Пастанова ўраду: беларусы павінны прасіць дазволу, каб выехаць на сталае месца жыхарства за мяжу


Савет Міністраў Беларусі апублікаваў пастанову, якая вызначае парадак атрымання дазволу для грамадзянаў, якія хочуць выехаць за мяжу на сталае месца жыхарства. Паводле дакументу, грамадзянін мусіць падаць адпаведную заяву ў аддзеле грамадзянства і міграцыі, а гэты орган пасля правярання можа даць дазвол або забараніць выезд.

Беларускі пашпарт. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Пастанову № 798 «Аб афармленні грамадзянам выезду для сталага пражывання» Савет міністраў апублікаваў 23 лістапада. Дакумент вызначае парадак разгляду аддзеламі грамадзянства і міграцыі заяваў грамадзянаў аб афармленні выезду для сталага побыту за межамі Беларусі.

Цяпер улады Беларусі патрабуюць, каб грамадзяне, якія хочуць стала выехаць за мяжу, звярталіся ў аддзел міграцыі з адпаведнай заявай. Гэты орган цягам 20 дзён разглядае заяву і праводзіць правяранне. У выніку можа забараніць выезд на сталае месца жыхарства.

Рашэнне аб забароне на выезд можа быць прынятае, калі грамадзянін не выканаў падатковых абавязкаў, не спыніў дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, мае запазычанасці за аліменты ці не кампенсаваў выдаткаў дзяржавы на выхаванне няпоўнагадовых дзяцей. Аддзел грамадзянства і міграцыі запытвае таксама згоду на дазвол у ваенкамаце, правярае, ці не фігуруе прозвішча заяўніка ў банку правапарушэнняў і ці не мае ён абмежавання права на выезд.

Калі ўсё ў парадку, у пашпарт грамадзяніна будуць ставіць адмысловую адзнаку аб дазволе на выезд для сталага побыту за мяжой.

Дзяржорганы павінны прыняць рашэнне цягам 15 дзён пасля атрымання адказаў на запыты правярання. У дзень атрымання рашэння аддзел яшчэ раз правярае, ці не мае чалавек абмежаванняў на выезд. Пасля гэтага цягам трох дзён мусяць апавясціць аб сваім рашэнні заяўніка.

Новая пастанова ўраду набыла моц 23 лістапада – у дзень апублікавання дакументу.

Hавiны
У Беларусі не даведаюцца пра карту паляка праз візу. Польшча рыхтуе візавыя змены
2023.11.20 17:09

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў