Павел Латушка ідзе з Каардынацыйнай рады


Сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Павел Латушка заявіў у эфіры «Еўрарадыё», што пакідае гэты палітычны орган.

Паводле Латушкі, яго не задавальняе тое, што новае скліканне Каардынацыйнай рады працуе над зменай стратэгіі «барацьбы з рэжымам Лукашэнкі», што прадугледжвае магчымы дыялог з афіцыйным Менскам, а таксама абмеркаванне змякчэння санкцыяў супраць Беларусі.

«Я за тое, каб весці барацьбу. Унутры – гэта падпольны рух. За мяжой – беларуская пратаармія», – заявіў ён.

Як паведаміў палітык, галасаванне за прыняцце новага рэгламенту нібыта пройдзе 26 лютага.

Каардынацыйная рада, каментуючы словы Латушкі, падкрэсліла, што не прымала пастановаў, якія б датычылі скасавання санкцыяў ці пачатку перамоваў з Лукашэнкам. Такія пытанні на парадку дня цяпер не стаяць, сцвярджаюць аўтары заявы.

Нагадаем, Каардынацыйная рада была створаная на піку масавых пратэстаў у Беларусі, у жніўні 2020 года, з ініцыятывы штабу Ціханоўскай. У прэзідыум КР увайшлі Марыя Калеснікава, Максім Знак, Павел Латушка, Святлана Алексіевіч, Лілія Уласава, Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі. Каардынацыйная рада абвясціла, што адзіны спосаб пераадолець палітычны крызіс у Беларусі – гэта неадкладна пачаць перамовы аб правядзенні новых выбараў. Практычна адразу ў дачыненні КР была распачатая крымінальная справа. Цягам некалькіх тыдняў пасля гэтага ўсе сябры прэзідыуму былі або арыштаваныя, або мусілі з’ехаць з краіны праз пагрозу рэпрэсіяў.

У кастрычніку 2022 года пачалося рэфармаванне Каардынацыйнай рады. 26 студзеня 2023 года адбылася першая сустрэча абноўленага складу КР.

Разбор
Каардынацыйную раду амаль дарэфармавалі. Чаму так доўга? І ці раскажуць, каго ўзялі?
2023.02.06 14:18

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў