Эксперт: Хочуць бацькі ці не, але вымушаныя набываць для школы тавары «Беллёгпраму»


З 15 ліпеня ў Беларусі ўлады абвесцілі пачатак маштабнага продажу тавараў, каб падрыхтаваць дзяцей у школу. Адмысловыя секцыі стварылі ў дзяржаўных універмагах, запланаваныя «школьныя кірмашы». Таксама з’явілася магчымасць набыць абавязковыя элементы вучнёўскага гардэробу. Але тавары для школьнікаў падаражэлі. У параўнанні з мінулым годам сабраць дзяцей у школу каштуе на 10 % больш. Эканамістка ў размове з «Белсатам» распавядае, чаму цэны выраслі і навошта абавязковыя элементы ў школьнай форме.

Школьны кірмаш каля гандлёвага цэнтру «Олд Сіці». Горадня, Беларусь. 14 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Сёлета сабраць дзіця ў пачатковую школу каштуе для бацькоў ад 370 да 1122 рублёў. Бацькам старшакласнікаў неабходна выдаткаваць ад 462 да 1392 рублёў, распавяла кіраўніца аддзелу развіцця гандлю і паслугаў дзяржаўнага абʼяднання «Сталічны гандаль і паслугі» Анастасія Макарская. Паводле чыноўніцы, кошты ў параўнанні з мінулым годам выраслі на 10 %.

Hавiны
Сабраць дзіця ў школу будзе на 10 % даражэй, чым летась
2023.07.12 09:53

Эканамістка Аліса Рыжычэнка тлумачыць, што рост коштаў абумоўлены тым, што з ліпеня Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) разам з урадам перагледзела заканадаўства аб фармаванні коштаў. Для беларускіх вытворцаў і прадаўцоў павялічылі лімітаванае значэнне рэнтабельнасці з 10 % да 20 %.

«Фактычна, гэтыя 10 % цяпер мы бачым у адлюстраванні росту коштаў на тавары, якія неабходныя для школьнікаў перад 1 верасня. Гандаль падлічыў, што падрыхтаваць аднаго школьніка будзе каштаваць ад 500 да 1400 рублёў», – кажа эканамістка.

Аб’ектыў
Стартаваў прыём у першыя класы: ці ўсім дзецям хопіць месца?
2023.06.12 22:14

Паводле Алісы Рыжычэнкі, з улікам таго, што ў беларускіх рэгіёнах заробкі складаюць 800–900 рублёў, гэта будзе адчувальна для бацькоў. Пры гэтым трэба разумець, што калі цэны на школьныя тавары выраслі на 10 %, то рэальныя прыбыткі насельніцтва за год выраслі толькі на 0,3 %. Адпаведна, гэта будзе адчувацца на гаманцах беларусаў. Тым больш, што ў сям’і можа быць не адно, а некалькі дзяцей, якіх трэба рыхтаваць да школы.

«Што да абавязковай школьнай формы, праз 3 гады мы можам пабачыць 5–6 элементаў у форме, гэтага не хаваюць гандаль і Мінадукацыі. Усе гэтыя элементы будзе ствараць «Беллёгпрам». Але прадукцыю канцэрну добраахвотна беларусы ў краіне не набываюць. Гэтыя тавары вельмі дарагія. Тыя ж расейскія або кітайскія, асабліва што тычыцца вопраткі, можна набыць нашмат танней», – кажа Аліса Рыжычэнка.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: belnovosti.by

Экспертка адзначае, што «Беллёгпрам» раней заявіў пра гатовасць сёлета стварыць 1,2 млн адзінак школьнага адзення. З улікам таго, што кожная школа мусіць купляць асобныя абавязковыя элементы, фактычна канцэрн зможа прадаць увесь свой асартымент.

«Тое, што «Беллёгпрам» кажа пра падаражэнне тавараў, абумоўленае ростам коштаў на матэрыялы і лагістыку, – гэта супярэчыць таму, што заяўляюць у іншых размовах прадстаўнікі канцэрну. Яны ж заяўляюць, што для вытворчасці школьнага адзення якраз выкарыстоўваюць выключна беларускія матэрыялы».

Сітуацыя ж выглядае такім чынам, што МАРГ зрабіў захады, каб «Беллёгпрам», які працуе фактычна на склад, атрымаў на заканадаўчым узроўні ўсе ўмовы, каб тавары гэтыя прадаваліся па большых цэнах для самых беларусаў, тлумачыць экспертка.

«Улады імкнуцца захаваць «Беллёгпрам», які стварае, можа, недзе і якасныя, але даражэйшыя, чым тыя ж турэцкія тавары, у 2-3 разы. Калі ў людзей паўстае пытанне, што хапае грошай толькі на мінімальную колькасць адзення і харчавання, то людзі будуць заўсёды аддаваць перавагу больш танным таварам».

Hавiны
Ціханоўская: «Нашыя дзеці павінны вучыцца ў школе, свабоднай ад прапаганды»
2023.05.26 16:28

Але ўлады пазбаўляюць беларусаў права выбару ў гэтым. Фактычна «Беллёгпрам» будзе займацца раздробным гандлем паводле пэўнага плану. Канцэрн падлічвае, колькі ёсць школаў, колькі дзяцей. Хочуць гэтага бацькі ці не, існуе альтэрнатыва ці не – гэта нікога не будзе хваляваць, бацькі мусяць набываць тавары ў канцэрне, кажа экспертка.

Школьны кірмаш каля гандлёвага цэнтру «Олд Сіці». Горадня, Беларусь. 14 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Эканамістка таксама звяртае ўвагу, што цяпер назіраецца прафіцыт ліквіднасці беларускіх рублёў у банках. Гэта азначае, што банкі зацікаўленыя ў тым, каб выдаваць крэдыты, нават пад невысокія адсоткі. Адпаведна, бацькі, якія не маюць сродкаў для рыхтавання дзяцей у школу, пойдуць у банк, каб узяць спажывецкі крэдыт. Такім чынам банкі будуць пазбаўляцца ад прафіцыту ліквіднасці.

У Беларусі ўлады стварылі такую схему дзеля таго, каб атрымаць кароткатэрміновыя эфекты, павялічыць попыт на беларускія тавары, пры гэтым урад не задумваецца, што гэта прывядзе да росту інфляцыі ўжо ў верасні-кастрычніку, папярэджвае эканамістка.

Разбор
«Сістэма шукае тых, хто будзе бараніць Лукашэнку». Што не так з вайскова-патрыятычнымі летнікамі ў Беларусі?
2023.06.14 14:16

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў