Прысуд пенсіянерцы і няспынная помста за пратэсты. Рэпрэсіі 23 жніўня


У Баранавічах 63-гадовай жанчыне прызначылі чатыры гады «хатняй хіміі», а для палітвязня Арцёма Лябедзькі пракурор запатрабаваў 3,5 года калоніі. Пра гэта – у чарговым аглядзе «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Luis Quintero / Pexels

Жанчына абурылася штрафам для дачкі за адсутнасць флікера і трапіла пад крымінальны пераслед. Інцыдэнт адбыўся ў Лоеўскім раёне. Інспектар ДПС спыніў дзяўчыну, якая без святлоадбівальніка ішла па дарозе. Падчас складання пратакола на месцы «злачынства» з’явілася маці парушальніцы. Жанчына, паводле міліцыянтаў, «усяляк спрабавала перашкаджаць вядзенню адміністрацыйнага працэсу, здымала тое, што адбываецца, на тэлефон, эмацыйна каментавала дзеянні супрацоўніка міліцыі і давала ацэнку дзеянням праваахоўнікаў агулам».

За гэта жанчыну спачатку аштрафавалі на 185 рублёў за непадпарадкаванне, а 18 жніўня на яе завялі крымінальную справу за «распальванне варожасці ў дачыненні супрацоўнікаў міліцыі».

Жыхара Мазыра ў закрытым рэжыме асудзілі на 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле пратэсных артыкулаў. Такі вырак агучыў суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка, які трапіў пад санкцыі ЕЗ. Антона Хадкевіча абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых акцыях, спрыянні «экстрэмісцкай» дзейнасці і паклёпе на Лукашэнку.

Анастасія Петрачэнка.
Фота: Вясна / Telegram

Праваабаронцы даведаліся падрабязнасці суда над палітзняволенай Анастасіяй Петрачэнка, якую затрымалі пасля вяртання с Польшчы. Дзяўчыну абвінавацілі ў фінансаванні палка Каліноўскага. Суддзя Руслан Царук прызначыў ёй 3 гады калоніі.

Як стала цяпер вядома, Петрачэнка, калі была ў Польшчы, нібыта спрабавала перавесці добраахвотнікам $17 з рахунка ў беларускім банку, аднак грошы не дайшлі. У звязку з гэтым абвінавачванне перакваліфікавалі на замах на фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці. Хаця ў той час полк Каліноўскага яшчэ не быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем».

63-гадовай жыхарцы Баранавічаў далі 4 гады «хатняй хіміі» і 3700 рублёў штрафу паводле чатырох абвінавачванняў. Яніна Панасевіч нібыта абразіла Лукашэнку і паклёпнічала на яго, распаўсюджвала асабістыя звесткі паклёпнічала на міліцэйскага начальніка. Вырак вынес суддзя Мікалай Кміта.

Арцём Лябедзька ў Менскім гарадскім судзе. Менск, Беларусь. 21 жніўня 2023 года.
Фота: BELTA / Telegram

Пракурор запатрабаваў для Арцёма Лябедзькі 3,5 года пазбаўлення волі. Палітвязня абвінавачваюць у «фінансаванні экстрэмісцкага фармавання». Віны спадар Арцём не прызнаў і заявіў, што сутнасці абвінавачвання не разумее. Працэс вядзе суддзя Яўген Пісарэвіч.

Hавiны
Пракурор запатрабаваў для палітзняволенага сына Анатоля Лябедзькі 3,5 года пазбаўлення волі
2023.08.23 15:15

Сілавікі схапілі пяцёх супрацоўнікаў менскага праектнага інстытута «Белгіпразем». Раней было вядома пра затрыманне толькі пра трох работнікаў, тым ліку начальніка аддзела. Аднаго з іх прымусілі сказаць на камеру, што ён быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы і браў удзел у пратэстах.

У Менску за ўдзел у пратэстах затрымалі двух сябровак. Аліна Будай і Дар’я Агрызка зніклі з усіх сацсетак у адзін дзень, 15 жніўня. Спадарыню Аліну прымусілі сказаць, што яна зарэгістравалася ў плане «Перамога», на відэа сілавікі паказалі скрыншоты ейнай старонкі ў «Instagram» з фотаздымкамі на акцыях пратэсту.

Сябар дзяўчат Ілля Янкоўскі сам прыйшоў у ГУБАЗіК, бо ёсць на сумесных з імі фота, сцвярджаюць сілавікі.

Аліна Будай.
Фота: «Вясна» / Telegram

Стала вядома, што 29 жніўня Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыйную скаргу палітзняволенага Яўгена Меркіса. Рашэнне прыме судовая калегія пад старшынствам суддзі Уладзіміра Чаравача.

Гомельскага краязнаўцу і журналіста затрымалі ў верасні летась. Меркіса абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім, а таксама ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці. Суддзя Аляксей Хлышчанкоў прызначыў яму 4 гады калоніі.

Яўген Меркіс.
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Паліна Шарэнда-Панасюк знікла з гомельскага СІЗА. Палітзняволеную вывезлі адтуль 21 жніўня, і дзе яна цяпер, невядома. У гэты следчы ізалятар актывістку перавялі ў рэчыцкай калоніі пасля ўзбуджэння крымінальнай справы за нібыта злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы.

Палітвязня Канстанціна Залатых накіравалі адбываць прысуд у наваполацкую ПК-1. Гэта адбылося яшчэ 21 ліпеня, праз два з паловай тыдні пасля разгляду апеляцыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе. Былога дырэктара газеты «Белорусы и рынок» асудзілі на 4 гады паводле чатырох артыкулаў. Яго ўлучылі і ў «тэрарыстычны», і ў «экстрэмісцкі» спіс.

Канстанцін Залатых.
Фота: Беларусы і рынак

З Нацыянальнага гістарычнага архіва звальняюць 8 чалавек, даведалася «Наша ніва». У пятніцу ў іх апошні працоўны дзень. Звальняюць пераважна тых, хто нядаўна патрапіў пад затрыманні і ператрусы. Зачыстку ва ўстанове распачалі цягам дзесяці дзён пасля прызначэння новага дырэктара. 14 жніўня архіў узначаліў колішні супрацоўнік міністэрства юстыцыі і КДБ Міхаіл Глушакоў. А ўжо 16 жніўня сілавікі затрымалі сямёх работнікаў.

Інфармацыйныя рэсурсы «Вясна/Правы чалавека ў Беларусі» прызнаныя «экстрэмісцкім фармаваннем». Цяперашнія ўлады палічылі, што праваабаронцы «арганізоўваюць дзейнасць па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асобаў».

Hавiны
Інфармацыйныя рэсурсы «Вясна/Правы чалавека ў Беларусі» прызнаныя «экстрэмісцкім фармаваннем»
2023.08.23 11:31

Папоўніўся пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Туды ўлучылі старонкі ў сацсетцы «ВКонтакте» гурта «Дай Дарогу», а таксама акаўнты «Budzma Razam» і «Юрий Станцель», старонку «Рудабельская паказуха» у сацсетцы «Одноклассники» і сайт ды сацсеткі крамы «Адметнасць/Admietnasc».

Hавiны
Экстрэмісцкае фармаванне «Хватит бояться!» і экстрэмісцкія матэрыялы «Грустного Коленьки»
2023.08.23 00:05

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў