Еўрапейскія фермеры пратэстуюць амаль месяц. Чаго яны хочуць?


З канца студзеня ў краінах ЕЗ трываюць пратэсты фермераў. Блакаванне дарог, трактары, гной, сцірты саломы – традыцыйныя атрыбуты такіх дэманстрацыяў. Чаго хочуць фермеры і чаго яны ўжо дамагліся?

Сотні трактароў у цэнтры Нанты ў рамках агульнанацыянальнага дня акцый, скліканага некалькімі фермерскімі саюзамі. Нанта, Францыя. 25 студзеня 2024 года.
Фота: Loic Venance / AFP / East News

Нагодаю для пратэстаў сталася «зялёная» пастанова Еўракамісіі. Чыноўнікі ў Бруселі абавязалі трымаць 4% ворных зямель у папары дзеля захавання прыроднай разнастайнасці. Яшчэ раней Еўракамісія падрыхтавала законапраект аб скарачэнні выкарыстоўвання пестыцыдаў – фермеры згадалі і пра гэта.

Зрэшты, сярод патрабаванняў таксама – грашовыя: субсідыі і «справядлівыя» закупныя цэны.

Літва

23 студзеня да Дому ўрада ў цэнтр Вільні з’ехаліся фермеры з усёй краіны. Там налічылі 1300 адзінак сельскагаспадарчай і лесагаспадарчай тэхнікі. У акцыі ўзялі ўдзел каля 5 тысячаў асобаў. Сярод іх патрабаванняў:

  • скасаванне абавязання аднавіць мнагалетнія лугі,
  • вяртанне ільготы на дызельнае паліва,
  • зніжэнне акцызнага падатку на звадкаваны газ да ўзроўню суседніх краінаў – Польшчы і Латвіі,
  • развязанне малочнага крызісу,
  • адмова ад пашырэння ахоўных тэрыторыяў,
  • спыненне транзіту расейскага збожжа.

Пратэст трываў тры дні. У Сейме пагадзіліся разгледзець патрабаванні, аднак на некаторыя саступкі (напрыклад, што датычыцца лугоў) улады ісці не хочуць. З увагі на гэта Сельскагаспадарчая рада Літвы прыгразіла новымі дэманстрацыямі.

Латвія

Латышскія фермеры пратэставалі 5 лютага, яны прыехалі на трактарах у 16 гарадоў.

«Чаша цярпення перапоўнілася. Недасведчаныя думаюць, што мы ладзім пратэсныя акцыі, каб атрымаць дадатковыя грошы. Але насамрэч практычна ўсе патрабаванні, што мы выставілі, можна выканаць без нейкіх дадатковых кампенсацыяў», – сцвярджаюць актывісты.

Hавiны
Фермеры Латвіі патрабуюць забараніць імпарт беларускай і расейскай сельгаспрадукцыі
2024.02.06 10:00

Тутэйшыя землеўласнікі патрабуюць:

  • неадкладна забараніць імпарт беларускіх і расейскіх харчоў,
  • узнавіць паніжаную стаўку падатку на дадатковую вартасць у 5% на мясцовую садавіну і гародніну,
  • дэбюракратызаваць сельскагаспадарчую галіну,
  • пашырыць доступ да праграмаў развіцця і капіталу.

Чыноўнікі на гэта кажуць, што шмат якія патрабаванні ўжо задаволеныя (напрыклад, забарона на імпарт расейскага і беларускага збожжа), а некаторыя праблемы «немагчыма развязаць за тыдзень». Улады не бачаць нагодаў для новых пратэстаў.

Малдова

Малдаўскія фермеры пачалі змагацца яшчэ ў лістападзе. Яны блакавалі заезды ў Кішынэў, ладзілі прабег на трактарах да ўрадавых будынкаў, паралізаваўшы рух у сталіцы, выкідалі мяхі з гноем і сенам. У лютым землеўласнікі пачалі блакаваць пераходы на мяжы з Румыніяй.

Яны патрабуюць:

  • часова не штрафаваць за пратэрмінаваную крэдытную запазычанасць,
  • стварыць адмысловую камісію, што дапаможа вытворцам, у якіх узніклі складанасці з вяртаннем крэдытаў,
  • пералічыць палову Нацыянальнага фонду развіцця сельскай гаспадаркі вытворцам, якія выгадоўваюць сланечнік і кукурузу, для кампенсацыі леташніх стратаў,
  • выдаткаваць не менш за 400 млн леяў ($22,4 млн) дробным і сярэднім фермерам, якія больш за ўсіх пацярпелі ад крызісу апошніх двух гадоў,
  • абмежаваць імпарт збожжа з Украіны.

Улады абяцаюць паступова развязаць праблемы фермераў і падкрэсліваюць, што ў 2021–2023 гадах вытворцы атрымалі субсідыяў на 6 млрд леяў ($335,4 млн), а асобная дапамога тым, хто выгадоўвае сланечнік і кукурузу, паставіць іх у прывілеяванае становішча ў параўнанні з калегамі.

Польшча

Маштабны страйк, што ахапіў ледзь не ўсю Польшчу, фермеры зладзілі 9 лютага. У той дзень сельскагаспадарчай тэхнікаю быў запаволены або цалкам заблакаваны рух у шмат якіх гарадах і на шмат якіх аўтатрасах.

Фермеры заблакавалі цэнтральныя вуліцы Вроцлаву і правялі акцыю пратэсту перад офісам Еўрапарламенту. Вроцлаў, Польшча. 15 лютага 2024 года.
Фота: Omar Marques / Anadolu Press / Abaca Press / East News

15 лютага землеўласнікі выйшлі на лакальны пратэст у Вроцлаве, і тут акцыя атрымалася гучнаю: удзельнікі запальвалі дымавыя шашкі, узрывалі петарды, палілі шыны, закідалі яйкамі прадстаўніцтва Еўракамісіі і ваяводскую ўправу.

Акрамя таго, фермеры блакуюць пераход «Дарогуск – Ягадын» на мяжы з Украінаю. 11 лютага там адбыўся інцыдэнт, калі на тэрыторыю Польшчы заехалі тры цяжкавіка са збожжам. Пратэстоўцы спынілі машыны, адкрылі прычэпы і высыпалі частку грузу на дарогу. Фуры вярнуліся ва Украіну. Паліцыя пачала правяранне.

Польскія аграрыі выступаюць супраць:

  • неабгрунтаваных і празмерных, на іх меркаванне, патрабаванняў «зялёнага» заканадаўства ЕЗ,
  • паставак танных харчоў з Украіны,
  • скарачэння рэнтабельнасці сельскагаспадарчай вытворчасці.

Польскі ўрад разумее і прызнае гэтыя заклапочанасці. Міністр сельскай гаспадаркі Чэслаў Сякерскі адзначыў, што фермеры «пратэстуюць не толькі ў сваіх інтарэсах, але і ў інтарэсах усіх нас як спажыўцоў». «Яны хочуць, каб яны маглі вырабляць і каб палякі мелі ежу», – сказаў міністр.

Паводле яго, перамовы аб пастаўках харчоў з Украіны «вядуцца на высокім узроўні», а некаторыя экалагічныя патрабаванні Еўракамісіі – «неразумныя і залішнія». Кіраўнік ведамства таксама запэўнівае, што сялянаў не пакінуць без субсідыяў.

Пратэст фермераў у Кракаве, Польшча. 9 лютага 2024 года.
Фота: Beata Zawrzel / Reporter / East News

Прэм’ер-міністр Дональд Туск 16 лютага заявіў, што ЕЗ мусіць павялічыць аб’ёмы дапамогі і абароны агульнаеўрапейскай сельскай гаспадаркі і польскай у прыватнасці. «Вайна не можа быць прычынаю рэзкіх стратаў, што панесла польская сельская гаспадарка», – падкрэсліў кіраўнік урада.

Дэманстрацыі фермераў адбыліся апошнім часам таксама ў Нямеччыне, Францыі, Іспаніі, Грэцыі, Чэхіі, Вугоршчыне, Балгарыі. Паўсюль аграрыі перакрывалі дарогі сваёй тэхнікаю – бадай, самы просты для іх спосаб паказаць сваю незадаволенасць так, каб яе заўважылі.

Мітынгі адбываліся і ў самым сэрцы Еўразвязу – каля Еўрапарламенту ў Бруселі. У Францыі фермеры раскідвалі гной побач з дзяржаўнымі ўстановамі, развозілі сена ў рэстараны фаст-фуду, заблакавалі трактарамі замак Шамбор.

Патрабаванні збольшага адныя і тыя ж: абмежаванне імпарту харчоў з краінаў па-за ЕЗ, павелічэнне субсідыяў, змякчэнне «зялёнага» заканадаўства, павышэнне закупачных коштаў.

Брусель, натуральна, не можа не рэагаваць на гэтую хвалю дэманстрацыяў. 6 лютага старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен паведаміла, што адкліканы рэзанансны законапраект аб выкарыстанні пестыцыдаў у сельскай гаспадарцы. Праўда, ад планаў зменшыць ужыванне хімікатаў не адмовіліся, будзе падрыхтаваны новы заканадаўчы акт.

А 13 лютага Еўракамісія ўхваліла рэзалюцыю, што дазваляе фермерам выкарыстоўваць землі, якія мусілі заставацца ў папары. Там можна выгадоўваць азотфіксацыйныя культуры кшталту сачавіцы і гароху, толькі без сродкаў абароны раслінаў.

Фігура прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона разам з плакатам прыбіта да трактара, які блакуе шашу А1 каля міжнароднага аэрапорту імя Шарля дэ Голя на паўночным захадзе ад Парыжа, Францыя. 31 студзеня 2024 года.
Фота: Julien De Rosa / AFP / East News

Аднак выглядае, што гэтага недастаткова. На 22 лютага запланаваная агульная акцыя фермераў Чэхіі, Славаччыны, Польшчы, Вугоршчыны, Літвы, Латвіі і Эстоніі – краіны, дзе землеўласнікі дагэтуль пакуль не страйкавалі, хаця на жыццё таксама скардзіліся.

Тым часам праблемы сельскагаспадарчай галіны маюць адбіцца на вытворцах тэхнікі. Кампанія CNH Industrial NV, якае выпускае трактары New Holland і Case IH ужо заявіла, што сёлета продаж яе вырабаў упадзе на 10–15%, бо фермерам будзе бракаваць грошай. Да таго ж, «пакуль яны ездзяць і пратэстуюць, яны не саджаюць і не збіраюць ураджай», наракае кіраўнік кампаніі Скот Ўайн.

Яшчэ адзін незадаволены бок – эколагі, якія крытыкуюць анансаваны перагляд патрабаванняў да выкарыстання хімікатаў.

«Варта прымаць тэрміновыя захады, бо існуе моцнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, асабліва на ваду, урадлівасць глебы і здароўе чалавека. Першымі ахвярамі становяцца самыя фермеры», – запэўнівае дэпутат парламента Францыі Дамінік Пацье, які прасоўвае больш жорсткія правілы што да экалогіі.

Агляд
Дзе і чаму пратэстуюць у свеце – паводле БТ і напраўду
2024.02.05 07:10

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў