«У вашай Варшаве цямнее ў абед». Паэт і былы палітвязень Мікіта Найдзёнаў рыхтуе новую кнігу вершаў


Беларускі паэт, музыка і былы палітвязень Мікіта Найдзёнаў рыхтуе да выдання свой другі паэтычны зборнік. Пра гэта ён казаў у Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве на вечарыне, прысвечанай Дню роднай мовы. У новы зборнік паэта ўвойдуць і вершы, напісаныя за кратамі.

Тыдзень роднай мовы ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве. На здымку – Мікіта Найдзёнаў. 21 лютага 2024 года.
Фота: Беларускі Моладзевы Хаб / Białoruski Młodzieżowy Hub / Facebook

«У мяне восем гадоў таму выйшаў зборнік. Адзіны пакуль што. Прыжыццёвы. Гэта «Развітанцы». Прэзентаваўся гэты зборнік 29 лютага. Рэдактар Андрэй Хадановіч зычыў мне тады, каб праз 4 гады я выдаў наступны зборнік. А я казаў: спадар Андрэю, што вы такое гаворыце – ну навошта чатыры гады чакаць?.. А трэба было згаджацца з рэдактарам.

Быў рэалістам Андрэй Хадановіч і застаецца. А я быў рамантыкам. А цяпер – прагматыкам.  Спадзяюся, што сёлета выйдзе мой новы зборнік. Таму што матэрыял ёсць. Вось ужо і абкатваю яго якраз», – распавёў Мікіта Найдзёнаў падчас свайго 20-хвіліннага выступу на Дзень роднай мовы ў Варшаве.

Пра выхад у 2024 годзе новай паэтычнай кнігі Мікіта Найдзёнаў паведаміў напрыканцы свайго выступу, у паўзе паміж ужо вядомымі вершамі «Ты адстойваў правы – давялося адседзець…» і «Пакуль ты спіш – жыццё ідзе» («і смажацца катлеты цешчы…»).

«Усё ідзе па спіралі. То адпускае, то – наадварот»

На імпрэзе ў Беларускім моладзевым хабе паэт прачытаў дзесяць вершаў. Некаторыя прагучалі на публіцы ўпершыню. Мікіта назваў іх «вершамі варшаўскага перыяду».

Тыдзень роднай мовы ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве. На здымку – блогер Васіль Ядчанка і Мікіта Найдзёнаў. 21 лютага 2024 года.
Фота: Беларускі Моладзевы Хаб / Białoruski Młodzieżowy Hub / Facebook

І творы, якія Найдзёнаў «абкатваў» на слухачах, і тыя, што раней гучалі ў Менску, былі сустрэтыя вельмі прыязна – воплескамі і выбухамі смеху.

«У вашай Варшаве цямнее ў абед, І час так нязвыкла і вяла варушыцца. Я на Свентакшыскай сустрэну сябе – а выйду на Грушаўцы», – дэкламаваў паэт і з дапамогаю ўсяго некалькіх радкоў перамяшчаў слухачоў з эміграцыі на радзіму.

Паміж вершамі прызнаваўся, што настальгія пакуль не накрыла яго з галавой.

«Тут яшчэ ўсё ідзе па спіралі. То ідзе, то адпускае, то ўсё наадварот. Я ж пяць месяцаў тут толькі. Вы, напэўна, больш. Так што настальгія яшчэ напаткае», – падзяліўся Мікіта Найдзёнаў.

«Жыць можна, а што там і хто там ідзе – яшчэ не прыгледзеўся», – цытуем ягоны верш.

Прачытаў Найдзёнаў і свой творчы пераклад («з эмігранцкім акцэнтам») на беларускую мову славутага амерыканскага хіта «Let it snow» («Ляціць зноў»). Прэм’ера песні ў выкананні спевака Дзімы Нікановіча, як і кліпу, у якім зняўся ў тым ліку Мікіта Найдзёнаў, таксама адбылася на Дзень роднай мовы.

«Які час – такія і песні», – казаў, пасміхаючыся, паэт.

«Кажаш, усё яшчэ ў нас атрымаецца. Ай, не пі…дзі»

Але і вершы такія. Нават у любоўную лірыку Найдзёнава, калі так яе можна называць, знянацку ўрываюцца турэмныя вобразы.

«Непрыкольная, часам зусім непрыхільная, сустракае жыццё са сваімі старымі замашкамі. Але ў нас з табой – па-ранейшаму хімія. А ў мяне дык яшчэ – і дамашняя», – завяршае Найдзёнаў верш – і зала выдыхае.

Можна было рабіць стаўкі, што больш за дзевяноста адсоткаў слухачоў на ўласнай скуры спазналі, што такое беларускія ІЧУ, СІЗА, суды ды «хімія». А можа – і ўсе сто.

Прачытаўшы верш пра тую («Тая туя»), былы палітвязень распавёў, што ягоная адвакатка, пачуўшы яго, была вельмі засмучаная: «Тую шкада…» («Ссохла туя так дарэмна. Ды ніхто не лямантуе, калі ссеклі да карэння тую тую…»).

Асобна распавёў гісторыю аб вершы пра развод («Нават масты – і тыя разводзяцца»), які быццам чытаў «на камерных паэтычных вечарах на Жодзіна».

Тыдзень роднай мовы ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве. На здымку – Мікіта Найдзёнаў. 21 лютага 2024 года.
Фота: Беларускі Моладзевы Хаб / Białoruski Młodzieżowy Hub / Facebook

Верш заканчваецца так: «Супраць фармальнасці, супраць нармальнасці сэрца маё пратэстуе ў грудзі. Кажаш: усё яшчэ ў нас атрымаецца. Ай, не пі…дзі». Гэтае апошняе слова з адмоўнай часціцай «не» гучала з камераў, калі палітвязня і паэта Найдзёнава вялі прадолам жодзінскай турмы.

«Гэта праўда», – сцвярджае Мікіта Найдзёнаў.

«Прыйдзе час – я пра ўсё раскажу»

Калі гэта так, то Найдзёнаў сапраўды ператварыў і ператравіў турму ў паэзію, і новая кніга ягоных вершаў абяцае быць сапраўднай бомбай. Але што гэта былі за «паэтычныя вечары на Жодзіна» і як сам паэт вытрымаў нядаўняе зняволенне – пра гэта распавядаць адмаўляецца.

«Ніякіх інтэрвʼю. Я пакуль што не гатовы. Прыйдзе час – я пра ўсё раскажу», – адказаў журналісту «Белсату» Мікіта Найдзёнаў. І яшчэ раз запэўніў, што новая кніга ягонай «інтымнай і грамадска-патэтычнай лірыкі» сёлета сапраўды зʼявіцца.

«Будуць таксама дзесьці кніжкі прадавацца. Бо… пакуль я сядзеў, тут пісьменнікі новыя зʼявіліся. Я ў шоку!.. Як віруе жыццё! Проста каляхуе. І я адчуваю сябе як якая каляхуе вось тут. Такая вось гісторыя майго жыцця», – апавядаў ён падчас свайго выступу.

Рэпартаж
«Гэтае месца стане магнітам для беларусаў». У Варшаве адкрылася кнігарня «Кнігаўка» выдавецтва «Янушкевіч»
2024.02.07 10:11

Мікіту Найдзёнаву 33 гады. Ён родам з Пінску. У 2015 годзе атрымаў «Залаты апостраф» за найлепшы дэбют у часопісе «Дзеяслоў». У тым жа годзе выдаў зборнік вершаў «Развітанцы». Спяваў у гурце «HURMA» і заснаваў музычнае шоу «СамШазам». Быў затрыманы супрацоўнікамі МУС 25 сакавіка 2023 года і абвінавачаны ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК). Быў прызнаны палітвязнем. Правёў за кратамі 118 дзён. У ліпені 2023 года быў асуджаны на тры гады «хатняй хіміі». На пачатку кастрычніка эвакуяваўся з Беларусі. Жыве ў Варшаве, выхоўвае дачку.

У вечарыне з нагоды Дня роднай мовы ў Беларускім моладзевым бралі таксама ўдзел пісьменнік Алесь Плотка, блогер Васіль Ядчанка, гурт «Atesta» і музыка Алесь Дзянісаў. Удзельнікаў імпрэзы вітала на самым пачатку Святлана Ціханоўская, якая адмыслова для наведнікаў моладзевага хабу ў Варшаве запісала віншавальнае відэа.

Інтэрв’ю
Аліна Коўшык – пра памылку ў слове «шчасце», хабар за аспірантуру і сілу беларускай мовы
2024.02.21 15:41

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў