Усіх менскіх школьнікаў з 2024 года прымусяць насіць уніформу з чырвона-зялёнай сімволікай


Менгарвыканкам запусціў пілотны праект, каб да восені 2024 года стварыць аднолькавую для ўсіх школьнікаў сталіцы форму. Пра гэта распавяла першая намесніца старшыні камітэту адукацыі Людміла Барысенка.

Вучні старэйшых класаў у піянерскіх гальштуках выносяць дзяржаўны сцяг на ўрачыстай лінейцы ў адной са школаў у Менску, Беларусь. 1 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Чыноўніца заявіла, што «не ўсіх бацькоў радуе вялікая разнастайнасць мадэляў дзелавога адзення». Паводле яе, большасць з іх нібыта хоча «звузіць гэты набор і вярнуцца ўжо да паняцця «школьная форма», якую можна будзе свабодна набыць у гандлёвых сетках».

У рабочую групу для стварэння ўніформы ўключаць прадстаўнікоў школаў, «Беллёгпраму». Абяцаюць знайсці месца і для дзяцей і іх бацькоў.

Таксама школьнікаў плануецца пазначыць дзяржаўнай сімволікай, каб яны ўжо з ранніх гадоў разумелі «сваю прыналежнасць да гэтай дзяржавы».

Каментар
Эксперт: Хочуць бацькі ці не, але вымушаныя набываць для школы тавары «Беллёгпраму»
2023.07.14 17:02

Чыноўнікі Мінадукацыі раней ужо інфармавалі пра абавязковыя элементы школьнай формы ў наступным годзе і анансуюць увядзенне адзінай школьнай формы для ўстановаў адукацыі. Эксперты ў размове з «Белсатам» тлумачылі, што такім чынам чыноўнікі вырашылі падтрымаць прадпрыемствы «Беллёгпраму». Для бацькоў жа гэта пагражае дадатковымі выдаткамі.

«Усе гэтыя элементы будзе ствараць «Беллёгпрам». Але прадукцыю канцэрну добраахвотна беларусы ў краіне не набываюць. Гэтыя тавары вельмі дарагія. Тыя ж расейскія або кітайскія, асабліва што датычыць вопраткі, можна набыць нашмат танней», – кажа эканамістка Аліса Рыжычэнка.

У бацькоў да школьнай формы шмат пытанняў, якія вымушаныя асвятляць у тым ліку і ў дзяржаўных медыях. Пры гэтым чыноўнікі запэўніваюць, што калі вучань прыйшоў у школу без формы, то яго не выганяць з урокаў, але і ў спакоі не пакінуць.

Hавiны
Школьная форма патрэбная, бо так вырашылі чыноўнікі, бацькі ў гэтым не бачаць сэнсу
2023.07.16 19:13

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў