Лукашэнка правёў нараду ў вузкім коле сілавікоў


Раніцаю 27 лютага Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду аб пытаннях фінансавання закупаў прадукцыі вайсковага прызначэння. Пасля гэтага ён выклікаў да сябе на нараду ў «вузкім складзе» дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі, міністраў унутраных справаў і абароны, старшыняў КДБ і Дзяржаўнага памежнага камітэту, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Нарада аб пытаннях фінансавання закупаў прадукцыі вайсковага прызначэння 27 лютага 2023 года.
Фота: pul_1 / Telegram

Імаверна, нарада была прысвечаная дыверсіі на аэрадроме «Мачулішчы», дзе 26 лютага атакавалі расейскі самалёт А-50. Аднак пра тэму сустрэчы нічога не паведамлялася.

Пасля нарады прэс-служба апублікавала кароткае відэа, якое пачынаецца словамі Лукашэнкі: «У святле падзей унутранага характару і, перш за ўсё, знешняга, хацеў бы пачуць з вашых вуснаў характарыстыку ўнутрыпалітычнага і вайсковага складніка вакол нашай Беларусі». Аднак на відэа ён нічога не кажа, што маецца на ўвазе пад «падзеямі ўнутранага характару».

Таксама Лукашэнка запатрабаваў ад сілавікоў «жэстачайшай дысцыпліны» ў вайсковых падраздзяленнях МУС і КДБ, а таксама на мяжы.

У сваю чаргу Крэмль адмовіўся каментаваць інцыдэнт з пашкоджаннем расейскага самалёта ў «Мачулішчах». Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў:

«Не, нам няма чаго тут сказаць. Гэта ўсё ж інфармацыя, якая была апублікаваная, у ёй ішла гаворка пра Беларусь, і Беларусь абвергла», – сказаў Пяскоў.

Аднак афіцыйных каментароў з боку Менску яшчэ не паступала. Дзяржаўныя СМІ і адпаведныя ведамствы таксама пакуль ніяк не пракаментавалі інфармацыю пра падрыў расейскага самалёта.

Нагадаем, 26 лютага на аэрадроме «Мачулішчы» беларускія партызаны атакавалі расейскі самалёт з дапамогаю дронаў. Паведамляецца, што гэта ўдзельнікі плану «Перамога», якія цяпер выехалі з Беларусі і знаходзяцца ў бяспецы.

Кіраўнік аб’яднання «ByPol» Аляксандр Азараў паведамляў, што аперацыю рыхтавалі некалькі месяцаў, і выказаў думку, што цяперашнія ўлады ў Менску не назавуць гэтай атакі нагодаю для беспасярэдняга ўдзелу арміі Беларусі ў вайне ва Украіне.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў