі, пакуль унутры Беларусі працягваецца ціск на беларусаў.

Уздымалася на сустрэчы і пытанне прыцягнення беларускага рэжыму да адказнасці за дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і злачынствы супраць чалавецтва: Святлана Ціханоўская заклікала прэзідэнта Латвіі падтрымаць выдачу ордару на арышт Лукашэнкі.

Акрамя таго, беларуская дэмакратычная лідарка звярнулася да Рынкевічса з просьбай знайсці развязанне праблемаў легалізацыі беларусаў у Латвіі і распавяла яму пра праект новага беларускага пашпарта.

Нагадаем, што 28 лістапада Святлана Ціханоўская на сустрэчы з дзяржсакратаром Міністэрства ўнутраных справаў Латвіі Дзімітрыйсам Трафімаўсам заклікала Латвію прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў (згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў» беларусы не могуць атрымаць новы пашпарт за мяжой).

7 лістапада прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў Нямеччыны запэўнілі Ціханоўскую, што будуць прызнаваць беларускія пашпарты, калі тэрмін іх дзеяння скончыўся.

Hавiны
Ціханоўская заклікала Латвію прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў
2023.11.28 21:37

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў