У Беларусі ўводзяцца дадатковыя праверкі пры прыёме на працу. Каго яны датычаць?


Пры прыёме на шэраг дзяржаўных пасадаў кандыдатаў будуць правяраць на наяўнасць судзімасцяў, у тым ліку пагашаных, здзяйсненне дзеянняў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, зварот у замежныя кампетэнтныя органы па грамадзянства ці іншыя дакументы, якія даюць пэўныя ільготы на падставе нацыянальнасці (імаверна, маецца на ўвазе «карта паляка»).

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Shutterstock

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 23 верасня з’явілася пастанова Савету Міністраў Беларусі «Аб арганізацыі праверкі звестак пра кандыдатаў на асобныя пасады службоўцаў, якія не з’яўляюцца дзяржаўнымі цывільнымі пасадамі».

Паводле пастановы, праверка будзе здзяйсняцца ў дачыненні кандыдатаў на пасады:

  • працаўнікоў, якія здзяйсняюць забеспячэнне дзейнасці і тэхнічнае абслугоўванне апарату Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, абласных, Менскага гарвыканкаму, гарадскіх раённых выканкамаў, мясцовых адміністрацыяў раёнаў у гарадах;
  • супрацоўнікаў апаратаў арганізацыяў, падпарадкаваных ураду;
  • супрацоўнікаў апарату Упаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў;
  • кіраўнікоў і намеснікаў кіраўнікоў, кіраўнікоў кадравых службаў арганізацыяў, маёмасць якіх застаецца ў рэспубліканскай уласнасці, дзяржаўных супольнасцяў, больш 50 % акцыяў ці доляў ва ўстаўным фондзе якіх застаецца ва ўласнасці Беларусі, якія ўваходзяць у склад арганізацыяў, падпарадкаваных ураду;
  • старшыняў і намеснікаў старшыняў праўлення абласных саюзаў спажывецкіх таварыстваў, абласных спажывецкіх таварыстваў.
Hавiны
За месяц Беларусь страціла больш за тысячу працаўнікоў
2023.08.29 10:14

Падчас правядзення праверкі «вывучэнню і аналізу падлягаюць наступныя абставіны»:

  • праўдзівасць пададзеных кандыдатам на пасаду звестак;
  • наяўнасць у кандыдата на пасаду судзімасці, у тым ліку знятай ці пагашанай ва ўстаноўленым парадку ці прыцягнення яго ў якасці абвінавачанага ці падазраванага ў крымінальнай справе, якая не разглядалася судом, а таксама іншыя звесткі аб правапарушэннях, якія захоўваюцца ў адзіным дзяржаўным банку звестак аб правапарушэннях у дачыненні кандыдата;
  • здзяйсненне кандыдатам на пасаду дзеянняў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы Беларусі;
  • інфармацыя пра невыкананне кандыдатам на пасаду абмежаванняў, вызначаных заканадаўствам аб барацьбе з карупцыяй, здзяйсненне ім правапарушэння, якое стварае ўмовы для карупцыі, ці карупцыйнага правапарушэння;
  • звальненне кандыдата на пасаду на падставах, якія прызнаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам дыскрэдытоўнымі;
  • парушэнне кандыдатам на пасаду абмежаванняў, звязаных з дзяржаўнай цывільнай службай, вайсковаю службай, службай у ваенізаваных арганізацыях;
  • парушэнне кандыдатам на пасаду заканадаўства аб дзяржаўных таямніцах;
  • зварот кандыдата на пасаду ў падраздзяленне грамадзянства і міграцыі ў пытаннях выезду за мяжу на ПМЖ ці ў кампетэнтныя органы замежных дзяржаваў па атрыманне грамадзянства, а таксама дакументаў, якія даюць права на ільготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі ці нацыянальнай прыналежнасцю;
  • здзяйсненне кандыдатам на пасаду выезду з Беларусі ці ўезду ў Беларусь з парушэннем заканадаўства.

Праверку будуць праводзіць органы дзяржбяспекі і ўнутраных справаў. Па выніках праверкі будзе прымацца рашэнне аб прыёме на працу.

Пастанова набывае моц пасля афіцыйнага апублікавання – 23 верасня.

А пакуль прымаюцца законы пра чарговыя праверкі, у Беларусі расце дэфіцыт кадраў. Паводле Белстату, у ліпені ў эканоміцы былі занятыя 4 147 000 асобаў. Гэта на тысячу меней, чымся было ў чэрвені. З пачатку года Беларусь страціла 26 000 работнікаў.

Hавiны
«Палітычным», сілавікам і чыноўнікам абмежавалі выезд з Беларусі
2023.05.16 09:31

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў