Былы зняволены калоніі №17 назваў прозвішчы тых, хто мог катаваць Вітольда Ашурка


Былы вязень шклоўскай калоніі Уладзімір сабраў звесткі ад асуджаных, якія ведалі загінулага палітвязня Вітольда Ашурка. Вызваліўшыся, мужчына распавёў падрабязнасці пра ўмовы ўтрымання ў ШІЗА калоніі, пра дзень, у які загінуў Ашурак, а таксама назваў прозвішчы супрацоўнікаў, якія маглі яго катаваць, піша motolko.help.

Вітольд Ашурак.
Фота: Рух «За Свабоду» / Facebook

Палітвязень Вітольд Ашурак памёр 21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі №17. Абставіны ягонай смерці невядомыя дагэтуль… Паводле афіцыйнай версіі, ён памёр ад спынення сэрца, але родныя палітвязня і расследавальнікі перакананыя ў гвалтоўным характары яго смерці.

Хто мог быць датычны да смерці Вітольда Ашурка

Уладзімір кажа, што ў момант, калі Вітольда Ашурка збівалі, адзін з атрадаў быў у камп’ютарным класе. Ён знаходзіцца на другім паверсе будынку штабу шклоўскай калоніі.

«У гэтым класе асуджаныя ладзяць відэазванкі. На гэтым жа паверсе – кабінеты адміністрацыі калоніі. Зняволеныя ў дзень забойства Вітольда заўважылі, што адміністрацыя і патрульныя афіцэры дзіўна паводзяць сябе. Афіцэры калоніі раптам збегліся ў будынак штабу. І атрад, які тэлефанаваў у гэты момант у камп’ютарным класе, быў выведзены, так і не патэлефанаваўшы», – распавёў Уладзімір.

У будынку штабу на другім паверсе, у пакоі надгляду, які знаходзіцца побач з кабінетам начальніка калоніі, няма камер. Як толькі першыя палітычныя сталі паступаць у калонію ў Шклове, да іх пачалі ўжываць фізічны гвалт у сляпых зонах будынку штабу, кажа былы вязень калоніі.

У пакоі надгляду звычайна зняволенага распранаюць і аглядаюць перад тым, як весці на пакаранне ў кабінет начальніка калоніі.

«Самое пакаранне – гэта можа быць гутарка, вымова, пазбаўленне пасылкі, спатканні, пазачарговая ўборка тэрыторыі або ШІЗА», – распавядае Уладзімір.

Пасля смерці ў калоніі палітвязня Вітольда Ашурка адміністрацыя турмы апублікавала відэа, каб даказаць, што ён атрымаў медыцынскую дапамогу. Скрыншот з відэа МУС

Па словах былога зняволенага, фізічным гвалтам у шклоўскай калоніі звычайна займаўся аддзел рэжымна-аператыўнай працы разам з дзяжурнымі памагатымі начальніка калоніі. Мужчына называе супрацоўнікаў калоніі, якія мелі дачыненне да здзекаў з палітычных зняволеных.

«Гэта намеснік начальніка калоніі па рэжымна-аператыўнай працы Аляксей Маскалёў. Па яго загадзе чыняцца гвалтоўныя дзеянні над асуджанымі. У яго ёсць намеснік – старшы рэжымны аператыўны работнік Сяргей Карчэўскі. Ён сам займаецца збіццём і іншымі формамі гвалту», – кажа мужчына.

«Таксама рэпрэсіямі зняволеных займаліся Іван Галанаў – інспектар-рэжымнік, які любіць ставіць людзей на расцяжку, Віталь Краўчанка – старшы інспектар-рэжымнік, Павел Прохараў – дзяжурны памочнік начальніка калоніі, Дзмітрый Удодаў – дзяжурны памочнік, які мае ваенную медычную спецыяльнасць. Пасля смерці Вітольда яны перасталі настолькі жорстка ставіцца да зняволеных», – кажа мужчына.

Асобы названых ім супрацоўнікаў удалося праверыць – такія людзі сапраўды працуюць у шклоўскай калоніі.

Што адбываецца з людзьмі ў ШІЗА калоніі №17

Уладзімір таксама расказаў і аб умовах утрымання ў ШІЗА шклоўскай калоніі, дзе ён сам правёў шмат сутак.

«Ёсць адрамантаваныя ШІЗА, там на падлозе ляжыць плітка, і ёсць старая частка, дзе падлога драўляная. Там вельмі холадна незалежна ад пары года, чалавек знаходзіцца без спальнага камплекта», – кажа Уладзімір.

«Раніцай і ўвечары трэба станавіцца перад дзвярыма і спяваць гімн. На дзвярах ёсць фармуляр тэксту. Выйсці з ШІЗА палітычным вельмі складана, там увесь час ладзяць правакацыі, якія выліваюцца ў парушэнні з боку асуджанага і служаць падставай для падаўжэння ўтрымання ў ШІЗА.

Над тымі зняволенымі, хто «правінаваціўся», звычайна раз у тыдзень праводзіцца імітацыя паказальнага суда. Гэта праходзіць у кабінеце кіраўніка калоніі пры ўдзеле ўсіх ці амаль усіх чальцоў адміністрацыі ПК.

Сяргей Карчэўскі, начальнік рэжымнага аддзела ПК №17 / АРБ

«Нават просяць альбо начальнікаў атрадаў, альбо пэўных сябраў адміністрацыі прагаласаваць ці хадайнічаць за пэўны від пакарання. Пры гэтым рашэнне аб тым, якое яно будзе, загадзя прынятае начальнікам калоніі. Мабыць, супрацоўнікі ПК любяць такі афіцыёз і фармальнасці», – лічыць Уладзімір.

Падчас ранішняй і вячэрняй праверак, пры разносе ў камеру сняданку, абеду, вячэры, перад мыццём у душы, абсалютна ў любы момант хоць якога-небудзь узаемадзеяння супрацоўнікаў калоніі з камерай ШІЗА палітычным і звычайным асуджаным трэба станавіцца на расцяжку ў адной з прышпіленых пліт, разводзіць у бакі рукі і класці іх на розныя канцы чырвонай лініі, выкручваючы рукі навыварат, класці на лінію галаву, гледзячы пры гэтым строга ўніз.

Потым чакаць каманды павярнуцца і выканаць дзеянне, якое загадвае супрацоўнік. Так можна прастаяць ад некалькіх хвілін да некалькіх дзясяткаў хвілін і нават больш», – дзеліцца мужчына.

«Гэта дазваляе рэжыму трымаць палітвязняў у закладніках»

«Знаходжанне ў ШІЗА павінна прынесці асуджанаму пэўны ўзровень і комплекс псіхалагічна-маральных пакут для змены яго паводзін у бок законапаслухмянасці».

За час знаходжання ў шклоўскай калоніі Уладзімір зрабіў выснову, што адміністрацыя калоніі імкнецца зацягнуць палітвязняў у ШІЗА, каб, па-першае, даць статус «злосніка» (асоба, якая злосна парушае рэжым адбывання пакарання), а па-другое, – каб стварыць падставу для адпраўкі палітвязняў на турэмны рэжым і выставіць артыкул 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы») для падаўжэння тэрміна пазбаўлення волі.

«Гэта дазваляе рэжыму Лукашэнкі трымаць палітвязняў у закладніках колькі хочаце», – лічыць Уладзімір.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў