Паэт і музыка Мікіта Найдзёнаў, якога пакаралі «хатняй хіміяй», з'ехаў з Беларусі


Беларускі паэт і музыка Мікіта Найдзёнаў паведаміў на сваёй старонцы ў Instagram, што цяпер знаходзіцца ў Польшчы.

«Столькі ўсяго здарылася са мной за апошнія паўгода! Такая фактура, хоць у стэндап, хоць на новы зборнік. Жыву ў Варшаве, будую планы, і ёсць адчуванне, што ўсё атрымаецца. Адкрыты да супрацы і буду проста рады сустрэцца!

Часта пішуць «далей – больш» і дапускаюць памылку, таму што правільна «далей – Польшча», – напісаў ён.

Андрэй Стрыжак паведаміў у Фэйсбуку, што Найдзёнаў быў эвакуяваны з Беларусі пры дапамозе «BYSOL».

Мікіта Найдзёнаў – беларускі паэт і музыка, былы фронтмэн гурта «Hurma», а таксама аўтар шэрагу песень для розных артыстаў. У 2015 стаў уладальнікам прэміі «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют» за найлепшую публікацыю вершаў у часопісе «Дзеяслоў».

Мікіту Найдзёнава затрымалі 25 сакавіка 2023 года. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Да суду палітвязня трымалі ў СІЗА. 24 ліпеня Найдзёнава пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі» і вызвалілі з-пад варты.

22 верасня 2023 году МУС унесла музыку ў «спіс экстрэмістаў».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў