Мядзведзеў прыгразіў, што Расея выйдзе са збожжавай дамовы ў адказ на забарону экспарту


ЗША і іншыя краіны «Вялікай сямёркі» разглядаюць магчымасць практычна поўнай забароны экспарту ў Расею. Падобна, у Расеі сур’ёзна ўспрынялі пагрозу: абурыўся экс-прэзідэнт, які звычайна выказвае найбольш радыкальныя пагрозы Захаду.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адпраўка першага судна з зернем з Украіны у Басфор пасля збожжавай угоды. Адэса, Украіна. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: Сельхуда / Белсат

Паводле звестак выдання «Bloomberg», дзяржавы G7 разглядаюць змену падыходу да санкцыяў супраць Расеі за развязаную ёй вайну ва Украіне: дапускаюць, што забароняць любы экспарт у Расею, за выключэннем тых тавараў, якія экспартаваць дазволена, яны складуць асобны спіс. Крыніцы таго ж выдання распавядаюць аб планах Еўразвязу забараніць транзіт праз Расею шмат якіх тавараў. На афіцыйным узроўні пра планы такіх санкцыяў не расказвалі, а «Bloomberg» бачыла сур’ёзныя перашкоды рэалізацыі гэткіх ідэяў.

Ды старшыня партыі ўлады «Единая Россия», былы прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў жорстка адрэагаваў на агучванне гэткіх ідэяў у сваім Telegram-канале.

«У гэтым выпадку для іх скончыцца збожжавая дамова і многае іншае, у чым яны маюць патрэбу», – напісаў Мядзведзеў.

Ён заявіў, што такія санкцыі нібыта аўтаматычна прадугледжваюць забарону таксама і экспарту тавараў з Расеі. Аб такім «Bloomberg» не пісаў – толькі пра экспарт у Расею. Да таго ж, «Bloomberg» дапускаў, што пры ўвядзенні такіх санкцыяў выключэнне для экспарту ў Расею лекаў і прадуктаў харчавання.

Праз вайну Украіна пазбавілася магчымасці бяспечна транспартаваць грузы праз Чорнае мора, а большая частка ўкраінскіх партоў трапіла пад расейскую акупацыю. Украіна была буйным экспарцёрам шэрагу сельскагаспадарчых тавараў – яе называлі «жытніцай Еўропы», але экспарт ішоў і ў Азію, і ў Афрыку. Загаварылі пра пагрозу голаду ў найбяднейшых краінах свету.

Аналітыка
Вайна ва Украіне: ці прывядзе яна да дэфіцыту харчоў і голаду
2022.07.11 08:00

Арганізацыя аб’яднаных нацыяў разам з Турэччынаю сталіся пасярэднікамі ў перамовах Расеі і Украіны пра разблакаванне марскога шляху паставак. У выніку 22 ліпеня 2022 года ў Стамбуле было падпісанае пагадненне пра вываз з Украіны збожжа ды іншых харчоў праз украінскія чарнаморскія парты. Расея на наступны ж дзень парушыла дамовы і нанесла ўдар па Адэсе, але экспарт усё ж пайшоў.

У кастрычніку 2022 года Расея заявіла аб выхадзе з дамовы, але гуманітарныя калідоры пасля гэтага ўзгаднілі проста без яе – і Расея вярнулася ва ўгоду. Дамовы некалькі разоў працягвалі, апошні раз працягнулі 18 сакавіка на 60 дзён.

Ды экспарт ішоў не толькі морам і не толькі ў найбяднейшыя краіны: частка ўкраінскай сельскагаспадарчай прадукцыі трапіла на еўрапейскі рынак, што абурыла тамтэйшых фермераў і выклікала забароны на транзіт ад шэрагу краінаў.

Аналітыка
Суседзі Украіны забаранілі імпарт украінскага збожжа. Хто вінаваты і як развязаць праблему
2023.04.18 17:16

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў