Антырэйтынг Лукашэнкі: 96 % украінцаў ставяцца да яго негатыўна. Горш толькі да Пуціна


Украінская сацыялагічная група «Рэйтынг» апублікавала свежыя звесткі агульнанацыянальнага апытання сярод украінскай аўдыторыі на дзень 26 красавіка гэтага года.

Гэтак, 80 % апытаных лічаць, што справы ва Украіне рухаюцца ў правільным кірунку.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў Бучу. 4 сакавіка 2022 года.
Фота: president.gov.ua

Паводле звестак апытання, за апошнія 1,5 месяца палепшылася ацэнка міжнароднай дапамогі ад заходніх партнёраў: апытаныя заўважылі станоўчую дынаміку ў наданні дыпламатычнай, гуманітарнай і фінансавай дапамогі. Дыпламатычную і гуманітарную дапамогу лічаць дастатковаю каля 60 % (у пачатку сакавіка – каля 50 %). Фінансавае падтрыманне дастатковым лічаць 46 % (у сакавіку – 39 %).

Ацэнкі наконт узбраення практычна не змяніліся: дастатковым яго лічаць 29 %, недастатковым – 65 %.

За апошнія два месяцы значна палепшылася стаўленне ўкраінцаў да кіраўнікоў Польшчы, Вялікай Брытаніі, ЗША, Турцыі, Літвы і Францыі. Пазітыўна ставяцца да прэзідэнта Польшчы Дуды 92 % апытаных, да прэм’ер-міністра Брытаніі Джонсана – 87 %, прэзідэнта ЗША Байдэна – 86 %, прэзідэнта Турцыі Эрдагана – 76 %, прэзідэнта Літвы Наўседы – 75 %, прэзідэнта Францыі Макрона – 75 %. Да прэзідэнта Еўракамісіі Урзулі фон дэр Ляен станоўча ставяцца 66 %.

Аднак пагоршылася стаўленне да канцлера Нямеччыны Шольца: станоўча ставяцца да яго 30 %, адмоўна – 54 % (у студзені 2022 года – 23 %). Да прэзідэнта Нямеччыны Штайнмаера станоўча ставяцца 26 %, адмоўна – 44 %.

Абсалютная большасць рэспандэнтаў негатыўна ставяцца да Аляксандра Лукашэнкі (96 %) і прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна (98 %).

Апытанне праводзілі сярод насельніцтва Украіны, старэйшага за 18 гадоў, ува ўсіх вобласцях, акрамя часова акупаваных тэрыторыяў Крыму і Данбасу. Апыталі 1000 рэспандэнтаў.

Размова
Пётр Рудкоўскі: Імідж Расеі ў вачах сілавікоў змяняецца
2022.04.29 14:24

АД belsat.eu

Стужка навінаў