«Тады, на Майдане, і пачалася вайна ва Украіне». 10 гадоў таму забілі Міхаіла Жызнеўскага


10 гадоў таму, 22 студзеня 2014-га, каля 9:00 на Майдане ў Кіеве ад стрэлу ў сэрца загінуў беларус Міхаіл Жызнеўскі. Яму было 26 гадоў. Маладзён 4 дні не дажыў да 27-га дня народзінаў. Міхаіл стаўся першым беларусам, якому пасмяротна надалі званне Героя Украіны. Згадваем тыя студзеньскія дні і разважаем над значэннем смерці Жызнеўскага для Беларусі і Украіны разам з кіраўніком фонду «BYSOL» Андрэем Стрыжаком, які арганізоўваў пахаванне героя і дапамагаў ягоным бацькам, ды з украінскаю валанцёркаю Майдану Вольгаю Гальчэнкай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэстоўцы трымаюць барыкады на вуліцы Грушэўскага падчас сутычак з паліцыяй ва ўкраінскай сталіцы. Кіеў, Украіна. 25 студзеня 2014 года.
Фота: Lehtikuva / East News

Памёр ад стрэлу ў сэрца

Міхаіл Жызнеўскі нарадзіўся 26 студзеня 1988 года ў Гомлі. Дзяцінства правёў у роднай вёсцы маці Сцяг Працы ў Гомельскім раёне. Вучыўся ў школе ў Гомлі. Пасля 10 класаў паступіў у вучэльню, атрымаў прафесію газаэлектразваршчыка. Падчас навучання далучыўся да рыцарскага клубу, з кіраўніком якога ў 2017 годзе з’ехаў ва Украіну. Са словаў сяброў, Міхаіл тлумачыў, што быў вымушаны з’ехаць праз палітычны ціск.

Ва Украіне жыў у Белай Царкве ў Кіеўскай вобласці. Там далучыўся да Украінскай народнай самаабароны (УНСА) – падраздзялення партыі «Украінская нацыянальная асамблея» (УНА). Супрацоўнічаў з газетаю «Соборна Київщина».

У Еўрамайдане Жызнеўскі браў удзел з першых дзён. Уваходзіў у самаабарону Майдану, ахоўваў яго аб’екты, паралельна збіраў інфармацыю для выдання «Соборна Київщина».

Каля 9:00 22 студзеня 2014 года каля стадыёну «Дынама» на вуліцы Грушэўскага загінуў ад кулі невядомага снайпера проста ў сэрца. Забойцу дасюль не знайшлі.

26 студзеня, у дзень народзінаў Міхася, у кіеўскім Свята-Міхайлаўскім саборы УПЦ КП прайшло адпяванне, пасля якога адбылася жалобная працэсія па горадзе, у якой узялі ўдзел тысячы ўкраінцаў.

Увечары 28 студзеня Міхася пахавалі ў роднай вёсцы Сцяг Працы на Гомельшчыне. Адпяванне на могілках правёў святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч. Труна, у якой ляжаў Жызнеўскі, была накрытая бел-чырвона-белым сцягам.

Фота
У Кіеве адбыўся марш памяці Міхася Жызнеўскага, які загінуў падчас Майдану
2023.01.27 08:40

«Адным з першых, хто загінуў на Майдане за ўкраінскую волю, быў беларус»

Арганізацыяй пахавання Міхаіла і далейшаю дапамогаю бацькам займаўся Андрэй Стрыжак, які цяпер узначальвае фонд салідарнасці «BYSOL». Разам з ім прыгадалі той час.

«Для мяне менавіта тады, у 2014 годзе, на Майдане і пачалася вайна ва Украіне, а не два гады таму. І адзін з першых, хто на гэтай вайне загінуў, – Міхаіл Жызнеўскі, – кажа Андрэй. – Нягледзячы на тое, што тады яшчэ расейскае войска адкрыта не ваявала з Украінай і шмат хто яшчэ думаў, што гэта ўнутраны ўкраінскі канфлікт. Хоць збольшага было зразумела, хто зацікаўлены ў тым, каб Украіна пахіснулася. Таму падзеі 2014 года на Майдане для мяне – пункт адліку ў супрацьстаянні Захаду і Усходу, які цяпер адбываецца на тэрыторыі Украіны».

Арганізацыя пахавання і дапамога бацькам Міхаіла Жызнеўскага сталіся для Андрэя Стрыжака першым фандрэйзінгам на грамадска-палітычныя тэмы, «сумнеўныя з гледзішча ўладаў». На той момант яшчэ не існавала онлайн-інструментаў, грошы – каля 4 тысяч еўраў – былі сабраныя фактычна ўручную.

З тых падзеяў пачаўся шлях Андрэя ў публічны фандрэйзінг. Далей, калі пачаліся баявыя дзеянні ва Украіне, быў створаны Гуманітарны маршрут «Беларусь – АТА», потым яшчэ шмат падзеяў, што ўрэшце прывялі да стварэння «BYSOL» і «BY_help», якія сёння збіраюць грошы на дапамогу беларусам.

Жалобная працэсія па горадзе пасля адпявання грамадзяніна Беларусі Міхаіла Жызнеўскага, які быў забіты каля стадыёну «Дынама» на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве, Украіна. 26 студзеня 2014 года.
Фота: Pochuyev Mikhail / TASS / Forum

«Калі казаць пра асобу Міхася і ягоную ролю ў гісторыі, то вельмі важна нагадваць, што першым, хто загінуў на Майдане за ўкраінскую волю, быў менавіта беларус, – кажа Андрэй. – Бо сёння ўсе мы разумеем, якое стаўленне да беларусаў і Беларусі ва Украіне. Я не кажу, што ўсе ўкраінцы лічаць нас ворагамі на роўні з расейцамі, але сацыялагічныя апытанні кажуць, што стаўленне да беларусаў значна пагоршылася. Таму Міхась Жызнеўскі ды памяць пра яго і той учынак, які ён зрабіў дзеля Украіны, павінен быць пунктам, які дапаможа нам аднавіць нашыя стасункі з украінцамі, прынамсі знізіць градус напалу, які ёсць цяпер».

«Будучыня паказала, што беларусам неабыякавая ўкраінская гісторыя»

Тады, на Майдане, яшчэ не было поўнага разумення, як далей будуць развівацца падзеі, і ў якой ступені беларусы будуць занураныя ў вайну ва Украіне, зазначае кіраўнік «BYSOL»:

«2014–15 гады – гэта быў дастаткова спакойны для Беларусі час. Беларусь тады выглядала донарам бяспекі і стабільнасці ў Цэнтральнай Еўропе, і Лукашэнка паспяхова прадаваў гэты мэсідж – ладзіў перамовы на сваёй тэрыторыі, запрашаў заходніх лідараў. Таму з гледзішча пераменаў гэта быў проста мёртвы перыяд. І не было зразумела, ці ўвогуле беларусы хочуць тых пераменаў. Але, на шчасце, будучыня паказала, што беларусам неабыякавая ўкраінская гісторыя ды яны разумеюць сваю ролю і месца ў гэтым супрацьстаянні».

Каментар
«Ментальна і каштоўнасна мы іншыя людзі». Чаму Майдан перамог, а беларусам не ўдалася рэвалюцыя
2023.11.21 22:34

Андрэй узяўся тады за дапамогу з пахаваннем і падтрыманне бацькоў Жызнеўскага, бо сам мае ўкраінскую галіну продкаў і заўсёды адчуваў моцную сувязь з украінскаю зямлёю:

«Ва Украіну мяне некалі вывезлі ад Чарнобылю. Я навучыўся хадзіць там каля дому майго прадзеда ў горадзе Чыгірын побач з сялом Суботаў, там, дзе быў Хмяльніцкі. Таму ўкраінскае пытанне заўсёды было і ёсць для мяне вельмі важным і прыярытэтным. Я проста паставіў сябе на месца Міхася. Я, магчыма, з меншымі рызыкамі, але ўсё роўна быў на Майдане, і калі б, напрыклад, мяне забілі, я ўпэўнены, што хтосьці б узяўся дапамагаць маім бацькам. А ўлічваючы, што на той момант ужо было разуменне, што частка беларусаў, прынамсі мае знаёмыя, гатовыя дапамагаць, я пастанавіў, што трэба паспрабаваць, паглядзець, як гэта будзе працаваць, і падтрымаць людзей».

Паспяховы збор на дапамогу бацькам Жызнеўскага пераканаў Андрэя, што беларусы ў стане самастойна развязваць такія пытанні, размяркоўваць рэсурсы і дапамагаць адно аднаму, без донараў і дзяржавы.

Комплексная праца для вяртання гісторыі Беларусі беларусам

Андрэй Стрыжак падкрэслівае, што сёння стаўленне ўкраінцаў да беларусаў – даволі праблемная гісторыя, бо вайна прыводзіць да ацэнак у катэгорыях «чорнае і белае», знікаюць адценні, людзей пачынаюць маркаваць паводле прынцыпу «свой – чужы». Праўда, такі прынцып працуе пераважна ў тыле, зазначае Андрэй, на фронце ж людзей ацэньваюць інакш і не глядзяць на пашпарт ды нацыянальнасць:

«Таму пытанне з ушанаваннем памяці Жызнеўскага складанае. Яно ці выносіцца за дужкі, ці падкрэсліваецца – вось, толькі адзін беларус такі, а ўсе астатнія – горшыя, баязліўцы. Пры гэтым я ведаю ўкраінцаў з іншым стаўленнем, якія ведаюць пра нашую сітуацыю, пра нашую дапамогу Украіне, пра тое, што зрабіў Жызнеўскі, што робяць нашыя добраахвотнікі на фронце. Але для гэтага трэба адысці ад простай парадыгмы, а людзей, якія разбіраюцца ў гісторыі, рэфлексуюць, іх у прынцыпе няшмат. Таму, думаю, калі зменіцца сітуацыя, будзе інакш, і будуць шанаваць ды ўганароўваць. Бо роля дэмакратычнай Беларусі ў развіцці дэмакратычнай Украіны вельмі важная, адна з вызначальных, бо мы суседзі».

Вяртаць імя Міхаіла Жызнеўскага давядзецца і ў новай Беларусі, пасля пераменаў, зазначае праваабаронца, і гэта станецца часткаю комплекснай працы для «вяртання гісторыі Беларусі беларусам».

«Я думаю, імёны, якія цяпер абсалютна несправядліва забытыя, будуць вяртацца ў розных фарматах, не толькі ў назвах вуліцаў, плошчаў, ушанаванні нейкімі ўзнагародамі. Гэта будзе прышчэпліванне новай генерацыі беларусаў памяці, на чыіх плячах стаіць Беларусь. Гэта вельмі важна зрабіць, бо вынішчэнне гістарычнай памяці – тое, што цяпер робіць Расея, – адзін з метадаў, якім карыстаецца любая імперыя для задушэння нацыянальнай свядомасці», – зазначае суразмоўца.

Захаваць памяць пра нацыянальных герояў беларускія дэмакратычныя сілы імкнуцца і сёння, падкрэслівае кіраўнік «BYSOL», але сістэмныя дзеянні ў гэтым кірунку стануцца магчымыя, толькі калі ў беларусаў будзе свая дзяржава.

«Сёння ў нас ёсць магчымасць закладаць касцяк будучых дзеянняў, планаў, ідэяў, чым мы і займаемся. Я ведаю, што ёсць гісторыкі, якія ўсё гэта апісваюць, палітыкі, журналісты. Кожны на сваім месцы няхай робіць тое, што ён павінен рабіць», – рэзюмуе Андрэй Стрыжак.

«Ішлі праз месца, дзе ён загінуў, і скандавалі «Герою слава, Жызнеўскаму слава»

Украінская валанцёрка Вольга Гальчэнка, якая таксама брала ўдзел у Еўрамайдане, не ведала асабіста Міхаіла Жызнеўскага, але ўжо пасля смерці беларуса пазнаёмілася з ягонымі бацькамі, калі ў 2015 годзе распачалося ўсталяванне ў Кіеве помніку загінулым за Украіну беларусам.

«Менавіта каля таго помніку мы і пазнаёміліся, – прыгадвае Вольга. – Мне падалося, што ўчынак сына для іх так і застаўся не да канца зразумелым, але яны ўзялі на сябе ролю бацькоў загінулага героя, хоць яна вельмі складаная эмацыйна. Яны шмат казалі пра памяць пра Міхася і што яшчэ можна зрабіць, каб пра яго не забываць».

Да знаёмства з бацькамі Жызнеўскага Вольга брала ўдзел у развітанні з ім, у шэсці пасля паніхіды:

«Я добра памятаю, як мы праходзілі праз тыя месцы, дзе ўсё адбывалася, дзе ён загінуў, і скандавалі: «Герою слава, Жызнеўскаму слава».

Hавiны
Зяленскі ў гадавіну Еўрамайдану: 10 гадоў таму ўкраінцы правялі свой першы контрнаступ
2023.11.21 12:39

Падзеі на Майдане і асабліва першыя загінулыя там сталіся для Вольгі кропкаю незвароту, пасля чаго супрацьстаянне ва Украіне выйшла на новы ўзровень:

«Мы цяпер жывём у такім віры падзеяў, з таго часу ў нас так шмат загінулых, так шмат герояў, штосьці, магчыма, забываецца, упускаецца з увагі, але падзеі Майдану шмат для каго застаюцца асноўнымі – менавіта тым пунктам, з якога пачало ўсё раскручвацца: АТА, поўнамаштабная вайна… І паўстала пытанне – здавацца ці біцца далей».

«Складаная роля бацькоў героя сталася для іх дадатковым цяжарам»

Паводле Вольгі, украінцы памятаюць Міхаіла Жызнеўскага і ягоны ўчынак:

«Так, ёсць частка людзей, якія, магчыма, праз неінфармаванасць не адрозніваюць ураду Беларусі і беларусаў, і можна сутыкнуцца з негатыўным стаўленнем. Але адначасова дапамагае адрозніваць той жа полк Каліноўскага. У Кіеве добра ведаюць пра полк, што ён нас абараняе. Ён адыграў вялізную ролю ў аднаўленні паразумення з беларусамі. Але з агульным прыняццем Беларусі як дзяржавы – так, могуць быць пытанні».

У 2021 годзе ўлады Кіева дэмантавалі помнік Міхаілу Жызнеўскаму, усталяваны недалёка ад месца ягонай смерці на вуліцы Грушэўскага. У кастрычніку 2023-га помнік знайшлі ў кустах побач з месцам, дзе быў усталяваны.

Hавiны
Улады Кіева пацвердзілі, што загадалі знесці помнік Герою Украіны, беларусу Жызнеўскаму
2023.12.05 13:43

У той жа час, паводле ўкраінскай валанцёркі, на месцы гібелі Міхася заўсёды ёсць кветкі, лампадкі, надоечы там змянілі сцяг: помнік жыве, людзі прыходзяць да яго.

Вользе вельмі шкада бацькоў Міхаіла Жызнеўскага, якія неўзабаве пасля гібелі сына памерлі адно за адным (у красавіку 2018 года памёр бацька Міхася, таксама Міхаіл Жызнеўскі, у траўні – маці Ніна Жызнеўская).

«Напэўна, цяжкая роля бацькоў героя сталася для іх дадатковым цяжарам, – кажа ўкраінка. – Я цяпер бачу шмат сем’яў нашых загінулых герояў, і тое, як ім складана, і што яны найменш абароненыя з боку дзяржавы і грамадства. Думаю, стаўленне да такіх сем’яў павінна быць іншым. Мы мусім забяспечыць ім падтрыманне, абарону, каб яны не засяроджваліся на сваім горы».

Як ушанавалі памяць Міхаіла Жызнеўскага

26 лістапада 2014 года на месцы смерці Міхаіла на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве ўсталявалі помнік (той, які пазней быў дэмантаваны).

Мемарыял Герою Украіны, беларусу Міхаілу Жызнеўскаму, які быў забіты стрэлам у сэрца 22 студзеня 2014 года падчас Еўрамайдану. У яго не было зброі. Кіеў, Украіна. Сакавік 2022 года.
Фота: Белсат

27 лістапада 2014 года тагачасны прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка пасмяротна ўзнагародзіў Міхаіла ордэнам Героя Нябеснай Сотні, які асабіста перадаў ягоным бацькам.

Штогод у дзень нараджэння Міхаіла Жызнеўскага ўручаюць літаратурную прэмію «Воін святла». Яе прысуджаюць за найлепшую празаічную кнігу года, выдадзеную па-беларуску ці па-ўкраінску, у якой паказаны высакародны, актыўны, моцны герой, які адстойвае свабоду, справядлівасць, агульначалавечыя ідэалы.

У 2015 годзе Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату пасмяротна ўзнагародзіла Міхася медалём за ахвярнасць і любоў да Украіны.

22 верасня 2016 года ў Жытоміры імем Міхаіла Жызнеўскага назвалі вуліцу.

Прозвішча і фотаздымак Міхаіла Жызнеўскага размешчаныя на помніку беларусам, якія загінулі за Украіну. Помнік месціцца на Беларускай вуліцы ў Кіеве, адкрыты 28 сакавіка 2016 года.

13 чэрвеня 2017 года Жызнеўскага пасмяротна прызналі Героем Украіны і ўганаравалі ордэнам «Залатая Зорка».

24 лістапада Рада БНР пасмяротна ўзнагародзіла Жызнеўскага Ордэнам Пагоні.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў