На былога палітвязня Іллю Міронава завялі новую крымінальную справу


У дачыненні былога палітзняволенага і актывіста з Гомля Іллі Міронава распачалі новую крымінальную справу. Пра гэта паведаміла ў Facebook маці мужчыны.

Ілля Міронаў.
Фота: Ілля Міронаў / Facebook

«Заўтра мяне выклікаюць у СК у якасці сведкі. На Іллю завялі новую крымінальную справу. Не бяруся публікаваць нумары артыкулаў, бо дакладнай інфармацыяй не валодаю», – напісала маці былога палітвязня Валянціна Міронава.

Яна адзначае, што «сілавікі» апошнім часам пачалі яе наведваць яшчэ актыўней – «прыходзяць два разы на дзень», хоць добра ведаюць, што ейнага сына ўжо няма ў Беларусі.

Ілля Міронаў быў затрыманы ў верасні 2021 года і асуджаны на паўтара года калоніі за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 КК) у «справе Зельцара». У кастрычніку 2022 года яго вызвалілі ў залі суда, бо Ілля цалкам адбыў прызначаны тэрмін у СІЗА Гомля. Ужо па вызваленні яго 5 разоў затрымлівалі паводле адміністратыўных справаў (арт. 19.11 КаАП), ён правёў за кратамі яшчэ 58 содняў. 11 чэрвеня 2023 года актывіст быў вымушаны пакінуць Беларусь.

Ілля Міронаў – валанцёр, музыка, арганізатар канцэртаў з Гомля. Аўтар славутай ініцыятывы «Пішыце лісты», у межах кампаніі сам напісаў больш за 3000 лістоў палітвязням. Цяпер былы палітвязень піша аўтабіяграфічную кнігу. Ягоныя нататкі, напісаныя за кратамі, і верш «Думаеце, такога не бывае?» былі нядаўна адзначаныя прэміяй імя Францішка Аляхновіча.

Інтэрв’ю
Былы палітвязень Ілля Міронаў: Азаронак, будзеш сядзець без лістоў – і тады зразумееш
2023.06.15 23:09

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў