Пракурор запатрабаваў для палітзняволенага сына Анатоля Лябедзькі 3,5 года пазбаўлення волі


Судовы працэс супраць Арцёма Лябедзькі, сына палітыка Анатоля Лябедзькі, ідзе ў Менскім гарадскім судзе. Пракурор запатрабаваў для палітвязня 3,5 года калоніі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Арцём Лябедзька з дачкою.
Фота: Анатоль Лябедзька / Facebook

Арцёма Лябедзьку абвінавачваюць паводле арт. 361-2 КК РБ («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання»). Разгляд справы ў судзе пачаўся 21 жніўня, вядзе яго суддзя Яўген Пісарэвіч.

У матэрыялах справы пазначана, што фігурант нібыта пераводзіў грошы тром арганізацыям са свайго банкаўскага рахунку і з дапамогаю мабільнай праграмы. Акрамя таго, як сцвярджае следства, былі плацяжы праз унутраную сістэму Facebook.

Арцём на судзе не прызнаў віны і заявіў, што яму зусім няясная сутнасць выстаўленых абвінавачванняў і ён не разумее, за што ён на лаве падсудных. Палітвязень даваў паказанні ў форме адказаў на пытанні дзяржаўнага абвінаваўцы.

Арцёма Лябедзьку затрымалі ў сакавіку. Двойчы яму прызначылі 15 содняў арышту, а пасля выставілі абвінавачванне паводле крымінальнага артыкулу.

Праваабаронцы прызналі мужчыну палітзняволеным.

Прысуд Арцёму Лябедзьку будзе абвешчаны ў чацвер, 24 жніўня.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», станам на 23 жніўня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1489 чалавек.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў