«Рашэнне для наступнай улады». Беларускія журналісты выйгралі справу супраць Беларусі ў ААН


Чацвёра беларускіх журналістаў выйгралі справу супраць Беларусі ў ААН. Камітэт правоў чалавека прызнаў дзяржаву вінаватай у парушэнні іхных правоў на законнае права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Цяперашнім уладам дадзеныя рэкамендацыі выплаціць журналістам кампенсацыі і змяніць нацыянальнае заканадаўства. Юрысты амаль упэўненыя, што дзяржава праігнаруе рашэнне, а заяўнікі кажуць: гэта – маральная перамога.

Марш пенсіянераў у Менску ў кастрычніку 2020 года.
Фота: АК / Белсат

Скаргі ў Камітэт ААН правоў чалавека падалі праз сваіх юрыстаў-прадстаўнікоў Таццяна Смоткіна, Зміцер Лупач, Тамара Шчапёткіна і Ларыса Шчыракова. Дзяржава аштрафавала іх за «распаўсюджванне прадукцыі СМІ без адпаведнай акрэдытацыі».

Камітэт прыйшоў да высновы, што беларускія ўлады парушылі правы журналістаў на законны збор і распаўсюд інфармацыі. Гэтае права замацаванае артыкулам 19-м Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Hавiны
Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў Беларусь вінаватай у парушэнні правоў журналістаў
2023.04.28 17:53

Падчас разбору дзяржава накіравала свае тлумачэнні, заявіўшы, што гэтыя журналісты парушылі нацыянальны закон «Аб СМІ» і працавалі без акрэдытацыі.

Такую пазіцыю Камітэт ААН не палічыў слушнай, спаслаўшыся на замацаванае ў Канстытуцыі Беларусі права на атрыманне ды распаўсюд інфармацыі. Акрамя таго, як падкрэслілі ў арганізацыі, ліцэнзаванне журналістаў – абмежаванне свабоды слова, і дзяржава мусіць абгрунтаваць яго, аднак не зрабіла гэтага.

Камітэт ААН загадаў кампенсаваць заяўнікам штрафы ды іншыя судовыя выдаткі, а таксама прыняць захады дзеля таго, каб такія парушэнні з боку дзяржавы не паўтараліся. Улічваючы, што гэта не першы такі разгляд у камітэце, уладам рэкамендавалі змяніць закон «Аб СМІ». У ААН чакаюць, што цягам 180 дзён Беларусь праінфармуе пра тое, як выконвае рашэнне.

«Абавязаныя, але…»

Беларуская дзяржава нібыта абавязаная выконваць патрабаванні Камітэту ААН правоў чалавека, аднак фактычна іх ігнаруе. Юрысты Народнага антыкрызіснага ўпраўлення растлумачылі «Белсату», што бракуе магчымасцяў прымусу да таго, каб улады нешта зрабілі:

«Як вядома з вопыту работы ў галоўным дагаворна-прававым упраўленні МЗС, Беларусь сістэматычна ўхілялася ад выканання такіх рашэнняў. Наўпроставых абавязанняў няма, аднак невыкананне рашэнняў і рэкамендацыяў Камітэту ААН будзе апрыёры сведчыць аб парушэннях Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах».

«Рашэнне выканае наступная ўлада»

Адзін з удзельнікаў справы, Зміцер Лупач, у каментары для «Белсату» назваў вынік разгляду скаргі ў ААН маральнай перамогай.

«Я не веру, што зараз дзяржава выканае патрабаванні гэтага рашэння. Але скарга падавалася таму, што гэтыя рашэнні не маюць тэрміну даўнасці, і калі не гэтая ўлада, дык наступная гэтае рашэнне мусіць выканаць», – адзначыў Лупач.

Ён падсумаваў: «Галоўнае – гэта не спроба атрымаць матэрыяльную кампенсацыю, а атрымаць маральнае задавальненне, што цяперашнія беларускія ўлады асуджаныя ў міжнароднай установе».

Адная з чатырох журналістаў, якія падавалі скаргі, цяпер за кратамі. Ларысу Шчыракову абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі Беларусі».

У леташнім кастрычніку беларуская дзяржава дэнансавала Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, тым самым пазбавіўшы беларусаў магчымасці скардзіцца ў Камітэт правоў чалавека ААН. Ад 8 лютага там спынілі прыём зваротаў ад грамадзянаў нашай краіны.

Hавiны
Ананіч распавяла, хто будзе бараніць правы беларусаў пасля таго, як гэта забароняць рабіць ААН
2022.10.13 12:06

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў