Амаль ваеннае становішча: у Беларусі стартуе датэрміновае галасаванне


20 лютага ў Беларусі пачынаецца датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га склікання, а таксама мясцовых саветаў дэпутатаў 29-га склікання.

Гэтак студэнтаў зганялі на галасаванне на рэферэндум 2022 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: krupki.by

Датэрміновае галасаванне працягнецца 5 дзён – да суботу 24 лютага ўключна. Яно прадугледжана для выбарнікаў, якія не здолеюць прыйсці на ўчасткі ў адзіны дзень галасавання.

Раней датэрміновае галасаванне адыгрывала важную ролю ў фальсіфікацыі выбараў: укінутыя ўначы бюлетэні дазвалялі накруціць яўку да патрэбнага ўзроўню, бо на мясцовых і парламенцкіх выбарах трэба было прадэманстраваць, што прагаласавалі 50,01 % выбарнікаў. Цяпер абмежаванне знятае, выбары адбудуцца, нават калі на ўчасткі прыйшоў адзін чалавек.

На папярэдніх выбарах у лістападзе 2019 года ў парламент не здолеў прасачыцца ніводны апазіцыйны кандыдат. На выбарах у 2015-м такіх кандыдатак былі дзве: Алена Анісім і Ганна Канапацкая на 110 дэпутатаў. Сёлета выбары будуць цалкам стэрыльныя.

Тым часам у краіне – амаль ваеннае становішча. З панядзелка структуры МУС перайшлі на ўзмоцнены рэжым службы. Больш за 10 тысячаў сілавікоў ажно да апошняга дня выбараў – 25 лютага – будуць ахоўваць грамадскі парадак.

Акрамя міліцыі, да аховы выбарчых камісіяў прыцягнуць дружыннікаў, наймітаў ПВК Вагнэра, а таксама моладзевыя атрады і ветэранаў ведамства. Да таго ж за беларусамі будуць сачыць яшчэ і праз камеры – паводле кіраўніка МУС Івана Кубракова. Практычна ўвесь Менск ужо цяпер пад назіраннем. І ўсё гэта нібыта дзеля бяспекі выбарнікаў ды сябраў выбарчых камісіяў.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў