«Нашы грошы»: Эканоміка Беларусі мае ўсе шанцы перагрэцца


У Беларусі працягвае расці колькасць наяўных грошай. Іх доля ўжо наблізілася да 13 % ад усіх грошай у эканоміцы, адзначае праект «Нашы грошы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Шырокая грашовая маса (агульны аб’ём грошай у эканоміцы) у траўні вырасла на 22 % у параўнанні з 2022 годам.

«Пры гадавой інфляцыі 4 % з такой прапановай грошай эканоміка відавочна мае шанцы перагрэцца. Апроч гэтага, цяперашнія паказнікі грашовай масы маюць і іншыя важныя асаблівасці», – пішуць «Нашы грошы».

Эканамісты адзначаюць, што доля наяўных грошай у шырокай грашовай масе склала 12,8 %, тады як годам раней яна складала 10,7 %. У рублёвай грашовай масе іх абʼём на 1 чэрвеня склаў 24 % супраць 22 % годам раней – «цяпер кожны чацвёрты рубель у беларускай эканоміцы працуе ў наяўнай форме».

Таксама пераводныя дэпазіты (сродкі на бягучых рахунках) за год павялічыліся на 70 %. Калі на пачатак ліпеня 2022 года іх абʼём складаў Br 6,9 млрд, то на 1 чэрвеня 2023-га гэта ўжо Br  11,7 млрд. У юрыдычных асобаў яны за год выраслі на 81 %, у насельніцтва – на 57 %.

Рублёвая грашовая маса за год вырасла з 49 % да 53 %. Пры гэтым абʼём валютных дэпазітаў на пачатак ліпеня 2023 года склаў $ 10 млрд. За год уклады ў замежнай валюце насельніцтва выраслі на 3,1 %, а бізнесу, наадварот, знізіліся на 1,2 %.

Hавiны
BEROC паведаміў пра рызыку перагрэву беларускай эканомікі
2023.06.22 10:08

Даследчы цэнтр BEROC у сваім свежым экспрэс-аналізе таксама паведаміў пра рызыку перагрэву эканомікі Беларусі, у тым ліку з прычыны дзеянняў уладаў.

«Цалкам імаверна, што беларуская эканоміка ўваходзіць у стан перагрэву ва ўмовах незавершанай адаптацыі да працы ў санкцыйным асяроддзі і штучна прыгнечанай інфляцыі», – мяркуюць у BEROC.

Паводле эканамістаў, індыкатарам перагрэву можа быць далейшая дынаміка інфляцыі ў нерэгуляваных паслугах, якая апошнімі месяцамі прыкметна перавышала 10 % месяц да месяца.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў