Пасля таго, як Расея заблакавала ўкраінскія парты на Чорным моры, Украіна пачала экспартаваць сваё збожжа сушаю. Аднак гэта справакавала пратэсты еўрапейскіх фермераў, якія заявілі, што ўкраінскае збожжа, якое з’явілася ў краінах Еўразвязу, пазбаўляе іх прыбытку. У выніку іх урады пачалі блакаваць імпарт. Карэспандэнты «Белсату» з дапамогай экспертаў паспрабавалі разабрацца ў сітуацыі і знайсці шляхі яе развязання.
Пасля поўнамаштабнага расейскага ўварвання традыцыйныя маршруты паставак украінскага збожжа ў трэція краіны праз чарнаморскія парты былі заблакаваныя. У выніку транзітнымі шляхамі сталі суседнія краіны Еўразвязу. Аднак не ўсё ўкраінскае збожжа даходзіла да адрасата, яго, як больш таннае, сталі купляць мясцовыя кампаніі. У выніку фермеры з суседніх з Украінай краінаў сталі ладзіць акцыі пратэсту супраць транзіту ўкраінскай сельскагаспадарчай прадукцыі, заяўляючы пра страты, якія яны нясуць праз яго.
У канцы сакавіка прэм’ер-міністры Польшчы, Вугоршчыны, Румыніі, Балгарыі і Славаччыны запатрабавалі ад Еўракамісіі адмовіцца ад нулявога мыта на ўкраінскую сельскагаспадарчую прадукцыю. Аднак тая падоўжыла бязмытны ўвоз тавараў з Украіны яшчэ на год – да 5 чэрвеня 2024 года. Пры гэтым паведамлялася, што Еўракамісія можа пералічыць каля 75 мільёнаў еўраў пяці гэтым краінам для дапамогі фермерам за страты ад імпарту ўкраінскага збожжа.
З прычыны збожжавага крызісу 5 красавіка падаў у адстаўку міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Гэнрык Кавальчык. Пытанне збожжа абмяркоўвалася і падчас візіту ў Варшаву прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. А 7 красавіка міністр аграрнай палітыкі і харчавання Украіны Мікола Сольскі паабяцаў прыпыніць да новага сезону экспарт у Польшчу пшаніцы, кукурузы, рапсу і сланечніка.
Тым не менш, 15 красавіка Польшча забараніла імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны, каб абараніць польскі аграрны сектар. Пад забарону трапілі збожжа, цукар, гародніна і садавіна, хмель, малако, яйкі, мяса і іншае. Старшыня кіроўнай партыі «Закон і справядлівасць» Ярослаў Качыньскі заявіў, што Польшча застаецца «нязменным сябрам і саюзнікам Украіны», але мусіць «абараняць інтарэсы ўласных грамадзянаў».
Услед за Польшчай аналагічнае рашэнне прыняла Вугоршчына, заблакаваўшы імпарт украінскага збожжа, алейных культураў і некаторых іншых прадуктаў. Абмежаванні дзвюх краін уведзеныя да 30 чэрвеня, што, як заяўляецца, дастаткова, каб Еўразвяз здолеў развязаць гэтае пытанне.
Таксама і Славаччына спачатку 13 красавіка забараніла перапрацоўванне збожжа з Украіны і продаж прадукцыі з яго на ўнутраным рынку, а 17 красавіка наагул прыпыніла імпарт украінскага збожжа і іншых прадуктаў. Забараніць яго ўвоз могуць і ў Балгарыі з Румыніяй.
У Еўракамісіі рашэнні Варшавы і Будапэшту часова забараніць імпарт украінскага збожжа назвалі непрымальнымі, бо «гандлёвая палітыка – выключная кампетэнцыя ЕЗ»:
«У такі складаны час вельмі важна каардынаваць і ўзгадняць усе рашэнні ўнутры Еўразвязу».
Міністэрства аграрнай палітыкі Украіны адзначыла, што забарона датычыць транзіту сельскагаспадарчай прадукцыі праз Польшчу. У ведамстве лічаць, што гэта супярэчыць папярэднім дамоўленасцям бакоў пра транзіт праз польскую тэрыторыю пшаніцы, кукурузы, насення сланечніка і рапсу да 1 ліпеня.
«Мы разумеем, што ў польскіх фермераў паўстала складаная сітуацыя, аднак падкрэсліваем, што цяпер самая складаная сітуацыя ў фермераў Украіны», – заявілі ва ўкраінскім ведамстве.
Украінскі міністр ужо правёў перамовы з вугорскім і польскім калегамі. Наперадзе сустрэчы ў Славаччыне і Румыніі і абмеркаванне пытання ў Бруселі.
Як паведаміў 17 красавіка намеснік міністра замежных справаў Польшчы Павэл Яблоньскі, Варшава хоча, каб на польскі рынак не трапляў «нават самы дробны транспарт са збожжам, які павінен ісці на экспарт».
«Мы ўжо прасілі ўкраінскі бок больш пільна кантраляваць кампаніі-экспарцёры, каб пламбаванне гэтых транспартаў было больш надзейнае», – сказаў Яблоньскі.
На ягоную думку, перамовы з Кіевам «прывядуць да таго, што гэтая сітуацыя нармалізуецца, бо канчатковая мэта – не забараніць імпарт на нявызначаны тэрмін, а толькі забяспечыць, каб збожжа з Украіны, якое павінна трапіць на экспарт, туды і трапляла». Таксама, паводле прадстаўніка МЗС Польшчы, інстытуты Еўразвязу «павінны ўсвядоміць сурʼёзнасць сітуацыі».
З пачатку года Украіна толькі зерневых і зернебабовых экспартавала 39,5 млн тонаў. Пры гэтым «абʼёмы паставак украінскага збожжа праз заходнюю мяжу выраслі не на некалькі адсоткаў, а проста ў разы», распавядала на пачатку красавіка былая кіраўніца Міністэрства аграрнай палітыкі Украіны Вольга Трафімцава.
Штомесяц з Украіны ў Польшчу пастаўлялася ад 500 тыс.да 700 тыс. тонў рознай сельскагаспадарчай прадукцыі. З іх у самой жа Польшчы прадавалася каля 150–200 тыс. тонаў. Праз польскую мяжу Украіна экспартуе 10 % сваёй сельскагаспадарчай прадукцыі, праз Вугоршчыну – каля 6 %.
Алег Ніўеўскі, дэкан эканамічнага факультэту магістратуры, дацэнт, чалец-каардынатар Цэнтру даследаванняў харчавання і землекарыстання Кіеўскай школы эканомікі, у каментары «Белсату» адзначыў, што абмежаванне ўкраінскага экспарту на польскай і румынскай мяжы назіраецца яшчэ з лета 2022 года. Цяперашнія ж абмежаванні будуць «сур’ёзным ударам» для Украіны, «бо праз заходнія сухапутныя межы праходзіць каля 30–40 % усяго экспарту, а часам і палова».
«Нашыя вытворцы не змогуць атрымаць прыбыткаў. У іх і цяпер даволі нізкія цэны, а калі зменшыцца экспарт, то цана будзе яшчэ ніжэйшая. А гэта, адпаведна, страта ліквіднасці і прыбыткаў, у дадатак да тых стратаў, якія былі да гэтага. Праз гэта, у прыватнасці, не зразумела, што будзе з пасяўною кампаніяй і вытворчасцю. Гэта сурʼёзны ўдар па АПК і эканоміцы Украіны агулам», – падкрэсліў Ніўеўскі.
У размове з «Белсатам» прафесар, доктар габілітаваны Акадэміі фінансаў і бізнесу «Vistula» ў Варшаве Вітальд Арлоўскі падкрэсліў, што ў той «даволі цяжкай сітуацыі», якая склалася, вінаватая не Украіна, а «неэфектыўнасць і несумленнасць фірмаў, якія прадавалі збожжа, што мела ісці толькі транзітам праз Польшчу». І тыя, хто гэтае збожжа купляў.
«Маем тут крыху супярэчлівыя пачуцці – бо, з аднаго боку, трэба ўсяляк дапамагаць Украіне, з іншага – ёсць відавочна несумленныя фірмы, невядома, ці ўкраінскія, ці польскія, нейкія пасярэднікі, якія карыстаюцца гэтай сітуацыяй, і насамрэч спрычыніліся да праблемаў на рынку», – кажа польскі эканаміст.
Арлоўскі падкрэсліў, што ўкраінскае збожжа агулам не павінна прадавацца на тэрыторыі Еўразвязу без адмысловых даследаванняў, бо ва Украіне і ЕЗ розныя нормы бяспекі для харчоў. І тое, што гэтыя нормы пасуюць краінам Афрыкі і Блізкага Усходу, не значыць, што яго можна проста так прадаваць у межах Еўразвязу.
У сваю чаргу Алег Ніўеўскі адзначыў, што зніжэнне цэнаў на харчаванне ёсць міжнароднай тэндэнцыяй. І ў Польшчы, паводле яго, яны «не прасядаюць больш за цэны ў свеце».
«Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі на тэрыторыю Украіны цэны прабілі столь. І ўсе, акрамя нашых фермераў, маглі атрымаць звышпрыбыткі. Тады даходы фермераў, у прыватнасці, у Еўропе, выраслі ўдвая. Са свайго боку нашыя вытворцы праз блакаванне экспарту, наадварот, страцілі вельмі шмат», – заявіў украінскі эканаміст.
Паводле яго, нават цяпер, нягледзячы на зніжэнне цэнаў, «фермеры ў ЕЗ атрымліваюць вышэйшыя цэны, чым гэта было да 24 лютага». Ніўеўскі таксама падкрэсліў, што ўкраінскае збожжа ў Еўразвязе «хтосьці купляе, хтосьці запаўняе сіласы, камусьці гэта ж выгадна», і «яго купляюць не ўкраінцы».
Вітальд Арлоўскі мяркуе, што такая вострая рэакцыя польскіх уладаў таксама звязаная з набліжэннем парламенцкіх выбараў і неабходнасцю супакоіць фермераў, якія «змагаюцца з вялікім падзеннем коштаў, бо ў Польшчы празмерная прапанова збожжа». Аднак, на думку эканаміста, чым цалкам забараняць імпарт украінскага збожжа, лепш было б узмацніць кантроль за тым, каб у Польшчы не прадавалася тое збожжа, якое не павінна прадавацца.
«Прасцей за ўсё было б спаганяць плату за вяртанне – своеасаблівую гарантыйную плату, якая бралася б пры паступленні збожжа на тэрыторыю Польшчы, а вярталася б тады, калі збожжа згодна з прызначэннем выходзіла і, напрыклад, плыло ў Афрыку. Гэта быў бы самы просты метад. Зразумела, плата была б дастаткова высокая, каб несумленна прадаваць гэтае збожжа ў Польшчы было не выгадна», – адзначыў Арлоўскі.
Таксама, паводле яго, можна было б дамовіцца з Украінай пра супольны кантроль і ўзмацніць кантроль у Польшчы, але «найбольш эфектыўным быў бы эканамічны інструмент».
Агулам, лічыць польскі эканаміст, праблему трэба развязваць на ўзроўні ўсяго Еўразвязу, бо менавіта ён «мае адзінае права вызначаць гандлёвую палітыку краінаў-чальцоў». У прыватнасці, ЕЗ і мог бы ўвесці варыянт гарантыйных унёскаў:
«Трэба шукаць такое рашэнне, якое, з аднаго боку, не блакуе экспарту збожжа ці харчавання з Украіны, а з іншага – не дае яму прадавацца на тэрыторыі Еўразвязу».
Аднак, заявіў Алег Ніўеўскі, «перамовы – гэта заўжды доўгатрывалы працэс, месяц-два дакладна». Гэта «павялічвае нявызначанасць для экспарту Украіны» і «паўплывае на эканамічную сітуацыю, пасяўныя кампаніі, абʼём вытворчасці».
Макар Мыш belsat.eu