У Бабруйску сілавікі стралялі ў мужчыну з нажом


У суботу 20 студзеня каля 21-й гадзіны ў міліцыю Бабруйску паскардзіліся на чалавека з нажом, які псаваў аўтамабілі і пагражаў мінакам. Як паведамляе МУС, калі сілавікі прыехалі на месца, мужчына пачаў пагражаць нажом і ім.

Скрын з відэа беларускіх сілавікоў. Крыніца: t.me/pressmvd

На просьбы кінуць халодную зброю мужчына не рэагаваў. Тады яго папярэдзілі пра тое, што будуць страляць. І сапраўды стрэлілі – спачатку ў паветра, затым па нагах. Пасля гэтага мужчына з дапамогай нажа спрабаваў сябе забіць, аднак міліцыянты яму перашкодзілі. Цяпер 44-гадовы жыхар Бабруйску ў лякарні.

За апошнія два месяцы гэта мінімум пяты выпадак, калі міліцыя страляе ў парушальнікаў.

Нагадаем, раней падобнае затрыманне чалавека з нажом адбылося ў Горадні. Тады сілавікі таксама выкарысталі табельную зброю, аднак усё абмежавалася папераджальнымі стрэламі.

Але некаторыя гісторыі сканчаюцца больш трагічна. 22 лістапада 2023 года ў вёсцы Ліскі Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласці міліцыя застрэліла 39-гадовага мужчыну. Нібыта ён быў з паляўнічай зброяй. Паводле інфармацыі МУС, міліцыянты зрабілі папераджальныя стрэлы ў паветра, затым адзін на паражэнне. Па дарозе ў больніцу мужчына памёр.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў