Новае пра прымусовую пасадку самалёта «Ryanair» у Менску: дыспечарам кіраваў супрацоўнік КДБ


Падчас прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску 23 траўня 2021 года ў дыспетчарскай былі супрацоўнік КДБ і кіраўнік «Белаэранавігацыі», якія давалі ўказанні, што казаць пілотам. Пра гэта паведамляе выданне «Politico».

Ілюстрацыя да інцыдэнту з самалётам «Ryanair». Малюнак: Dato Parulava / Politiko

Выданне «Politico» апублікавала дадатковыя падрабязнасці паказанняў дыспетчара менскага аэрапорту аб прымусовай пасадцы рэйсу «Ryanair» FR4978 Афіны – Вільня 23 траўня 2021 года. Прозвішча, імя чалавека не выдаецца, але на думку рэдакцыі тэлеграм-канала «МотолькоПомоги» можна здагадацца, што гаворка пра паказанні авіядыспетчара Алега Галегава.

Ён успамінае, што двое мужчынаў увайшлі ў дыспетчарскую прыкладна праз паўгадзіны пасля пачатку змены. Адзін з іх – дырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, а другі – супрацоўнік КДБ.

Дыспетчару паведамілі аб меркаванай пагрозе выбуху бомбы на борце «Ryanair, які збіраецца ўвайсці ў паветраную прастору Беларусі, і загадалі не інфармаваць пра гэта Львоўскі цэнтр кіравання ва Украіне.

Баючыся, што запісы падзеяў могуць быць знішчаныя, дыспетчар запісаў усе размовы на дыктафон. З дыктафоннага запісу вынікае, што дыспетчар загадзя прагаворваў паведамленне, якое мусіў перадаць пілотам рэйсу 4978. Гэта прыкмета таго, што ягоныя словы не былі спантаннымі: «У нас ёсць інфармацыя ад спецслужбаў, што ў вас на борце бомба. Гэтую бомбу могуць актываваць над Вільняй».

Пасля пасадкі FR4978 у Менску былі затрыманыя Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега. Пры гэтым самалёт пакінулі яшчэ тры пасажыры, з якіх адзін быў грэкам. Кіраўнік «Ryanair» пазней заявіў, што, на ягоную думку, гэта былі агенты КДБ РБ.

Hавiны
У ICAO прызналі даказанай віну ўладаў Беларусі ў прызямленні самалёта «Ryanair» у Менску
2022.07.19 10:50

Акрамя таго, у распараджэнні «Politico» ёсць яшчэ адна стэнаграма размовы, якая была праз тыдзень пасля пасадкі, з удзелам намесніка гендырэктара «Белаэранавігацыі». У ёй намеснік начальніка гэтага ведамства заклікае ўнесці пэўнае «карэктаванне» ў свае справаздачы аб інцыдэнтах.

Нагадаем, 6 траўня 2022 года ў Гарадзенскім абласным судзе агучылі вырак палітзняволенай грамадзянцы Расеі Соф’і Сапезе, якую затрымалі разам з блогерам Раманам Пратасевічам 23 траўня 2021 года ў менскім аэрапорце. Яе пакаралі 6 гадамі калоніі агульнага рэжыму.

23 траўня 2021 года самалёт «Boeing 737», які належаў польскай авіякампаніі «Buzz» («дачка» ірландскай кампаніі «Ryanair») і выконваў пасажырскі рэйс з Афінаў у Вільню, быў перахоплены ў небе Беларусі і пасаджаны ў Нацыянальным аэрапорце «Менск». На ягоным борце ляцелі былы рэдактар тэлеграм-каналаў «NEXTA» і «Беларусь головного мозга» Раман Пратасевіч ды ягоная дзяўчына Соф’я Сапега. У выніку дзеянні кіраўніцтва Беларусі назвалі дзяржаўным тэрарызмам, замежныя авіякампаніі спынілі свае палёты над тэрыторыяй краіны, а дэмакратычныя дзяржавы ўвялі санкцыі.

Артыкулы
Гадавіна пасадкі «Ryanair»: Пратасевіч ладзіць вяселле, Сапега – ідзе ў калонію…
2022.05.23 18:28

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў