У Беларусі хочуць дазволіць рэкламу гарэлкі на радыё і ТБ


У Беларусі плануюць унесці змены ў закон аб рэкламе. Адпаведны законапраект апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале, але яшчэ мае быць прынятым у парламенце і пасля падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гарэлка «Менск Крышталь».
Фота: belta.by

У прыватнасці, дакумент прапаноўвае дазволіць рэкламу алкаголю на тэлебачанні і радыё з 22:00 да 07:00. Пакуль яна забароненая. А рэкламе гульнёвых установаў і азартных гульняў плануецца дадаць яшчэ адну гадзіну: цяпер такая рэклама можа быць у эфіры з 22:00, але можна будзе з 21:00. Такое ж абмежаванне будзе дзейнічаць і для слабаалкагольных напояў і піва.

Пры гэтым плануецца забараніць перапыненне рэкламаю праграмаў, якія ідуць менш як 15 хвілін. Аднак у такіх перадачах рэклама зможа быць у выглядзе бягучага радка. Таксама час рэкламы, што ідзе на радыё і ТБ з 18:00 да 22:00, скароціцца з сумарных 18 да 16 хвілінаў.

Апроч таго, чыноўнікі прапаноўваюць дазволіць размяшчаць рэкламу на вокнах цягнікоў у менскім метро. Карэктуюцца некаторыя нормы, што датычаць размяшчэння рэкламы на будынках.

У той час як рэклама алкаголю атрымае доступ на радыё і тэлебачанне, магчымасці рэкламаваць безалкагольнае піва і безалкаольныя піўныя напоі скароцяцца. Гэтак, такія абвесткі нельга будзе змяшчаць ва ўстановах адукацыі, спорту, медыцыны, культуры, у шэрагу спецыялізаваных медыяў. Замацоўваюцца і іншыя абмежаванні для рэкламы такіх напояў.

Пры гэтым прапаноўваецца даць прэзідэнту паўнамоцтвы ўсталёўваць іншыя абмежаванні на рэкламу піва, слабаалкагольных напояў, безалкагольнага піва і безалкагольных піўных напояў. Таксама яму надаюцца і іншыя паўнамоцтвы ў сферы рэкламы.

Апроч таго, распаўсюднікаў рэкламы могуць забавязаць на патрабаванне дзяржаўных органаў размяшчаць у сябе сацыяльную рэкламу.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў