«Рот закрый, шкура!» У Полацку настаўніца абразіла вучаніцу


Telegram-канал «Беларусь за МКАДам» паведаміў пра канфлікт вучаніцы з настаўніцай у полацкай школе № 8. Прычынай стаў мабільны тэлефон. Педагог накрычала на дзяўчыну і назвала яе шкурай.

Бацькі вучняў сярэдняй школы № 8 Полацку распаўсюдзілі аўдыязапіс размовы настаўніцы з вучаніцай. Канфлікт здарыўся праз тое, што дзяўчына не здала тэлефон на захаванне перад урокамі.

– Чаму ўсе дзеці здаюць, а ты не?

– Я не адна не здаю.

– Рот закрый! За сябе адказвай, шкура!

Як піша Telegram-канал «Беларусь за МКАДам», бацькі абураюцца такімі паводзінамі настаўніцы: «Чаму дырэктар школы да гэтага часу не звольнены, як такі чалавек можа кіраваць калектывам, калі ён дапусціў такога настаўніка да дзяцей?»

Напярэдадні стала вядома пра іншы школьны канфлікт, што адбыўся ў Баранавічах яшчэ ўвесну летась. Гісторыя атрымала агалоску цяпер, калі відэа інцыдэнту трапіла ў сацсеткі.

У сярэдняй школе № 17 настаўніца прабірала вучня, а потым, мяркуючы па гуку (на відэа гэтага няма) дала яму аплявуху. Педагога часова адхілілі ад працы. Пры гэтым маці падлетка абараняе не сына, а настаўніцу.

«Я выдатна разумею, якія складаныя цяпер дзеці. Я разумею, што ён сам вінаваты ў гэтым канфлікце, што ён яе справакаваў. Я чула, што настаўніка адхілілі ад працы і справа можа дайсці да звальнення. Мы з бацькам катэгарычна супраць гэтага. І калі дойдзе да ейнага звальнення, будзем пісаць лісты ў абарону педагога», – сказала жанчына баранавіцкай газеце «Наш край».

Сам хлопец прызнаў сябе вінаватым.

«Сёння я шкадую, што справакаваў канфлікт. Такая слава не патрэбная ані мне, ані настаўніку, ані нашай школе», – паведаміў школьнік, але прычынаў канфлікту не назваў.

Разбор
Дэградацыя школы зайшла ў піке: што адбываецца з беларускай адукацыяй і што рабіць бацькам
2022.12.28 10:51

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў