«Палітычным», сілавікам і чыноўнікам абмежавалі выезд з Беларусі


16 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі праўкі ў Закон аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Дакумент абмяжоўвае права на выезд з краіны адразу некалькім катэгорыям грамадзянаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Svaboda.org

Паводле апублікаваных змяненняў, КДБ зможа на тэрмін да паўгода абмяжоўваць выезд як тым, хто стаіць на прафілактычным уліку ў органах дзяржаўнай бяспекі, гэтак і тым, чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі». Сярод іншага выезд забароняць тым, у дачыненні каго вядзецца адміністратыўны працэс за правапарушэнні супраць парадку кіравання: непадпарадкаванне патрабаванню міліцыянтаў, парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых акцыяў ды іншыя.

Абмяжоўвае дакумент і выезд за мяжу найвышэйшых чыноўнікаў. Цяпер зрабіць гэта яны змогуць толькі пасля ўзгаднення з Аляксандрам Лукашэнкам. У прыватнасці, абмежаванні датычаць старшыняў абласных і Менскага гарадскога выканкамаў, начальнікаў Службы бяспекі прэзідэнта і Аператыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзідэнту, старшыні КДБ, міністраў унутраных і замежных справаў, абароны і надзвычайных сітуацыяў, старшыняў памежнага, мытнага і следчага камітэтаў, Камітэту судовых экспертызаў і начальніка Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Выезд з Беларусі кіраўнікоў дзяржаўных органаў, дзяржаўных арганізацыяў і работнікаў, адказных за забеспячэнне дзейнасці і тэхнічнае абслугоўванне дзяржаўных органаў, якія маюць допуск да дзяржаўных сакрэтаў, будзе вызначаць урад, а сілавікоў і вайскоўцаў – «лакальны прававы акт» адпаведных ведамстваў.

Таксама зазначанай катэгорыі грамадзянаў могуць адмовіць у выездзе «дзеля забеспячэння інтарэсаў нацыянальнай бяспекі да спынення абставінаў, якія перашкаджаюць іх выезду». Пры наяўнасці ў гэтых асобаў біяметрычнага пашпарта на час службы яны мусяць перадаць яго ў кадравую службу сваёй арганізацыі.

Забарона для «палітычных» набывае моц праз шэсць месяцаў, а іншыя палажэнні – пасля афіцыйнага апублікавання закону.

Разбор
«Здрада Лукашэнку, а не Беларусі». Новы закон уводзіць смяротнае пакаранне для чыноўнікаў
2023.03.14 21:43

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў