За кошты цяпер будуць адказваць чыноўнікі. Што гэта азначае для прадпрыемстваў і спажыўцоў


На загад Аляксандра Лукашэнкі Савет Міністраў прыняў пастанову аб сістэме рэгулявання цэнаў. Амаль тыдзень таму чарнавік гэтага дакументу трапіў у рэдакцыю «Белсату». Тыя захады, якія чыноўнікі прапаноўвалі ў чарнавіку, знайшлі адлюстраванне ў выніковым дакуменце.

Жанчына набывае цыбулю ў краме ў Менску, Беларусь. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Пастанову Саўміну аб рэгуляванні цэнаў урадоўцы падпісалі 19 кастрычніка. Выніковы дакумент на 20 старонках апублікавалі толькі 20-га. У гэты ж дзень Аляксандр Лукашэнка заявіў, што багацець на высокіх цэнах больш ніхто не будзе.

«Але гэта не значыць, што цэны спыненыя, і заўтра яны расці не будуць. Вось калі мы тупа іх замарозім, то сапраўды, перш за ўсё на каву, бананы, яшчэ на штосьці першы час цэны вырастуць, бо гэта не ад нас залежыць. Мы іх набываем. Але для нас гэта не вялікі страх. Хто любіць каву – піце, калі ласка. Калі кава падаражэла – ну, прабачце, я магу прапанаваць малако, гарбату. Я кавы не п’ю, і жывы-здаровы», – заявіў ён.

Пры гэтым Лукашэнка некалькі разоў падкрэсліваў, што ён нібыта ніякай гаворкі пра татальнае замарожванне цэнаў не вёў. Але 6 кастрычніка ён казаў зусім іншае.

«З 6-га чысла забараняецца ўсякі рост цэнаў. За-ба-ра-ня-ецца! З сённяшняга дня. Не з заўтрашняга дня, а з сённяшняга. Каб за содні не накруцілі цэнаў. Таму з сённяшняга дня рост цэнаў забараняецца. І крый божа, хтосьці праз бухгалтэрыю правядзе папярэдняй датаю нешта, нейкія разлікі, пераразлікі», – менавіта гэтак Лукашэнка наклаў мараторый на павышэнне цэнаў.

Ужо пасля гэтага выступу зʼявіліся пастанова Савету Міністраў аб забароне росту коштаў і дырэктыва  Лукашэнкі, якой ён загадаў ствараць працоўную групу, сабраць прапановы і да 20 кастрычніка прыняць новую «сістэму рэгулявання цэнаў».

14 кастрычніка ў рэдакцыі «Белсату» зʼявіўся чарнавік новай пастановы Саўміну, а канчатковы варыянт аказаўся амаль ідэнтычны, з невялікімі папраўкамі. Агулам рост цэнаў у краіне дапускаецца толькі і выключна з дазволу мясцовых уладаў, іначай пагражаюць штрафнымі санкцыямі. Новая пастанова аб рэгуляванні цэнаў выйшла на 20 старонках. Большую частку дакументу складае пералік тавараў, на якія забаронены рост цэнаў без дазволу чыноўнікаў.

Hавiны
Нам трапіўся чарнавік новай пастановы пра рэгуляванне цэнаў. Глядзім, што там (нічога добрага)
2022.10.14 20:12

Старэйшая навуковая працаўніца BEROC Настасся Лузгіна ў размове з «Белсатам» кажа, што калі казаць пра сённяшні дзень, то зразумела, што будуць даволі жорстка кантраляваць цэны – хай і не ўсе, але 370 пазіцыяў, тавараў, а гэта даволі шмат. Тут гаворка ідзе пра харчы і нехарчовыя тавары.

«Асаблівасць у тым, што цэны не замарожваюць, але для таго, каб падняць цану на тавар, неабходна атрымаць дазвол мясцовых уладаў. Прычым кантраляваць будуць практычна па ўсім ланцужку, пачынаючы ад вытворчасці, заканчваючы гандлярамі, гэта што да тавараў беларускай вытворчасці. На імпартныя тавары таксама будуць кантраляваць. Адзначаецца таксама, што на айчынныя тавары Мінсельгасхарч будзе вызначаць максімальныя адпускныя цэны на пшаніцу, малако (сыравіну), яйкі курыныя і некаторыя іншыя сельгаспрадукты для пераапрацавання. Бачым спробу кантраляваць усё, што датычыць цэнаў», – кажа Настасся Лузгіна.

За неабгрунтаваны рост цэнаў кідаць за краты не будуць

Пры гэтым у пастанове таксама пазначаецца і адказнасць за парушэнне пастановы. У дакуменце няма згадкі, што за рост цэнаў не будуць заводзіць крымінальных справаў і кідаць за краты. Але яшчэ да публікацыі пастановы з 6 кастрычніка сілавікі паспелі арыштаваць прадстаўнікоў гандлёвых сетак і распачалі дзясяткі крымінальных справаў за павышэнне цэнаў. Пакуль жа не вядома, як будуць рэагаваць на павышэнне цэнаў пасля зʼяўлення пастановы, але ў дакуменце пазначана, што кантрольныя органы і мясцовыя ўлады змогуць прыпыняць дзейнасць гандлёвага аб’екту на час выпраўлення парушэнняў. Таксама мясцовыя ўлады атрымалі магчымасць складаць адміністратыўныя пратаколы на парушальнікаў.

Малочныя харчы. Менск, Беларусь. 1 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Дадатковыя складанасці для прадпрыемстваў і бізнесу

«Сам працэс, які трэба будзе праходзіць не толькі прадпрыемствам, але і ІП, а гэта ўзгадненне цэнаў з чыноўнікамі. Гэта, па-першае, значна павялічыць колькасць працы дзяржаўных органаў. Паколькі будуць збірацца камісіі, якія будуць вызначаць, ці неабходна павышаць цэны. І так у кожным пункце, на кожным прадпрыемстве, якое звернецца. І гэта сапраўды павялічыць аб’ём працы, бо гэтыя звароты камісіі павінныя будуць разгледзець на працягу 10 працоўных дзён», – кажа Настасся Лузгіна.

У гэтым выпадку дакументам зацвярджаецца ручное кіраванне ў плане цэнаўтварэння, гэта не рынкавы механізм, тлумачыць суразмоўніца «Белсату». І для таго, каб павысіць цану, трэба звяртацца і абгрунтоўваць, чаму трэба павышаць цэны. Для імпарту вызначаныя адразу ж межы надбавак. Нават калі з пэўных прычынаў існуе некалькі пасярэднікаў, а сёння, у сувязі з складанасцямі з лагістыкай, такая сітуацыя цалкам верагодная, надбаўкі ўсё роўна зафіксаваныя, звяртае ўвагу Настасся Лузгіна.

«Вядома, што гэта ўсё адаб’ецца на фінансавым стане, на асартыменце, бо некаторыя імпарцёры вырашаць проста не завозіць пэўных групаў тавараў праз дадатковыя складанасці. Татальнага дэфіцыту ў бліжэйшым часе гэта не выкліча. Тым больш, што ў адпаведнасці з пастановаю, асартымент тавараў таксама будзе кантралявацца. Але абмежаванні колькасці тавараў могуць з’явіцца. Некаторыя імпарцёры палічаць, што ім прасцей спыніць дзейнасць, чым працягваць працу ў такіх варунках. Таксама сітуацыя можа адбіцца і на якасці тавараў, бо больш дарагія і якасныя тавары будзе не выгадна вазіць», – кажа эксперт.

Агляд
Ці адчулі беларусы палёгку ад увядзення мараторыю на рост цэнаў?
2022.10.18 17:42

Выглядае, што калі раней у нас было рэгуляванне цэнаў на пэўную групу тавараў, якія лічылі сацыяльна значнымі, то цяпер гэтае рэгуляванне істотна пашырылі, падсумоўвае Настасся Лузгіна. Калі ў эканоміцы існуе даволі жорсткае рэгуляванне цэнаў, яно заўсёды можа выклікаць розныя перакосы. Маецца на ўвазе, што будзе альбо скарачэнне тавараў або зніжэнне іх якасці. А калі ў будучыні вырашаць адмяніць пастанову, то можна будзе чакаць паскоранага росту цэнаў праз сфармаваную інфляцыйную столь, якая ўтварылася падчас рэгулявання.

Трэба разумець, што любы бізнес працуе ў пэўных эканамічных умовах. Гэта датычыць і сітуацыі ў Беларусі. Прадпрымальнікі цудоўна разумеюць узровень прыбыткаў і ўзровень жыцця грамадзянаў. Таму, калі яны проста рэзка павышаюць цэны, гэтых тавараў не будуць набываць.

«Дзяржаўнае рэгуляванне ў цэнаўтварэнні магчымае, але перадусім яно павінна быць арыентаванае на пэўныя сферы – напрыклад, натуральныя манаполіі. А татальнае жорсткае адміністрацыйнае рэгуляванне не можа быць гарманічным, яно дасць збоі ў нейкай сітуацыі», – кажа эканамічны эксперт.

На думку Настассі Лузгіной, можа стацца, што інфляцыя ў лістападзе зменшыцца. Гэта тое, да чаго імкнуцца чыноўнікі. Але адначасова можа знізіцца і якасць тавараў, іх асартымент скароціцца, пагоршыцца фінансавы стан некаторых прадпрыемстваў. Гэта паўплывае на напаўняльнасць бюджэту падатковымі прыбыткамі, а некаторым дзяржаўным прадпрыемствам можа спатрэбіцца дадатковае фінансавае падтрыманне коштам дзяржаўных сродкаў. У выніку пацярпяць як прадпрыемствы, гэтак і спажыўцы.

Каментар
Калі вы хочаце так кантраляваць цэны, навошта яны наагул? Эканамістка – аб праекце новай пастановы
2022.10.17 15:07

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў