Беларусы стварылі петыцыю супраць абавязковай адзінай школьнай формы


На платформе petitions.by беларусы размясцілі электронны зварот з просьбай да Міністэрства адукацыі адмовіцца ад ідэі ўвядзення абавязковай адзінай школьнай формы. Там вывучылі зварот і даслалі адказ.

Школьная форма. 28 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

У канцы траўня міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў, што разглядае магчымасць увядзення абавязковай школьнай формы з 2023 года.

У адказ на гэта незадаволеныя такім рашэннем беларусы стварылі петыцыю, у якой просяць не ўводзіць абавязковую форму для школьнікаў.

«Просім Міністэрства адукацыі адмовіцца ад планаў увядзення абавязковай адзінай школьнай формы, даўшы права выбару на нашэнне школьнай формы вучням і іх бацькам», – напісалі аўтары петыцыі.

У адказ на петыцыю ў Мінадукацыі распавялі пра сваё бачанне на ўвядзенне школьнай формы, заявіўшы, што гэта будзе «садзейнічаць згуртаванню калектыву, дысцыплінуе навучэнцаў, дазволіць сфармаваць карпаратыўную этыку і выхаваць гонар за ўстанову адукацыі».

«Дзяржаўным школьным стандартам […] устаноўлена, што навучэнцы абавязаны прытрымлівацца дзелавога стылю адзення, прызначанага для наведвання імі навучальных заняткаў ва ўстановах адукацыі, з улікам агульных элементаў адзення і размяшчэннем на ім эмблемы ўстановы адукацыі. Такім чынам, размова не ідзе аб увядзенні адзінай школьнай формы, а плануецца сістэматызаваць выкарыстанне адзення дзелавога стылю на ўзроўні канкрэтнай установы адукацыі», – паведамляецца ў адказе за подпісам намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая.

Так, ужо з новага навучальнага году ўстановамі адукацыі пакуль уводзяцца адзіныя элементы школьнай формы.

Рэпартаж
Апранаем дзіця ў школу: паглядзелі, што з формай і коштамі
2022.07.28 15:50

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў