Цела Навальнага ўжо тыдзень не аддаюць маці. Яе падтрымалі Алексіевіч і іншыя вядомыя людзі


Расейскі апазіцыйны лідар і палітвязень Аляксей Навальны памёр у калоніі 15 ці 16 лютага. Праціўнікі Пуціна ў Расеі і на Захадзе лічаць, што гэта было забойствам. Маці Навальнага кажа, што ўлады хочуць правесці пахаванне таемна, ёй пагражаюць. У падтрымку маці Навальнага выказаўся шэраг публічных дзеячаў.

Удзельнікі акцыі ў памяць аб Аляксеі Навальным трымаюць яго партрэт насупраць будынку пасольства Расейскай Федэрацыі ў Варшаве пасля навін пра смерць Аляксея Навальнага. Варшава, Польшча. 16 лютага 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Людміла Навальная, маці Аляксея Навальнага 22 лютага выпусціла відэазварот, у якім распавяла, што ўлады не аддаюць ёй цела сына і патрабуюць, каб пахаванне адбылося таемна.

Прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш расказала 23 лютага, што маці памерлага выставілі ўльтыматум: або яна цягам трох гадзінаў пагаджаецца на таемнае пахаванне, або цела сына пахаваюць у калоніі «Палярны воўк», што на далёкай поўначы, у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. Маці адмовілася.

Адвакаты маці Навальнага падалі заяву аб злачынстве паводле арт. 244 КК РФ – «Здзекі з цела памерлага». Яны патрабуюць праверыць дзеянні следчых, у тым ліку таго, які пагражаў маці нябожчыка.

Гісторыі
«Найлепшыя кандыдатуры на працяг ягонай спадчыны»: што вядома пра жонку і дачку Аляксея Навальнага?
2024.02.21 10:38

У падтрымку маці Навальнага і ейных патрабаванняў выказаліся дзясяткі вядомых расейцаў. У іх ліку музыкі Андрэй Макарэвіч («Машина времени»), Максім Пакроўскі («Ногу свело!»), Уладзімір Катляроў («Порнофильмы»), Іван Аляксееў (Noize MC) і Елізавета Гырдымава (Монеточка), публіцыст Віктар Шэндэровіч, журналіст Міхаіл Зыгар, пісьменнікі Дзмітрый Глухоўскі і Алег Радзінскі, рэжысёры Андрэй Звягінцаў, Аляксандр Малочнікаў і Міхаіл Сегал, акторы Аляксандр Філіпенка і Артур Смальянінаў, тэлевядоўца Таццяна Лазарава і іншыя.

Таксама ў падтрымку маці Навальнага выказалася беларуская пісьменніца, лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч:

«Я хачу звярнуцца не толькі да Крамлю. Я хачу прасіць усіх людзей, усіх нас: кажыце, кажыце, што трэба аддаць цела маці!»

Тым часам «Фонд барацьбы з карупцыяй» Навальнага абвясціў, што за «поўную інфармацыю пра забойства Навальнага» дасць 50 тысяч еўра.

Злучаныя Штаты ўвялі 23 лютага чарговыя санкцыі супраць Расеі, у тым ліку супраць асобаў, звязаных са зняволеннем Навальнага.

Рэпартаж
Расейская апазіцыя заклікала Еўрапарламент прызнаць нелегітымнасць Пуціна
2024.02.22 16:44

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў