Прызнанне НАУ «экстрэмісцкім фармаваннем» і пазбаўленне адвакатаў ліцэнзій. Рэпрэсіі за 24 студзеня


«Белсат» працягвае адсочваць факты рэпрэсіяў беларусаў рэжымам Лукашэнкі. Распавядаем, што стала вядома за 25 студзеня.

Ініцыятыва «Народнае антыкрызіснае ўпраўленне» і «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі». На днях стала вядома, што 15-гадовага брата адміністратара каналу «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» затрымаў КДБ – сілавікі выставілі ўмову выдаліць канал і спыніць дзейнасць.

ГУБАЗіК затрымаў сцэнарыстку серыялаў «Ивановы-Ивановы» і «Папины дочки» Юлію Грыцкевіч за каментары ў інтэрнэце. Паводле сілавікоў, дзяўчына «агітавала за падтрымку нацыяналістычных падраздзяленняў» і пакідала абразлівыя каментары пра беларускіх сілавікоў і ўладу.

Юлія Грыцкевіч. Крыніца: viasna96/Telegram

На паэта і выкладчыка прыватнай школы «Смарт Скул» Дзмітрыя Юртаева ўзбуджана крымінальная справа за абразу Лукашэнкі. Яго затрымалі 21 верасня 2022 года супрацоўнікі ГУБАЗіК. Выкладчыка прымусілі на камеру чытаць уласныя вершы і апраўдвацца. 23 верасня яму прысудзілі арышт тэрмінам на 15 содняў, а пазней прысудзілі яшчэ двойчы па 15 содняў. За пару дзён да заканчэння чарговага тэрміну да яго наведаліся супрацоўнікі ГУБАЗІКа і паведамілі што супраць яго будзе ўзбуджана крымінальная справа.

У Івацэвічах у закрытым судовым пасяджэнні вынесены прысуд у дачыненні да Аляксандра Сазонава і Яўгена Васілеўскага. Іх абвінавацілі ў незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных (ч.1 і ч. 2 арт. 203-1 КК), неправамерным завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй (ч.1 арт. 352 КК), а таксама перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч.2 арт. 426 КК). У выніку, Аляксандру прысудзілі 3 гады калоніі са штрафам на суму 18 500 рублёў, а Яўгену – 2 гады калоніі са штрафам на суму 11 100 рублёў.

У Горадні затрыманы індывідуальны прадпрымальнік Антон Янкоўскі, ён працуе ў студыі распрацоўкі настольных гульняў «Кубік». На «пакаянным» відэа ён кажа, што быў затрыманы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць»).

Hавiны
Адміністрацыя калоніі дазволіла Ігару Лосіку ліставацца з жонкай Дар’яй
2023.01.25 19:11

Жыхара Шаркоўшчыны Ігара Дземідовіча пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічыняў (1110 рублёў) за аватарку з Паўлам Севярынцам і бел-чырвона-белай стужкай. Міліцыянты падчас складання пратаколу забралі ў актывіста тэлефон і сказалі, што аддадуць яго толькі пасля аплаты штрафу, які прызначыў суд.

У Беларусі двух адвакатаў пазбавілі ліцэнзіі, чатырох прызналі недастаткова кваліфікаванымі. Таццяну Лішанкову і Дзмітрыя Пігуля – пазбавілі ліцэнзіяў за «дысцыплінарныя спагнання ў выглядзе выключэння з калегіі за здзяйсненне правін, не сумяшчальных са званнем адваката». Па выніках атэстацыі камісія пастанавіла, што Аксана Белая, Наталля Волкава, Вольга Дзямідчык і Сяргей Дзем’янчук па рашэнні камісіі не могуць выконваць свае прафесійныя абавязкі праз недастатковую кваліфікацыю.

Алена Рувіна belsat.eu

 

Стужка навінаў