«Машын стане менш, паездкі падаражэюць». Як паўплывае на працу таксі новы ўказ Лукашэнкі


14 лістапада Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узмацніць кантроль у галіне пасажырскіх перавозак, загадаў выпрацаваць «адзіныя правілы гульні». Адразу ж пасля гэтай нарады КДБ абвесціў пра затрыманне больш як 20 «маршрутнікаў». А што чакае таксі? Разбіралася «Радыё Свабода».

Таксі ў Менску, Беларусь. 9 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Праект указу, датычнага працы таксі, з’явіўся яшчэ 8 чэрвеня. Гэты дакумент прадугледжвае:

  • Стварэнне «рэестру аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах». У яго хочуць уключыць усіх дыспетчараў, перавозчыкаў, кіроўцаў і транспартныя сродкі. Калі перавозчык не ў рэестры – ён працуе незаконна. Каб трапіць у рэестр, трэба плаціць. За адну машыну дзве базавыя велічыні (74 рублі). За аднаго кіроўцу – адна (37 рублёў). За дыспетчара – 100 базавых (3700 рублёў).
  • Усталяванне для кіроўцаў абавязковых відэярэгістратараў у салоне, каб была відэяфіксацыя працэсу перавозкі. Гэтыя запісы ў любы момант могуць запатрабаваць сілавікі і кантрольныя органы.
  • Абавязковую рэгістрацыю юрыдычнай асобы ў Беларусі для замежных кампаній. І выкарыстанне беларускіх інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў (сервераў) для забеспячэння дзейнасці.

Найбольш папулярны агрэгатар таксі ў Беларусі – «Яндэкс-таксі». У гэтай фірме сцвярджаюць, што юрасобу ў Беларусі ўжо зарэгістравалі і інфармацыйны рэсурс таксама размясцілі на тэрыторыі нашай краіны, як таго і патрабуе Лукашэнка.

«Мы адпавядаем заяўленым патрабаванням: доступ да сэрвісу «Яндэкс Go« у Беларусі даўно прадстаўляецца беларускай юрыдычнай асобай, а інфармацыйны рэсурс знаходзіцца ў нацыянальным сегменце інтэрнэту і прайшоў адпаведную рэгістрацыю», – паведамілі ў сэрвісе.

У Менску працягваюць працаваць традыцыйныя службы таксі: 135, 107, 152. Іх кіроўцаў і цяпер абавязвае агляд лекара і механіка перад выездам. У «Яндэкс-таксі» дагэтуль такога патрабавання не было. Выглядае, што новыя правілы закрануць і кіроўцаў гэтага сэрвісу. Чым гэта можа пагражаць, «Радыё Свабода» распавялі таксісты.

«Будзе шмат выдаткаў, стане складаней падпрацоўваць. У «Яндэкс-таксі« працуе шмат людзей, якія маюць іншую працу, а гэта проста падпрацоўка. Машын стане менш і добра ад новаўвядзенняў нікому не будзе. Паездка таксама, хутчэй за ўсё, падаражэе», – расказвае таксіст.

На рост цэнаў, паводле суразмоўцы, паўплывае неабходнасць праходзіць агляд лекараў, механіка, траціцца на пошліны і камеры паўплывае на рост цэнаў, мяркуе кіроўца.

Агляд
Пасля «наезду» на малочнікаў узяліся даіць маршрутнікаў. Што вядома аб гучных справах?
2023.11.16 08:10

Паводле другой крыніцы, «Яндэкс-таксі» ад змяненняў нікуды не падзенецца. Аднак кіроўцы, якія раней свабодна падпрацоўвалі з дапамогай сэрвісу, больш не будуць мець адносна лёгкага прыбытку.

Паводле прадстаўніка Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) Юрыя Козікава, новы праект указу мае «вялікую колькасць неўрэгуляваных пытанняў». А яго прыняцце прывядзе да выдаткаў з боку перавозчыкаў.

«Для перавозчыкаў і дыспетчараў новыя нормы – гэта дадатковыя арганізацыйныя і фінансавыя выдаткі, напэўна даволі істотныя, дадатковыя механізмы кантролю і забароны дзейнасці з боку дзяржавы. Для кіроўцаў – рызыка забароны дзейнасці ў выпадку выключэння з рэестру перавозчыкаў, дадатковы кантроль перасоўвання. Для карыстальніка – дадатковы кантроль перамяшчэння з боку дзяржавы, перадача звестак сілавым структурам, узрастанне тарыфаў; магчыма, праблемы з інфармацыйнымі сэрвісамі», – кажа Юры Козікаў.

Новы ўказ, які рэгулюе працу таксі, мусіць запрацаваць з другога паўгоддзя 2024 года.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў