Рух 14 сухагрузаў з украінскім збожжам і іншымі харчамі будзе ажыццяўляцца міжнароднымі гуманітарнымі калідорамі праз Чорнае мора. Да такой дамоўленасці прыйшлі Украіна, Турцыя і ААН, гаворыцца ў паведамленні Супольнага каардынацыйнага цэнтру ў Стамбуле. Таксама ААН праінфармавала аб гэтым Расею.
«Дэлегацыі Украіны, Турцыі і Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў узгаднілі план руху на заўтра, 31 кастрычніка, праз марскія гуманітарныя калідоры 14 суднаў: 12 – на выхад і 2 – на ўваход. Дэлегацыя ААН як Сакратарыят СКЦ праінфармавала дэлегацыю Расейскай Федэрацыі аб перамяшчэнні суднаў у адпаведнасці з вызначанымі працэдурамі», – паведамляе Супольны каардынацыйны цэнтр.
Усе ўдзельнікі каардынуюць сваю работу з уласнымі вайскоўцамі і іншымі адпаведнымі органамі, каб гарантаваць бяспечны праход суднаў у рамках Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы, дадалі ў каардынацыйным цэнтры. ААН і Турцыя дадуць персанал для інспекцыі 40 караблёў, якія будуць рухацца з Чорнага мора.
Паведамляецца, што за гэтыя содні ў рамках збожжавай угоды з партоў Украіны выйшлі шэсць караблёў, але яны пакуль не дасягнулі гуманітарнага калідору.
Паводле звестак Міністэрства інфраструктуры Украіны на 30 кастрычніка, у збожжавым калідоры былі заблакаваныя 218 суднаў са збожжам.
Нагадаем, Расея вечарам 29 кастрычніка заявіла, што выходзіць са збожжавай угоды пасля нападу на караблі Чарнаморскага флоту ў Севастопалі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Мінабароны РФ. Свае заявы зрабілі МЗС і Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі і прэс-сакратар прэзідэнта Украіны. Пракаментавалі сітуацыю і ў МЗС Украіны.
Алена Рувіна belsat.eu