Байдэн анансаваў новы пакет санкцыяў супраць Расеі – за напад на Украіну і смерць Навальнага


Следам за 13-м пакетам санкцыяў Еўразвязу новыя санкцыі супраць Расеі анансаваў 23 лютага прэзідэнт Злучаных Штатаў. Поўны спіс санкцыяў пакуль не апублікаваны, але Джо Байдэн раскрыў некаторыя дэталі. 

Абноўлена. Апублікаваны поўны спіс санкцыяў.

Джо Байдэн
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Вашынгтон, ЗША. 13 лютага 2024 года.
Фота: Cameron Smith / The White House / Facebook

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн казаў аб адказнасці Уладзіміра Пуціна за вайну ва Украіне і смерць зняволенага апазіцыйнага лідара Аляксея Навальнага:

«Дзесяць гадоў таму Пуцін акупаваў Крым і стварыў марыянетачныя рэжымы ў Луганскай і Данецкай абласцях Украіны. Два гады таму ён спрабаваў сцерці Украіну з мапы свету. Калі Пуцін не заплаціць цану за ўчыненыя ім смерць і разбурэнне, ён будзе ісці далей. І выдаткі для Злучаных Штатаў — а таксама для нашых саюзнікаў у NATO і партнёрамі ў Еўропе і ва ўсім свеце — будуць расці».

Новых санкцыяў будзе больш за 500, расказаў Байдэн. Яны будуць скіраваныя на асобаў, звязаных са зняволеннем Навальнага, а таксама на расейскі фінансавы сектар, вайсковую індустрыю, сеткі закупак і абыходу ўжо ўведзеных санкцыяў. Экспартныя абмежаванні ўвядуць супраць амаль сотні суб’ектаў, якія таемна падтрымліваюць расейскую ваенную машыну. Таксама будуць прынятыя захады для скарачэння энергетычных даходаў Расеі.

Hавiны
Аляксей Талай і іншыя беларускія асобы і кампаніі трапілі пад санкцыі ЗША і Еўразвязу
2024.02.23 17:45

Акрамя таго, Байдэн расказаў, што загадаў узмацніць падтрыманне грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і тых, хто змагаецца за дэмакратыю ва ўсім свеце.

Байдэн таксама заклікаў Палату прадстаўнікоў ЗША ўхваліць дадатковы законапраект аб нацыянальнай бяспецы з тэрміновым фінансаваннем Украіны. Чарговы пакет дапамогі Украіне не могуць ухваліць з мінулага лістапада праз нязгоду чальцоў Рэспубліканскай партыі ў Кангрэсе ЗША. Тры дні таму Байдэн наўпрост звязаў страту Аўдзееўкі з адсутнасцю дапамогі Украіне.

Каментар
ЗША не пойдуць на «формулу Пуціна» і не спыняць падтрымкі Украіны – амбасадарка ў ААН
2024.02.22 19:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў