Літва хоча абмежаваць уезд праз два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю


Літоўская мытня плануе абмежаваць рух праз два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю: «Цвярачус» і «Шумскас» (з беларускага боку – «Відзы» і «Лоша»), паведамляе партал Delfi. У гэтых двух пунктах пропуску няма рэнтгенаўскіх апаратаў, таму праз іх актыўна ідзе кантрабанда тытунёвых вырабаў.

Беларуска-літоўская мяжа.
Фота: Дзяржпагранслужба Літвы

Кіраўнік Мытнага дэпартаменту Літвы Дарус Жвіронас заявіў, што пасля заканчэння рэканструкцыі буйнога пункту пропуску «Мядзінінкай» у двух КПП – «Цвярачусе» і «Шумскасе» – увядуць абмежаванні. Хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца пад канец года.

Жвіронас прапанаваў наогул не прапускаць праз «Цвярачус» і «Шумскас» фуры, а легкавыя аўтамабілі прапускаць выключна ўдзень, закрываючы згаданыя КПП на ноч. Гэта, на ягоную думку, паспрыяе зніжэнню аб’ёмаў кантрабанды, якая перасоўваецца праз беларуска-літоўскую мяжу.

«У 2022 годзе мы прарабілі вялікую працу і арыштавалі рэкордную колькасць кантрабанды. Злачынны свет шукае пераменаў, спрабуе пераарыентавацца. Гэты вялікі фактар нікуды не знік, таму што беларускі рэжым актыўна падтрымлівае нелегальную прадукцыю», – запэўніў намеснік камандуючага Дзяржаўнай пагранічнай службы Антанас Мантвідас.

Паводле ягоных словаў, для кантрабанды ўсё часцей выбіраюць альтэрнатыўныя спосабы транспарціроўкі, такія як беспілотнікі і перапраўка тытунёвых вырабаў па рацэ. Так, у мінулым годзе было выяўлена 49 выпадкаў выкарыстання дронаў для перавозкі кантрабанды ў Літву, сёлета такіх выпадкаў было 19. Таксама ў 2022 годзе было зафіксавана 75 выпадкаў сплаву цыгарэт па рацэ. Сёлета было зафіксавана 24 такія выпадкі.

Кіраўнік літоўскай мытні таксама расказаў, што бліжэйшыя два гады амаль на ўсіх буйных памежных пунктах і ў Клайпедскім порце пабудуюць ці абновяць рэнтгенаўскія апараты для сканавання грузаў. У гэтым Літве дапамогуць фонды Еўразвязу.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў