У ICAO прызналі даказанай віну ўладаў Беларусі ў прызямленні самалёта «Ryanair» у Менску


У Манрэалі 18 ліпеня абмеркавалі даклад Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі аб пасадцы самалёта «Ryanair» у Менску. Дакумент рыхтаваўся больш за год. Са словаў дарадцы Святланы Ціханоўскай Франка Вячоркі, «нягледзячы на ​​ўсе спробы Лукашэнкі маніпуляваць фактамі, падрабіць дакументы, пераканаць, што пасадка была вымушанай», ICAO палічыла віну беларускіх уладаў даказанай.

Самалёт авіякампаніі «Ryanair».
Фота: Ryanair / Facebook

Франак Вячорка таксама распавёў, што да дакладу Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) далучылі паказанні ключавога сведкі, які непасрэдна ўдзельнічаў у пасадцы самалёта і назіраў за інцыдэнтам. Гэта адыграла важную ролю ў вызначэнні адказных за тое, што здарылася.



Даклад будзе апублікаваны бліжэйшым часам і стане асновай для міжнароднага суда над рэжымам за паветраны тэрарызм.

«Было пытанне, ці трэба гэты даклад публікаваць. Спачатку сакратарыят ICAO не планаваў гэтага рабіць, але частка краінаў: Літва, Польшча, Латвія, Іспанія, ЗША і шэраг іншых – выступіла з патрабаваннем апублікаваць дакумент. У бліжэйшыя гадзіны ці, можа, дні мы чакаем, што даклад з’явіцца, і ў ім будуць названы імёны ўсіх, хто мае дачыненне да захопу самалёта «Ryanair», – зазначыў дарадца Ціханоўскай.

Артыкулы
Гадавіна пасадкі «Ryanair»: Пратасевіч ладзіць вяселле, Сапега – ідзе ў калонію…
2022.05.23 18:28

23 траўня 2021 года ў Менску зрабіў вымушаную пасадку самалёт «Ryanair», які выконваў рэйс Афіны – Вільня. Прызямленне было справакаванае беларускімі спецслужбамі дзеля затрымання апазіцыйнага блогера Рамана Пратасевіча, які быў у вышуку ў Беларусі і ляцеў гэтым рэйсам. Разам з ім затрымалі ягоную дзяўчыну Соф’ю Сапегу.

Інцыдэнт з рэйсам «Ryanair» выклікаў міжнародны скандал: палітыкі, дыпламаты і міжнародныя арганізацыі рэзка асудзілі дзеянні рэжыму Лукашэнкі. Еўразвяз закрыў паветраную прастору для «Белавіі», а заходнія авіякампаніі адмовіліся ад палётаў над Беларуссю.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў