Беларускія пашпарты за мяжой, «справа малочнікаў» і дазвол на рэкламу алкаголю. Галоўныя падзеі ў малюнках


Нямеччына абяцае знайсці выйсце з праблемы, якую стварылі беларусам за мяжой улады, а ўлады тым часам распачынаюць чарговую гучную карупцыйную справу і актыўна перакройваюць заканадаўства. Плануецца, што ў хуткім часе паляўнічым дазволяць са сваёй зброяй абараняць краіну,  на тэлебачанні з’явіцца рэклама алкаголю, а таксісты пачнуць збіраць інфармацыю пра сваіх пасажыраў. За гэтымі ды іншымі гучнымі падзеямі разам з «Белсатам» сочыць мастак Дэ Лёс

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

Падчас свайго візіту ў Нямеччыну абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская абмеркавала ў МЗС гэтай краіны лёс тых беларусаў, тэрмін дзеяння пашпартоў якіх хутка скончыцца і якія не маюць магчымасці паехаць у Беларусь праз пагрозу быць затрыманымі. Як яна распавяла пасля беларусам Берліну, прадстаўнікі міністэрства запэўнілі яе, што Нямеччына будзе прызнаваць нават пратэрмінаваныя беларускія пашпарты, будзе шукаць магчымасць працягваць тэрміны відаў на жыхарства і выдаваць пашпарты замежніка. Абраная прэзідэнтка таксама прасіла не патрабаваць ад беларусаў апастылю, які, як і новыя пашпарты, дзяржава адмовілася выдаваць ім за мяжою.

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

Сілавікі ў Беларусі нярэдка распачынаюць маштабныя тэматычныя справы, напрыклад, «справу медыкаў» і «цукровую справу». Падобна да таго, што хутка пачнецца чарговая гучная справа – цяпер «малочная». Па ёй ужо пачаліся першыя затрыманні і аб выкрытай карупцыйнай схеме на прыкладзе магілёўскага прадпрыемства «Бабушкина крынка» распавёў Аляксандр Лукашэнка.

Дарэчы, ён упэўнены, што карупцыйная схема не магла рэалізоўвацца без удзелу дзяржаўных органаў, і паведаміў, што «там свецяцца і чальцы ўраду».

Агляд
Пасля «наезду» на малочнікаў узяліся даіць маршрутнікаў. Што вядома аб гучных справах?
2023.11.16 08:10

У сваю чаргу Камітэт дзяржаўнай бяспекі расказаў, што па справе было затрымана 26 чалавек, з іх 15 арыштаваныя, а сетка пасярэднікаў зарабляла не менш за 10 млн долараў на год. Сярод фігурантаў справы былы дырэктар «Бабушкиной крынки» Генадзь Скітаў, які нібыта «замкнуў на сябе фінансавыя плыні», і ягоны знаёмы, кіраўнік афіляваных кампаніяў Уладзімір Сіруць. Яны, як сцвярджаецца, праз падкантрольныя кампаніі ў Расеі прадавалі прадукцыю з мінімальнай нацэнкай, да канчатковага спажыўца прадукцыя даходзіла ўжо за вышэйшую цану, а дзяржава недаатрымлівала падаткі.

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

Былы міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч цяпер кіруе Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў. На новай пасадзе ён ужо адзначыўся вялікай колькасцю новых ініцыятываў. Напрыклад, прапанаваў выключыць з Чырвонай кнігі мядзведзя, бо іх нібыта так многа, што яны пачынаюць несці пагрозу для людзей. Замнога ў Беларусі, на яго думку, і зуброў, і таму надышла чарга ўзаконіць іх адстрэл не адзінкамі, а «дзясяткамі». Гэтыя прапановы пакуль што не падтрымліваюць навукоўцы.

Агляд
Даў дзецям у рукі зброю, рыхтуе стралкоў для абароны рэжыму. Якая роля Шуневіча ў сістэме Лукашэнкі
2023.09.07 17:54

Тым часам Шуневіч у інтэрв’ю газеце «СБ. Беларусь сегодня» заявіў, што сябры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў у выпадку неабходнасці прымуць удзел у любых дзеяннях, накіраваных на абарону дзяржавы. Паляўнічы – гэта прафесіянал сваёй справы, у якога ёсць стралковы вопыт, экіпіроўка і абсталяванне (оптыка, у тым ліку начная, патроны, цеплавізійнае абсталяванне) і чалавек, які не баіцца крыві.

Таму «паляўнічыя, якія не будуць прызваныя на службу ў парадку, вызначаным ваенкаматамі, безумоўна, прымуць удзел у любых дзеяннях, неабходных для абароны дзяржавы. Выкарыстоўваючы і свае навыкі, і экіпіроўку, і зброю. Пра гэта таксама мы сёння гаварылі. Тут выключэнняў не будзе ніякіх», – распавёў ён змест перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам.

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

У Беларусі плануюць унесці змены ў закон аб рэкламе. Адпаведны законапраект ужо апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале. Для таго, каб ён пачаў дзейніцаць, яго павінен прыняць парламент і падпісаць Лукашэнка. Тое, што яны не пагодзяцца, у беларускіх рэаліях амаль немагчыма.

Сярод іншага, дакумент прапаноўвае дазволіць рэкламу алкаголю на тэлебачанні і радыё з 22:00 да 07:00. Пакуль яна забароненая. Рэкламе гульнёвых установаў і азартных гульняў плануецца дадаць яшчэ адну гадзіну: калі дакумент будзе прыняты, такая рэклама можа быць у эфіры не з з 22:00, як зараз, а з 21:00. Такія ж умовы для рэкламы слабаалкагольных напояў і піва.

Малюнак Дэ Лёс / Белсат

Яшчэ адна галіна, якую чакаюць змены – пасажырскія перавозкі. Яе будучыню абмяркоўвалі на нарадзе ў Лукашэнкі 14 лістапада.

Ужо падрыхтаваны праект Указа, якім будуць унесеныя змены. Ён прадугледжвае стварэнне дзяржаўнага рэестра пасажырскіх аўтаперавозак у нерэгулярных зносінах – гаворка ў тым ліку пра маршруткі і таксоўкі. Туды будуць улучаць звесткі пра перавознікаў і транспартавыя сродкі, а таксама аб кіроўцах і дыспетчарах. Працаваць дазволяць толькі тым, хто трапіць у гэтую базу. Весці рэестр будзе транспартавая інспекцыя міністэрства транспарту, а доступ да інфармацыі атрымаюць «надзораныя і іншыя дзяржаўныя органы пры наяўнасці падставаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі»

Дзяржава, такім чынам, яшчэ больш пашырае свае магчымасці сачэння за грамадзянамі.

Дэ Лёс belsat.eu 

Стужка навінаў