Беларускія чэмпіёны – хто яны?


Рэальнасць такая, што цяпер дасягнуць поспеху беларускія спартоўцы могуць толькі за мяжой, і ў гэтым сезоне нашыя землякі ў складзе замежных клубаў шмат чаго дабіліся: станавіліся чэмпіёнамі розных краінаў і здабывалі міжнародныя трафеі.

Прапаноўваем згадаць пераможцаў.

Арцём Каралёк, гандбол, 27 гадоў, «Кельцэ», Польшча

Дасягненні сезону 2022/23: чэмпіён Польшчы, фіналіст Лігі чэмпіёнаў, найлепшы лінейны чэмпіянату Польшчы.

На сёння Каралёк – топавы беларускі спартовец. Больш за тое, ён рашуча асудзіў вайну ва Украіне і выступаў супраць гвалту ў нашай краіне, актыўна падтрымліваў беларускі народ. Заяўляў, што не падтрымлівае рэжыму Лукашэнкі, але прыязджаў у нацыянальную гандбольную зборную.

Арцём Каралёк падчас матчу PGNiG Superliga у горадзе Кельцэ, Польшча. 2 кастрычніка 2022 года.
Фота: Grzegorz Ksel / Reporter / East News

У гэтым сезоне ў клубу Каралька, «Кельцаў», узніклі праблемы з грашыма, ад фінансавання каманды адмовілася кампанія «Łomża», але клуб знайшоў новага спонсара – вытворцу паркету «Barlinek SA». Па завяршэнні сезону Арцём планаваў перайсці ў «Барсэлону», але ў той таксама ўзніклі фінансавыя праблемы, і беларус надумаў застацца ў Польшчы, дзе гуляе з 2018 года. Гэтым разам «Кельцэ» зноў зрабіўся наймацнейшым клубам краіны, а Каралька трэці раз прызналі найлепшым лінейным у польскім чэмпіянаце. А вось Кубка Польшчы ўзяць не ўдалося, у фінале клуб беларуса саступіў галоўнаму суперніку – плоцкай «Вісле». Таксама Каралёк гуляў у фінале Лігі чэмпіёнаў, але тут ягоны клуб чакала трагедыя: ён саступіў усяго мяч нямецкаму «Магдэбургу». А наш Каралёк не можа перамагчы ўжо ў трох фіналах самага галоўнага клубнага гандбольнага турніру свету. Адзначым, што беларус намінаваны на званне найлепшага лінейнага сезону 2022/23 у Еўропе.

Барыс Пухоўскі, гандбол, 36 гадоў, «Вайводына», Сербія

Дасягненні сезону 2022/23: уладальнік Кубка ЕГФ, чэмпіён Сербіі, фіналіст Кубка Сербіі.

Барыс Пухоўскі (у цэнтры) падчас матчу 12-га тура групы В мужчынскай гандбольнай Лігі чэмпіёнаў у Вэспрэме, Вугоршчына. 17 лютага 2021 года.
Фота: Tamas Vasvari / MTI / AP / East News

Яшчэ адзін гандбаліст, які не падтрымлівае рэжыму Лукашэнка і адкрыта выступіў супраць вайны ва Украіне. І тут няма нічога дзіўнага: Пухоўскі сем гадоў гуляў за ўкраінскі «Матор», і Запарожжа зрабілася для беларуса родным домам. У прыватнасці, Пухоўскі казаў: «Вельмі спадзяюся, што адэкватныя ўкраінцы разумеюць, якая ў Беларусі сітуацыя. Мы паказалі ўсёй Еўропе, чаго мы жадаем». А таксама: «Калі ты жывеш на сваёй зямлі, а да цябе ўломваюцца і пачынаюць паліць, аб чым гэта кажа? Гэта называецца вайной? Сёння страляюць ва ўкраінскі дом».

Нягледзячы на салідны ўзрост, Барыс быў адным з лідараў найлепшага клубу Сербіі, які дзясяты раз выгуляў чэмпіянат краіны і здабыў міжнародны трафей – Кубак ЕГФ.

Кацярына Сныціна, баскетбол, 37 гадоў, «Лондан Лаянз», Вялікая Брытанія

Дасягненні сезону 2022/23: чэмпіёнка Вялікай Брытаніі, уладальніца Кубка Вялікай Брытаніі ды Кубка Брытанскай лігі.

Кацярына Сніцына падчас матчу «London Lions» у Лондане, Вялікая Брытанія. 3 лістапада 2022 года.
Фота: fiba.basketball

Адна з сапраўдных гераінь для беларускага народу, прызёрка чэмпіянату Еўропы, удзельніца Алімпійскіх гульняў, у 2020 годзе смела выйшла супраць гвалту разам са сваім народам. У выніку Кацярына, як і шматлікія беларусы, не можа вярнуцца дадому. Сныціна не толькі працягвае крута гуляць у баскетбол, але і актыўна бярэ ўдзел у розных акцыях, якія ладзяць беларускія дыяспары.

Сныціна адразу зрабілася адной з лідарак «ільвіц», стабільна набіраючы дзясятак пунктаў за матч, а часам нават атрымліваючы капітанскую нашыўку. У сезоне «Лондан Лаянз» удалося выканаць практычна ўсе пастаўленыя задачы. На ўнутранай арэне клуб сабраў усе магчымыя тытулы, перамогшы ў чэмпіянаце, Кубку краіны і Кубку Брытанскай лігі.

Мікіта Вайлупаў, гандбол, 27 гадоў, «Вэспрэм», Вугоршчына

Дасягненні сезону 2022/23: чэмпіён і ўладальнік Кубка Вугоршчыны, пераможца СЭГА-лігі.

Мікіта Вайлупаў дае каментары СМІ пасля гандбольнага матчу паміж Нямеччынай і Беларуссю. Браціслава, Славакія. 14 студзеня 2021 года.
Фота: Axel Heimken / kolektiff / imago sport / Forum

Калі Мікіта гуляў у Беларусі за «Мяшкоў» (Берасце), ён не выказваўся наконт сітуацыі ў Беларусі і свеце. Але ў Вугоршчыне адразу асудзіў расейскую агрэсію супраць Украіны. Першы сезон за мяжой у Вайлупава выйшаў вельмі ўдалым, беларус стаў адным з лідараў топавага гандбольнага клубу. Па прыездзе Мікіты «Вэспрэм» перамог у СЭГА-лізе, а потым вярнуў сабе Кубак і чэмпіёнства Вугоршчыны, якое праз два гады ўдалося адабраць у «Піку».

Павел Міскевіч, гандбол, 25 гадоў, «Вэстманнаэяр», Ісландыя

Дасягненні сезону 2022/23: чэмпіён Ісландыі.

У жніўні 2020 года Міскевіч планаваў вярнуцца ў менскі «Віцязь», але ўся каманда падтрымала беларускі народ, за што клуб быў жорстка пакараны Беларускай федэрацыяй гандболу. «Віцязь» быў дыскваліфікаваны з усіх спаборніцтваў пад эгідай БФГ. Павел паехаў у мінорныя дывізіёны Іспаніі, пакуль не перабраўся ў Ісландыю, дзе брамнік і зрабіўся чэмпіёнам.

Іван Мацкевіч, гандбол, 31 год, АЭК, Грэцыя

Дасягненні сезону 2022/23: чэмпіён Грэцыі.

Іван Мацкевіч (злева) падчас гандбольнага матчу ў рамках Кубка Еўропы ў Швецыі. 11 снежня 2022 года.
Фота: JÖRgen Jarnberger / Zuma Press / Forum

Іван Мацкевіч прыехаў у Афіны з «Мяшкова» (Берасце) і зноў стаў чэмпіёнам і лідарам каманды. Але, на жаль, грамадзянскай пазіцыі ў брамніка няма: ён ніяк не адрэагаваў ані на пратэсты 2020 года, ані на вайну ва Украіне.

Аляксей Шпілеўскі, футбол, 35 гадоў, «Арыс», Кіпр

Яўген Яблонскі, футбол, 28 гадоў, «Арыс», Кіпр

Арцём Шуманскі, футбол, 18 гадоў, «Арыс», Кіпр

Дасягненні сезону 2022/23: чэмпіёны Кіпру.

Аляксею Шпілеўскаму ўсяго 35 гадоў, але ён як трэнер прывёў да чэмпіёнства клубы ў дзвюх краінах. Спачатку з «Кайратам» выгуляў чэмпіянат Казахстану, а цяпер з «Арысам» – чэмпіянат Кіпру. Пад ягоным кіраўніцтвам гулялі двое беларусаў: падпісант праўладнага ліста Яўген Яблонскі і малады форвард Арцём Шуманскі.

Ілля Шкурын, футбол, 23 гады, «Макабі» (Пэтах-Тыква), Ізраіль

Дасягненні сезону 2022/23: чэмпіён Ізраілю сярод камандаў другога дывізіёну.

Ілля Шкурын (злева) падчас футбольнага матчу Лігі чэмпіёнаў УЕФА паміж ФК «Дынама» (Кіеў) і «Бенфіка» ў Кіеве, Украіна. 14 верасня 2021 года.
Фота: Genya Savilov / AFP / East News

Ілля Шкурын крута перазапусціў кар’еру ў Ізраілі. Футбаліст, які заявіў, што не будзе гуляць за Беларусь, пакуль там дыктатура, выгуляў другі дывізіён чэмпіянату Ізраілю і, забіўшы 15 галоў ува ўсіх турнірах, дапамог «Макабі» з Пэтах-Тыквы вярнуцца ў эліту ізраільскага футболу.

Аляксей Протас, хакей, 22 гады, «Гэршы Бэрз», ЗША

Дасягненні сезону 2022/23: уладальнік Кубка Колдэра.

Аляксей Протас ехаў пакараць Амерыку ў самую вялікую лігу свету, НХЛ, але апынуўся ў «Гэршы Бэрз» з АХЛ і здабыў з імі адзін з самых прэстыжных трафеяў у хакеі – Кубак Колдэра, які разгульваецца з сезону 1936/37. Раней гэты трафей атрымлівалі толькі трое ўладальнікаў беларускага пашпарта: Андрэй Касціцын, Міхаіл Грабоўскі і Франсіс Парэ.

Арына Сабаленка, тэніс, 25 гадоў

Дасягненні сезону 2022/23: другая ракетка свету, пераможца «Australian Open».

Арына Сабаленка падчас жаночага адзіночнага матчу адкрытага тэніснага турніру «Roland-Garros Open» у Парыжы, Францыя. 2 чэрвеня 2023 года.
Фота: Julien De Rosa / AFP / East News

Несумненна, сёння Арына Сабаленка – самая вядомая ў свеце беларуская спартоўка. І калі ў мінулым сезоне яна не перамагла ні ў адным турніры, то цяпер упершыню выгуляла адзін з турніраў «Вялікага шлема» – «Australian Open». Таксама другая ракетка свету перамагла ў Адэлаідзе, Мельбурне і Мадрыдзе. Яшчэ больш важнаю зрабілася грамадзянская пазіцыя Сабаленкі: дзеля асабістай выгады ёй прыйшлося адрачыся ад рэжыму Лукашэнкі. Арына заявіла: «Я не падтрымліваю вайны, гэта значыць, не падтрымліваю Лукашэнкі проста цяпер».

«Відавочна, што ўзыходная сусветная зорка Арына Сабаленка дайшла да асуджэння вайны і асабіста Лукашэнкі (на 15-ы месяц) праз настойлівасць журналістаў і для асабістай выгады, а не ад нейкай узніклай эмпатыі ў дачыненні людзей. Сабаленка паспрабавала хадзіць паміж струменьчыкаў, не пракаціла, ну і ладна. Але так гэта і мусіць працаваць. Арына хоча ўсіх належных сусветнай зорцы прывілеяў: кантрактаў з «Найкам» і іншымі сусветнымі брэндамі – а не з Беллегпрамам; запрашэнняў на статусныя падзеі – а не на аўтапрабегі з Віктарам Лукашэнкам у гонар Аляксандра Лукашэнкі. Некалі мы ўбачым яшчэ шмат такіх адрачэнняў ад дыктатара сярод удзельнікаў ягонай групы падтрымкі – калі іх асабісты баланс Risk/Reward ссунецца па-сапраўднаму. Мы з вамі да Менску не паспеем даехаць, а хтосьці з ранейшых лукашыстаў ужо на ўсю моц будзе размахваць БЧБ», – напісаў у «Фэйсбуку» стваральнік «Трыбуны» Дзмітрый Навоша.

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў