Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў Беларусь вінаватай у парушэнні правоў журналістаў


У Камітэт правоў чалавека ААН звярнуліся чатыры беларускія журналісты: Таццяна Смоткіна, Зміцер Лупач, Тамара Шчапёткіна і Ларыса Шчыракова. Па выніках разглядаў іхных заяваў КПЧ прызнаў Беларусь вінаватай у парушэнні правоў журналістаў на законнае права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, замацаванае артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Сцяг ААН.
Фота: pravda.com

Сутнасць скаргі журналістаў палягала ў тым, што Беларусь парушыла іхныя правы на свабоду выказвання думкі, прыцягнула да адказнасці і пакарала адміністратыўнымі штрафамі быццам за распаўсюджванне прадукцыі СМІ без адпаведнай акрэдытацыі.

14 сакавіка 2023 года Камітэт разгледзеў заявы журналістаў і па выніку зазначыў, што ч. 3 арт. 19 Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах дазваляе абмежаванне свабоды выказвання думак, у тым ліку свабоды выказвання і распаўсюджвання інфармацыі і ідэі толькі ў той ступені, у якой гэта прадугледжана законам, і толькі калі яны неабходныя для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў; або для абароны нацыянальнай бяспекі або грамадскага парадку, або здароўя і маральнасці насельніцтва.

Любое абмежаванне свабоды выказвання не павінна насіць празмернага характару, гэта значыць, павінна быць найменш навязлівым сярод захадаў, якія могуць дасягнуць адпаведнай абароны функцыі, і прапарцыйным інтарэсам, якія трэба абараняць.

Таццяна Смоткіна і Зміцер Лупач.
Фота: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Камітэт прапанаваў Беларусі прадэманстраваць, што абмежаванні правоў журналістаў у адпаведнасці з артыкулам 19 Пакту былі неабходнымі і прапарцыйнымі. На што атрымаў адказ ад уладаў Беларусі, што ўсе журналісты быццам бы парушылі ўнутрыбеларускі Закон аб СМІ і працавалі без акрэдытацыі.

Камітэт звярнуў увагу на тое, што ў гэтым выпадку да аўтараў былі прымененыя адміністратыўныя пакаранні – буйныя штрафы. У гэтай сувязі Камітэт правоў чалавека ААН звяртае ўвагу на артыкул 34 Канстытуцыі Беларусі аб свабодзе поглядаў, перакананняў і іх выказвання. Камітэт наўпрост сцвярджае, што агульныя дзяржаўныя сістэмы рэгістрацыі або ліцэнзавання журналістаў несумяшчальныя з часткай 3 артыкулу 19 Пакту, а абмежаваныя схемы акрэдытацыі дапушчальныя толькі пры неабходнасці надання журналістам прывілеяванага доступу да пэўных падзеяў.

Ларыса Шчыракова.
Фота: Ларыса Шчыракова / Facebook
Тамара Шчапёткіна.
Фота: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Камітэт правоў чалавека ААН прыйшоў да высновы, што правы журналістаў ува ўсіх пералічаных у заявах выпадках былі парушаныя. КПЧ зазначае, што Беларусь абавязаная прыняць адпаведныя захады для кампенсацыі штрафаў, прызначаных журналістам, ды іншых судовых выдаткаў, панесеных аўтарамі ў сувязі з нацыянальным судовым разборам, а таксама прыняць усе неабходныя захады для перадухілення падобных парушэнняў, якія могуць адбыцца. Таксама Беларусь павінна перагледзець сваю нарматыўную базу, у прыватнасці, Закон аб сродках масавай інфармацыі.

Камітэт правоў чалавека ААН спадзяецца атрымаць ад Беларусі цягам 180 дзён інфармацыю аб прынятых захадах.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, на 28 красавіка ў Беларусі за кратамі застаюцца 33 журналісты і працаўнікі медыяў. Сярод іх – адна з заяўніц у КПЧ ААН Ларыса Шчыракова. Яе абвінавачваюць паводле арт. 369-1 Крымінальнага кодэксу ў дыскрэдытацыі Беларусі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў