«Псіхолагі» там добрыя: проста бʼюць, пакуль жыць не захочаш». Размова з былым палітвязнем


Яшчэ тры тыдні таму ён насіў жоўтую бірку «экстрэміста», маляваў для вязняў партрэты жанчын і трапляў у ШІЗА шклоўскай калоніі № 17. Сёння – шпацыруе з намі па набярэжнай Віслы ў Варшаве. Былога палітвязня і мастака-асвятляльніка Данілу Ганчарова вызвалілі на каталіцкія Каляды. І ў першыя тыдні на свабодзе ён адчуў расчараванне. Размаўляем з Данілам пра сэнс свабоды і адказнасці, пра Паўла Севярынца ды секс на зоне…

Былы палітзняволены Даніла Ганчароў. Варшава, Польшча. 17 студзеня 2023 года. Фота Аліса Ганчар / Белсат

«Найперш быў расчараваны стаўленнем беларускага грамадства да вайны ва Украіне. Беларусы не проста не адчуваюць, што яны могуць нешта зрабіць, каб гэта ўсё спыніць, – яны не адчуваюць, што абавязаныя гэта рабіць. Няма адказнасці за тое, што цяпер адбываецца ў свеце», – дзеліцца ўражаннямі, якія перажыў у першыя дні на свабодзе, былы палітычны вязень Даніла Ганчароў.

Крочым па набярэжнай Віслы каля фантастычна асветленага Сьвентакшыскага мосту, на якім ззяюць ілюмінацыяй жоўта-блакітныя колеры Украіны. Даніла жывы, жвавы і разважлівы. Безадказнае стаўленне беларусаў да вайны, як ён гэта ўспрыняў, лічыць праявай правалу сацыяльна-культурных інстытутаў краіны, да якіх сам меў дачыненне: «Мы за 30 гадоў незалежнасці не пераадолелі постсаўковай дэцывілізацыі».

Кажа, што не адчуў па вызваленні і належнай рэакцыі грамадства на няспынныя «пасадкі» людзей, вядомых і невядомых. У тым ліку зусім хлапчукоў, частка з якіх нават не разумее, за што і навошта – «проста побач праходзілі». За іх, перакананы Даніла, таксама нясе адказнасць грамадства.

«Чаго чакаў? Я чакаў, што грамадскі супраціў будзе ўзмацняцца адпаведна нарастанню рэпрэсіяў. Але насамрэч інтэрнэт забілі дубінкамі… І ўсё? Я спадзяюся, што не ўсё. А як працягваць і да чаго гэта прывядзе – пакуль не ведаю…» – гаворыць былы палітвязень.

Бераг Віслы. Варшава, Польшча. Фота Аліса Ганчар / Белсат

«Валадарка – цудоўнае месца»

Даніла шпарка ідзе па набярэжнай – не паспяваем за ім. Спяшаецца, каб падладзіцца пад новы рытм свабоды? Бо на зоне кожная гадзіна рэгламентавалася правіламі ўнутранага распарадку. А тут – свабодная плынь. І Вісла поруч.

«У калоніі робіцца ўсё, каб у зэка вольнага часу было вобмаль. Гадзіны 2–3. Але ж дзіўна: за тыя 2–3 гадзіны я паспяваў больш, чым тут за 17 гадзінаў. Яшчэ і высыпаўся. Як гэта? Дагэтуль не разумею», – прызнаецца Даніла і смяецца.

Збаўляе тэмп. Былы палітвязень гаворыць, што фізічна пачуваецца як ніколі добра. Маўляў, ні разу ў жыцці не меў такіх двухгадовых перапынкаў у працы, таму аднавіўся і адпачыў. «Гэты рэжым стабілізуе арганізм. Калі не накручваць сабе нерваў, вядома», – дадае ён.

За два гады няволі (асудзілі яго ў ліпені 2021 года паводле «народнага» арт. 342 КК: «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») мастак-асвятляльнік і выпускнік кафедры заалогіі БДУ Даніла Ганчароў прайшоў праз Акрэсціна, турму ў Жодзіне, Валадарку (СІЗА № 1), магілёўскую вязніцу і шклоўскую калонію № 17. Кажа, што Валадарка была «самым цудоўным месцам».

Былы палітзняволены Даніла Ганчароў. Варшава, Польшча. 17 студзеня 2023 года. Фота Аліса Ганчар / Белсат

«Прымаюць мяне на Валадарцы. Супрацоўнік запытвае, ці маю якія ўзнагароды. А ў мяне ж, халера яе, прэзідэнцкая прэмія – за поспехі ў навуковых даследаваннях. Ён глядзіць на мяне такі – ведае ўжо мой артыкул! – і кажа: «Чым жа цябе парадаваць? Давай хоць слова «прэзідэнт» з маленькай літары напішу». – «Ну і дзякуй», – адказваю. Таму і кажу: Валадарка – цудоўнае месца», – дзеліцца ўспамінам былы палітвязень.

«А можа, і мяне заўтра заб’юць?..»

У няволі Даніла Ганчароў правёў 650 дзён. Большую частку з іх – у сумна вядомай ПК № 17 у Шклове. Той самай, адкуль у траўні 2021-га прыйшла чорная вестка пра смерць Вітольда Ашурка (Даніла на той момант быў яшчэ ў СІЗА). Чуткі пра наўмыснае забойства палітвязня дагэтуль, паводле Данілы, ходзяць па зоне. Называюцца і імёны людзей, датычных да смерці Ашурка (у снежні 2022 года прозвішчы магчымых забойцаў агучыў іншы экс-вязень калоніі № 17).

Даніла Ганчароў кажа, што быў схільны верыць гэтым чуткам, і гэта ўводзіла ў дэпрэсію.

«Ціск псіхалагічны адчуваўся: а можа, і мяне заўтра заб’юць? Ім жа за гэта нічога не будзе – крыві яны ўжо пакаштавалі. Стаіць лыбіцца, яму ж падабаецца, падла…» – не выбірае словаў Даніла Ганчароў.

У ПК № 17 Даніла адбываў вырак у адным атрадзе з Аляксандрам Шабаліным (давераная асоба Святланы Ціханоўскай), Андрэем Нечыпарам (асуджаны за пашкоджанне аўта жонкі міліцыянта), з «тэрарыстам» Ягорам Міхайлавым, якому ўляпілі 10 гадоў за падпал танку Т-72 у Сляпянцы, ды іншымі палітвязнямі. Кажа, што ў апошнія дні ў атрад закінулі хлопца, які рабіў на волі відэаагляды аўтамабіляў і трапіў у калонію на 4 гады толькі за тое, што адзін з ягоных ролікаў быў выкарыстаны медыям з-за мяжы…

З палітзняволеным філосафам Уладзімірам Мацкевічам на зоне Даніла не спаткаўся ні разу. З Паўлам Севярынцам былі ў розных атрадах, але колькі разоў пабачыліся.

«Трэба адзначыць, што адміністрацыя робіць усё, каб мы не камунікавалі паміж атрадамі. Для нас, «экстрэмістаў», напрыклад, забаранілі наведванне стадыёну. І не таму, што яны не хочуць, каб мы займаліся спортам, – яны не хочуць, каб мы размаўлялі. Быў перыяд, калі нават у царкву нельга было хадзіць», – расказвае былы вязень ПК № 17.

«Паша трымаецца. Я мяркую, што яму, вядома, цяжка ў ягоным узросце на дрэваапрацоўцы кідаць гэтыя бярвёны… Але дух у чалавека, вядома, нязломны, тут спрэчкі няма», – кажа пра палітвязня Паўла Севярынца наш суразмоўца.

Распавядае, што слухаў аднойчы Севярынца падчас так званага дыспуту (ці «лекцыі», як гэта пазначана ў рэжыме дня), якія ладзяцца ў шклоўскай калоніі. Палітык і сузаснавальнік БХД, асуджаны на 7 гадоў калоніі, казаў, «якімі добрымі хрысціянамі павінныя быць зняволеныя ў гэты час».

Былы палітзняволены Даніла Ганчароў. Варшава, Польшча. 17 студзеня 2023 года. Фота Аліса Ганчар / Белсат

Даніла Ганчароў прызнаецца, што на наступную старонку «папраўчага працэсу» («лекцыі») без смеху нельга было глядзець.

«Уявіце сабе, сядзяць побач з табой зняволеныя, сапраўдныя навукоўцы, прафесары, а ў той жа час былы зампаліт калоніі Галынец чытае з паперкі лекцыю пра этыкет – якую, упэўнены, выхапіў з інтэрнэту. Дачытвае да радка «інтэрнальны локус кантролю», але слова «інтэрнальны» вымавіць не можа, а слова «локус» не ведае, таму гучыць штосьці накшталт «інфернальнай лагуны» ды выпадковае слова пасля ўсяго. І стоп на гэтым. І так паўтараецца штораз – кожны другі месяц. Сядзім, слухаем і думаем: божачка ты мой, за што?..» – смяецца Даніла.

На свабоду? Толькі праз ШІЗА

Са свайго досведу Даніла робіць высновы, што наданне статусу палітзняволенага асабліва не спрычыняецца да ўзмацнення прэсінгу з боку адміністрацыі папраўчай установы. Самое слова «палітвязень» «вертухаі» ўжываюць хіба толькі ў прыватнай размове. Палітычныя для іх найперш «экстрэмісты». Бо на сёння ці не кожны палітычны ўжо носіць жоўтую бірку пастаўленага на прафулік асуджанага, «схільнага да экстрэмізму» (іх называюць там «жаўткамі»).

«І вось гэты 10-ы прафулік дакладна ўплываў на стаўленне да цябе. Што яшчэ? Чым больш родныя ці праваабаронцы спрабуюць дапамагчы чалавеку скаргамі ў ДВП ці куды яшчэ – тым больш чалавека прэсуюць. Гэта дакладна так, на жаль», – кажа былы палітвязень.

Ён зазначае, што нагодай для ўзмацнення ціску могуць быць і публікацыі, у якіх занадта дэтальна асвятляюцца рэжымныя моманты. Гэтак, прынамсі, адбылося пасля зʼяўлення інтэрвʼю аднаго з былых палітвязняў ПК № 17, якога перад выхадам на свабоду кідалі ў ШІЗА. Пасля публікацыі матэрыялу кіраўніцтва калоніі дало загад усіх «экстрэмістаў» вызваляць толькі праз ШІЗА.

Даніла Ганчароў таксама выходзіў на свабоду са штрафнога ізалятару. У калоніі ён быў «злосным парушальнікам», меў 7 парушэнняў (як кажа, «усе – за нейкія глупствы»). Даніла згадвае, што пасля пачатку вайны за любое парушэнне пазбаўлялі спатканняў, бо «добра разумелі, што такім чынам могуць кантраляваць доступ да інфармацыі».

На пытанне, ці былі ў атрадзе тыя, хто «за Расею», адказвае: адсоткаў сорак.

Былы палітзняволены Даніла Ганчароў. Варшава, Польшча. 17 студзеня 2023 года. Фота Аліса Ганчар / Белсат

«Я на зоне Стывэна Пінкера чытаў. Ягоная кніжка ў нас выйшла ці не ў 2010 годзе, але ён ужо тады ўвесь свет супакойваў, маўляў, не хвалюйцеся: з арабамі вайны не будзе – паглядзіце лепш на Расею і Украіну. Добра апісаў, як працуе так званая гобсаўская пастка», – расказвае Даніла Ганчароў.

Эратычныя выявы жанчын – пад забаронай

Апрача Пінкера, былы навуковы работнік кафедры заалогіі прачытаў у калоніі ўсяго Робэрта Сапольскага, амерыканскага антраполага. А таксама ўсе раманы Маркеса. Спыняемся на перакур каля прышвартаванага цеплахода, які пераносіць нашую гутарку на хвалі «Кахання падчас халеры» Маркеса. І да кахання ўвогуле.

«Як з гэтым давалі сабе рады? З прагай кахання, з сексам?..» – пытаюся.

«Як хто, – смяецца Даніла. – Мяне гэтыя «два гады самоты» (ну не сто ж, як у Маркеса!) не турбавалі. А маладыя, асабліва хто з «малалеткі» заехаў, ну, вядома, там…»

Адзначае, што стаўленне адміністрацыі да пытанняў кахання вельмі дзіўнае. Бо з аднаго боку, турэмнікі намагаюцца прапагандаваць на зоне сямейныя каштоўнасці (мужчына з мужчынам – ну ніяк), а з другога – забараняюць трымаць пры сабе любыя эратычныя выявы жанчын, не кажучы ўжо пра парнаграфію. І сочаць за гэтым вельмі пільна: ніякія часопісы «Maxim» ці, барані божа, «Playboy» на зону ўжо «не заходзяць».

«Ну, маладзейшыя нешта там выдумлялі. Стасункі гомасексуальнага характару таксама адзначаліся. Быў выпадак, што два хлопцы прама ў царкве «адзначыліся». Ну ціха, спакойна…» – кажа былы палітвязень.

Былы палітзняволены Даніла Ганчароў. Варшава, Польшча. 17 студзеня 2023 года. Фота Аліса Ганчар / Белсат

Прызнаецца, што зрабіў у калоніі для іншых некалькі малюнкаў жаночага цела, але – «без натхнення». Збольшага маляваў партрэты жанчын – жонак і каханак іншых вязняў. Тут вельмі прыдаліся мастацкія навыкі. Са сваёй жа жонкай сустрэўся пасля «двух гадоў самоты» толькі ў Варшаве (яна прыехала сюды пасля пачатку вайны з украінскай Бучы). Цяпер яны разам. 

 Што да кахання, дык пражыць без яго на зоне можна, запэўнівае. Значна важнейшае там – сяброўства.

Асуджаныя паводле арт. 14. «Ім не лягчэй, чым палітвязням»

«Так атрымалася, што сябраваў я якраз з людзьмі, якія былі асуджаныя не за палітыку. Бо ў Беларусі, апроч палітычных, хапае іншых вязняў. Найперш – паводле 14-га артыкулу, паводле якога саджаюць проста за намер. Фактычна, любы супрацоўнік МУС, пабачыўшы бойку двух хлапчукоў, можа сказаць, што адзін меў намер забіць другога, – і чалавеку даюць 17 гадоў. Мяне здзіўляла, чаму так мала пра гэта пішуць, так слаба гэта асвятляецца, а ім жа нічым не лягчэй, чым палітвязням. Пры гэтым яны не маюць ані падтрымання грамадства, ані інфармацыйнага падтрымання», – гаворыць Даніла Ганчароў.

Такіх зняволеных паводле арт. 14 КК («Замах на злачынства»), сцвярджае наш суразмоўца, у Шклове вельмі шмат, як і асуджаных паводле наркатычных артыкулаў (арт. 328, 328-1, 328-2 КК). Расказвае пра выпадак, калі асуджаны за замах на забойства ўскрыў сабе вены на абедзвюх руках: «Пры гэтым ягоны «забіты» праз два тыдні зʼехаў у Маскву на падпрацоўку».

«Адкачалі, у стан прывялі. «Псіхолагі» там працуюць добра: чалавека проста бʼюць, пакуль ён жыць не захоча. Дапамагае, спрэчкі няма», – кажа Даніла.

Былы палітзняволены Даніла Ганчароў. Варшава, Польшча. 17 студзеня 2023 года. Фота Аліса Ганчар / Белсат

Па сваім вызваленні «злосны парушальнік» і мастак святла Даніла Ганчароў прабыў у Беларусі толькі два тыдні. Выехаў так хутка не толькі таму, што ў Варшаве чакала жонка, але каб засцерагчыся ад далейшых дзеянняў МУС: «Магло стацца, што, паводле іх разлікаў, я не даседзеў крышачку…» Тым больш, у РАУС паведамілі, што як «схільнаму да экстрэмізму» выезд за мяжу яму забаронены. Выбіраўся з Беларусі нелегальна.

«Людзі пакутуюць з-за нас»

Да станцыі метро вяртаемся супраць плыні (Вісла пачарнела), стомленыя і азяблыя. Размаўляем на балючую тэму вызвалення палітвязняў і магчымых перамоваў з рэжымам. Словы Данілы гарачыя. Жэстыкулюе.

«Я згодны, трэба дамагацца іх вызвалення. Асабліва – выпадковых людзей. Хоць іх неяк «адмазаць» трэба, таму што людзі сапраўды пакутуюць з-за нас. У тым ліку і з-за мяне, таму што я ж таксама заклікаў выходзіць на мітынгі, забастоўку ладзіў, іншае там. Справу мы пачалі, скончыць яе не можам – а людзі сядзяць рэальныя тэрміны… І да іх ужо прыходзіць асэнсаванне таго, што, маўляў, халера, я што, увесь свой тэрмін адседжу? Усе 4 ці 7 гадоў? І што мы?.. Працы шмат, і я цалкам не пэўны, што яна ідзе ў тым тэмпе, якога патрабуе час», – кажа Даніла Ганчароў.

На ягоны погляд, канфлікт у Беларусі ўсё адно мае скончыцца перамовамі «паміж рэшткамі рэжыму і рэшткамі апазіцыі», нават калі здарыцца грамадзянская вайна. Пытанне толькі ў тым, у каго будуць мацнейшыя пазіцыі на той момант.

«Калі і як? Ты ж мастак святла, скажы, куды пасвяціць, каб праяснела», – пытаемся.

Бераг Віслы. Варшава, Польшча. Фота Аліса Ганчар / Белсат

«Ну неяк трэба так пасвяціць, каб у тых, хто бярэ на сябе адказнасць за палітыку, словы са справамі дужа не разыходзіліся», – адказвае былы палітвязень і мастак-асвятляльнік Даніла Ганчароў.

Герой нашай публікацыі працаваў са святлом у тэатрах з 17 гадоў (у 2020-м быў звольнены з Новага драматычнага тэатру ў Менску). Выпускнік кафедры заалогіі БДУ, скончыў магістратуру. Малюе, займаецца скульптурай (у тым ліку 3D). Цяпер шукае працу ў Варшаве. Калі маеце прапановы – пішыце да нас, мы маем кантакт Данілы.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў