ЗША не пойдуць на «формулу Пуціна» і не спыняць падтрымкі Украіны – амбасадарка ў ААН


Уладзімір Пуцін хацеў бы, каб Злучаныя Штаты пайшлі на перамовы аб лёсе Украіны за яе спінай. Прадстаўніца ЗША расказала, што згодная на такую схему: спачатку Расея выводзіць войскі з Украіны, потым ідзе на перамовы з Украінай.

Лінда Томас-Грынфілд
Прадстаўніца Злучаных Штатаў пры Арганізацыі аб’яднаных нацыяў Лінда Томас-Грынфілд. Атланта, ЗША. 11 снежня 2023 года.
Фота: Ambassador Linda Thomas-Greenfield / X

Прадстаўніца Злучаных Штатаў пры Арганізацыі аб’яднаных нацыяў Лінда Томас-Грынфілд правяла 22 лютага брыфінг для журналістаў на тэму вайны ва Украіне. Яна згадала, што мінула ўжо амаль два гады з моманту, калі Расея распачала несправакаванае і брутальнае ўварванне ва Украіну, якое стала кульмінацыяй даўняй спробы акупаваць украінскія землі.

За гэтыя два гады, нагадала дыпламатка, свет бачыў нечалавечую брутальнасць расейскіх войскаў, катаванні, сексуальны гвалт, рэпрэсіі, прымусовыя дэпартацыі, у тым ліку выкраданне дзяцей. Акрамя дзясяткаў тысяч забітых і мільёнаў уцекачоў гэтая бессэнсоўная вайна, казала дыпламатка, пагоршыла глабальную сітуацыю з харчаваннем, нанесла шкоду асяроддзю, якую немагчыма падлічыць, пахіснула глабальны рэжым нераспаўсюду ядравай зброі. Гэта пагроза не толькі ўкраінцам, а ўсім на Зямлі.

Але насуперак усяму Украіна выстаяла і нават адваявала палову захопленых Расеяй тэрыторыяў, працягнула Томас-Грынфілд.

«Мы застаемся адданымі народу Украіны і іхнаму змаганню, – запэўніла амерыканская дыпламатка. – Як і казаў прэзідэнт Байдэн, Злучаныя Штаты поплеч з нашымі міжнароднымі партнёрамі будуць падтрымліваць Украіну так доўга, як будзе трэба».

Яна згадала, што з пачатку поўнамаштабнай вайны саюзнікі перадалі Украіне больш за 100 млрд долараў, Штаты – больш за 74,6 млрд долараў. Таксама ЗША перадалі Украіне вайсковую дапамогу, сярод якой сістэмы супрацьпаветранай абароны.

«Пуцін можа спыніць гэтую бессэнсоўную вайну, неймаверныя боль і пакуты, якія яна выклікае сёння, – заявіла Томас-Грынфілд. – Злучаныя Штаты ўпэўненыя: Расея мусіць неадкладна адвесці свае войскі за міжнародна прызнаныя межы Украіны, спыніць закупкі ў Паўночнай Карэі, трымацца прынцыпаў Статуту ААН. А пакуль Расея гэта не зробіць, мы будзем дапамагаць узмацняць Украіну, падтрымліваць ейныя высілкі, развіваць міжнародны кансэнсус вакол усебаковага, выканальнага і справядлівага міру».

Адносна гэтага ў амбасадаркі спыталі: колькі Кіеў можа чакаць амерыканскай дапамогі на тле страты Аўдзееўкі? Імаверна, пытанне адсылала да пакету дапамогі Украіне, які не могуць ухваліць з мінулага лістапада праз нязгоду чальцоў Рэспубліканскай партыі ў Кангрэсе ЗША. Двума днямі раней прэзідэнт ЗША Джо Байдэн наўпрост звязаў страту Аўдзееўкі з адсутнасцю дапамогі Украіне.

Аналітыка
Расея захапіла Аўдзееўку, але з пазіцыйнага тупіка не выйшла. Тлумачым, што адбываецца
2024.02.20 17:43

Томас-Грынфілд на гэта перадусім нагадала, што Украіна ўжо адваявала 50 % захопленых Расеяй тэрыторыяў, а рашучасць украінцаў непахісная.

«Мы працуем з нашым Кангрэсам, каб запэўніць, што фінансаванне, патрэбнае ім для працягу барацьбы, будзе ім нададзенае, – сказала амбасадарка пра ўкраінцаў. – Прэзідэнт адданы гэтаму, ёсць двухпартыйная падтрымка гэтага, і мы будзем працягваць працаваць, пакуль не дамо ўкраінцам тое, што ім трэба. А тым часам яны атрымліваюць дапамогу ад Еўропы, якая нядаўна ўхваліла дадатковае фінансаванне для ўкраінцаў. І мы зробім так, каб яны атрымалі дадатковае фінансаванне, якое мы ім абяцалі надаць».

Падобнае пытанне было аб магчымым зніжэнні падтрымкі Украіны з боку краінаў, якія перажываюць крызіс кошту жыцця і іншыя эканамічныя праблемы, пераход увагі на вайну ў Газе. Томас-Грынфілд адказала, што не можа пагадзіцца з тым, што рашучасць падтрымліваць Украіну зменшылася, а вайна ў Газе не змяніла разумення людзей аб тым, што адбываецца ва Украіне. Яна нагадала, што на наступны дзень пройдзе паседжанне Рады бяспекі ААН на тэму Украіны, затым будуць абмеркаванні сітуацыі ва Украіне на Генеральнай асамблеі ААН і іншыя падзеі, скіраваныя на прыцягненне ўвагі да сітуацыі ва Украіне.

На пытанне аб уроках двух гадоў поўнамаштабнай вайны Томас-Грынфілд адказала: галоўнае, што вывучылі, гэта што патрэбная еднасць. Што трэба быць адзінымі ў падтрымцы Украіны, адзінымі з саюзнікамі па NATO і еўрапейскімі саюзнікамі, адзінымі з Украінай у ААН. Расею ж, дадала яна, трэба ізаляваць, пакуль яна не скончыць вайну.

Аналітыка
Чаму Захад не можа забяспечыць Украіне перавагу ў вайсковых рэсурсах?
2023.12.06 07:00

Чуткі аб тым, што саюзнікі штурхаюць Украіну для прыняцця прапановаў Уладзіміра Пуціна аб спыненні агню, якія той выказваў у нядаўнім інтэрв’ю амерыканцу Такеру Карлсану, дыпламатка зняпраўдзіла. Пуцін у тым інтэрв’ю прапанаваў Штатам спыніць пастаўкі заходняй зброі Украіне, пасля чаго «ўсё будзе завершана за некалькі тыдняў», а затым можна і пачынаць перамовы – не з Украінай, а з ЗША.

«Я думаю, мы былі выразнымі ў нашай пазіцыі: падтрымліваць Украіну, пакуль Украіна мае ў гэтым патрэбу. І любое рашэнне аб перамовах з расейцамі мусіць быць прынятае самімі ўкраінцамі як удзельнікамі перамоваў, – адказала амбасадарка. – І перад усім гэтым яны мусяць вывесці войскі з Украіны».

Амбасадарку таксама спыталі пра пратэсты польскіх фермераў на мяжы з Украінай супраць паставак украінскіх прадуктаў на польскі рынак. Томас-Грынфілд запэўніла: яна займаецца пагрозамі харчовага крызісу, ААН цесна супрацоўнічае з Украінай, Турэччынай і Расеяй, каб адкрыць Чорнае мора для экспарту ўкраінскіх харчоў.

Дыпламатка дадала, што летась ездзіла па Афрыцы і на ўласныя вочы бачыла людзей, якія залежаць ад паставак украінскага збожжа, угнаенняў, цэнаў на харчаванне.

Агляд
Дзе і чаму пратэстуюць у свеце – паводле БТ і напраўду
2024.02.05 07:10

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў