Зяленскі ў гадавіну Еўрамайдану: 10 гадоў таму ўкраінцы правялі свой першы контрнаступ


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 21 лістапада, у дзясятую гадавіну Рэвалюцыю Годнасці, павіншаваў украінцаў з Днём Годнасці і Свабоды.

Уладзімір Зяленскі.
Фота: president.gov.ua

«10 гадоў таму мы пачалі новую старонку змагання. 10 гадоў таму ўкраінцы правялі свой першы контрнаступ. Супраць беззаконня, спробы пазбавіць нас еўрапейскай будучыні. Супраць нашай няволі», – заявіў ён.

Паводле яго, пасля сілавога бязмежжа ўкраінцы адчулі: «гэта б’юць і мяне, гэта балюча і мне, гэта ўдары па справядлівасці і праўдзе, свабодзе, па нашым агульным заўтра».

«І тады фактычна адбылася першая перамога ў сённяшняй вайне. Перамога неабыякавасці. Перамога адвагі. Перамога Рэвалюцыі Годнасці. Перамога народнага супраціву, грамадзянскай супольнасці, подзвігу Герояў Нябеснай Сотні і ўсіх, хто змагаўся за свабоду ў сталіцы і іншых рэгіёнах», – адзначыў Уладзімір Зяленскі

Ён адзначыў, што сёння «ўжо немагчыма спыніць» рух украінцаў «наперад і пераадоленне ўсіх абавязковых стадый».

«І кожны раз, калі ў нас хочуць нешта адабраць, гэтаму супраціўляецца ўсё больш і больш людзей. Калі барыкады Майдана змяняюцца акопамі Данбасу, а затым супраціўленнем па ўсёй лініі фронту – поўначы, поўдня і ўсходу. Калі абарона дэмакратычных каштоўнасцяў перарастае ў абарону суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласці. Калі супрацьдзеянне дыктатарам унутры краіны становіцца супраціўленнем акупантам і тэрарыстам звонку», – заявіў прэзідэнт Украіны.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што з ворагам не можа быць нічыя і кампрамісы.

Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за Украіну
2023.10.01 15:50

Пратэсты, якія атрымалі назву Еўрамайдану і Рэвалюцыі Годнасці, пачаліся ва Украіне 21 лістапада 2013 года ў адказ на прыпыненне ўкраінскім урадам падрыхтоўкі да падпісання пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўразвязам. Яны працягваліся да 22 лютага 2014 года, калі ўцёк прэзідэнт Віктар Януковіч. Сярод загінулых у супрацьстаянні з уладамі быў і беларус Міхаіл Жызнеўскі.

Тым не менш, пратэстамі скарысталася суседняя Расея, якая падтрымлівала Януковіча. Яна спачатку анексавала Крым, а затым спрычынілася да арганізацыі вайны на ўсходзе Украіны.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў