За два дні да «адзінага дня галасавання» ЦВК налічыў рэкордную яўку – ужо 34 % выбарнікаў


Пакуль праціўнікі Лукашэнкі заклікаюць не ісці на «безвыбары», да якіх не дапусцілі апазіцыйных кандыдатаў, Цэнтральная выбарчая камісія ідзе на рэкорд абвешчанай яўкі: на вечар 23 лютага, чацвёрты дзень датэрміновага галасавання, яўку напісалі роўнай 33,61 %.

Малюнак згенераваны нейрасеткай
Малюнак згенераваны нейрасеткай. Поўная урна для галасавання ў Беларусі ва ўяўленні штучнага інтэлекту «Microsoft Copilot». Выява: Dall-E / Bing.com

Імаверна, яўка за ўсе дні датэрміновага галасавання, якое трывае пяць дзён, будзе рэкорднай. На выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2019 годзе яўку за чатыры дні датэрміновага галасавання напісалі роўнай 27,5 % і 35,77 % за ўсе дні. На выбарах 2016 года яўка за ўвесь час датэрміновага галасавання была напісаная роўнай 31,29 %, да таго яўку на датэрміновае галасаванне пісалі яшчэ меншай.

Датэрміновае галасаванне працягнецца да 24 лютага, асноўным днём для галасаванне станецца 25 лютага. Выбары праходзяць на фоне маштабных рэпрэсіяў, пры практычна ваенным становішчы.

На думку праціўнікаў Лукашэнкі, датэрміновае галасаванне, куды залежных ад дзяржавы заганяюць «добраахвотна-прымусова» ці пад наўпроставымі пагрозамі, выкарыстоўваецца для прасцейшых фальсіфікацыяў.

Па выніках выбараў 2019 года ў Палату прадстаўнікоў не трапіў ніводзін апазіцыйны кандыдат, па выніках выбараў-2016 два са 110 месцаў дасталіся нязгодным з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Ніводныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і ніводныя пасля 1994 года прэзідэнцкія выбары і рэферэндумы ў Беларусі не былі прызнаныя заходнімі краінамі свабоднымі і справядлівымі.

Прэзідэнцкія выбары 2020 года былі груба сфальшаваныя: паводле афіцыйных вынікаў, Лукашэнка набраў 80,1 %, а Святлана Ціханоўская – 10,1 %. Паводле незалежнага падліку і аналізу фота бюлетэняў платформы «Голас», Ціханоўская перамагла ў першым туры з не менш як 56 %, а ў Лукашэнкі было каля 34 %.

Цяпер каманда выбранай прэзідэнткі заклікае ігнараваць «адзіны дзень галасавання» і не ўдзельнічаць у тым, што Ціханоўская назвала «бязвыбарамі».

Разбор
Каго «выбіраем», дзе і навошта? 10 пытанняў пра Адзіны дзень галасавання
2024.02.09 10:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў