Як ва Украіне пераназываюць вуліцы ў гонар герояў-беларусаў


Ва ўкраінскіх гарадах ужо з’явіліся вуліцы Міхаіла Жызнеўскага, Аляксея Скоблі, Ліцвіна, якія загінулі ва Украіне, а таксама Кастуся Каліноўскага, піша ўкраінская служба «Радыё Свабода».

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: ТК / Белсат

Вуліца Ліцвіна з’явілася ў горадзе Буча Кіеўскай вобласці зусім нядаўна. Ліцвін – пазыўны беларуса Іллі Хрэнава, які ва ўзросце 27 гадоў загінуў у першыя дні поўнамаштабнай вайны падчас абароны Бучы.

«У гарадскую раду звярнуўся з просьбай аб пераназванні вуліцы Дабрачынны фонд «Вольная Беларусь». Мэр і дэпутаты падтрымалі гэтую заяву, – распавёў дэпутат Бучанскай гарадской рады Васіль Аляксюк. – Сёння беларускае кіраўніцтва дае магчымасць Расеі атакаваць Украіну з беларускай тэрыторыі. Ёсць «лукашысты» і патрыёты Беларусі, якія падтрымліваюць і абараняюць Украіну. «Лукашысты» усё робяць пад савецкім сцягам, але бел-чырвона-белы сцяг – сцяг Беларусі, пад якім ваююць беларускія воіны ва Украіне і адваёўваюць свабоду і незалежнасць таксама і для сваёй дзяржавы».

На былой вуліцы Окружной, якая цяпер носіць імя Ліцвіна, беларускі добраахвотнік быў паранены.

У Новаградзе-Валынскім і Чарнаўцах замест вуліцы Менскай цяпер ёсць вуліца Героя Украіны Міхаіла Жызнеўскага. Міхаіл ва ўзросце 25 гадоў загінуў на Майдане ў Кіеве.

Яшчэ ў траўні 2022 года вуліцу Пушкіна ў горадзе Хмяльніцкі пераназвалі ў гонар Героя Украіны беларуса Аляксея Скоблі. Таксама завулак Пушкіна стаў завулкам Героя Украіны Аляксея Скоблі.

Беларус Аляксей Скобля з пазыўным «Тур» загінуў у сакавіку 2022 года падчас абароны Кіеўшчыны. Яму быў 31 год.

У горадзе Мукачава ў Закарпацкай вобласці вуліцу Беларускую пераназвалі ў гонар нацыянальнага героя Беларусі, кіраўніка паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага.

З просьбай переназваць вуліцу Беларускую ў гонар Каліноўскага ў львоўскую гарадскую раду таксама звярнуўся фонд «Вольная Беларусь».

Прадстаўнік грамадскай арганізацыі «Дэкаланізацыя Украіны» Вадзім Пазнякоў кажа, што трэба даць іншыя назвы ўсім вуліцам Менскім, Беларускім і т.п.

«Іх не павінна быць на мапе Украіны. На гэта ёсць запыт украінцаў. На жаль, з тэрыторыі, акупаванай лукашэнкаўскім рэжымам, здзяйсняецца агрэсія ў дачыненні Украіны, і ўкраінцы не хочуць бачыць такія назвы ў сваіх гарадах, – кажа Пазнякоў. – Мы павінны замяніць гэтыя назвы нейтральнымі, звязанымі з беларусамі, блізкімі нам, якія падтрымлівалі Украіну і змагаліся за Украіну. У Ужгарадзе хочам пераназваць адну вуліцу ў гонар Каліноўскага альбо Жызнеўскага».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў