«Ляскалі затворамі, пагражалі расстраляць». Камітэт расследавання катаванняў прэзентаваў даклад пра жахі ў Савецкім РУУС Менску


«Прававая ініцыятыва» і Міжнародны камітэт расследавання катаванняў у Беларусі прэзентавалі 20 чэрвеня новае грамадскае расследаванне – аб катаваннях у Савецкім РУУС Менску 9–13 жніўня 2020 года. Дакумент называецца «Давай, давай, забівай! Вы што, забыліся, у якой краіне жывяце?». Расследавальнікі назвалі прозвішчы 22 катаў і карнікаў з МУС.

Унутраны двор Савецкага РУУС Менску. 10–11 жніўня 2020 года.
Фота: fruman.info

«Ты падымаешся і бачыш перад сабой чалавек, можа, пятнаццаць з аднаго боку і пятнаццаць – з іншага. І ты ў такі калідор трапляеш, і ўсе крычаць: «Давай, давай, забівай», размахваючы дубінкамі, то бок рыхтаваліся ўжо нас прымаць. І калі ты бяжыш, па табе наносяць удары дубінкамі з усіх бакоў. Была задача як мага хутчэй прабегчы гэты калідор», – гэта цытата з расповеду аднаго з пацярпелых, апублікаваная ў новым расследаванні.

«Распісалі пагадзінна, аднавілі ўсё»

Як распавёў падчас онлайн-прэзентацыі сузаснавальнік «Прававой ініцыятывы» і Міжнароднага камітэту расследавання катаванняў у Беларусі Сяргей Усцінаў, расследаванне грунтуецца на 568 старонках расповедаў людзей і 137 старонак розных дакументаў.

Эксклюзіў расследавання – распазнаныя службовыя асобы Савецкага РУУС, якія або самі катавалі людзей 9–13 жніўня 2020 года, або фальсіфікавалі пратаколы, або праяўлялі бяздзейнасць, нічога не робячы, каб спыніць злачынствы. Ідэнтыфікаваныя  22 злачынцы, у тым ліку начальнік Савецкага РУУС палкоўнік Сяргей Каліннік, які кіраваў катаваннямі і сам у іх удзельнічаў, і ягоны намеснік – падпалкоўнік Цімур Кесель. Прозвішчы і фота далучаныя да дакументу.

Звесткі пра начальніка Савецкага РУУС Менску Сяргея Калінніка ў справаздачы Камітэту расследавання катаванняў. Скрыншот: legin.info

Сяргей Усцінаў нагадаў, што гэта другое паводле ліку расследаванне, датычнае катаванняў у менскіх РУУС. Да гэтага было апублікаванае расследаванне пра злачынствы ў Фрунзенскім РУУС Менску. Таксама камітэт расследаваў выпадкі катаванняў у ЦІП на Акрэсціна.

«Многія скажуць, што ў Савецкім РУУС не адбывалася нічога новага: катавалі там, катавалі і тут. Але ў Савецкім РУУС людзей трымали не ў спартзале, як у Фрунзенскім, а ставілі каля сцяны. І людзі маглі стаяць там соднямі на расцяжцы.

Калі чалавек варушыўся ці спрабаваў змяніць позу – яго збівалі. На другі дзень катаванні зрабіліся яшчэ больш жорсткімі, бо паміж сцяной і людзьмі з’явіўся калючы дрот, і людзі стаялі схіліўшыся. Калі чалавек падаў – ён падаў на дрот. І калі ён падаў – яго падымалі дубінкамі…» – распавядаў на прэзентацыі Сяргей Усцінаў.

Паводле расследавальніка, медычная дапамога не аказвалася ні збітым, ні хворым, ні параненым. Хуткую дапамогу выклікалі толькі ў выпадку, калі чалавек зусім не падаваў прыкметаў жыцця. Доступ да вады быў абмежаваны: выдавалі два літры на 80–90 чалавек. За просьбы адвесці ў прыбіральню – збівалі. Нягледзячы на пандэмію каронавіруса, ніякія санітарна-эпідэміялагічныя захады не рабіліся.

«Увогуле, усё ўтрыманне ў Савецкім РУУС было суцэльнай пагрозаю для жыцця і здароўя затрыманых 9–13 жніўня. Мы распісалі амаль пагадзінна. Мы аднавілі ўсё», – кажа Сяргей Усцінаў.

Паводле сведчанняў пацярпелых і дакументаў, людзі выходзілі з РУУСу з гузакамі, ранамі, пераломамі канцавінаў, чэрапна-мазгавымі траўмамі, траўмамі твару. Аўтары расследавання асабліва вылучаюць траўмы ручыцаў, бо людзям сцягвалі рукі будаўнічымі сцяжкамі.

«Катаванні ў Беларусі не спыняюцца»

Дакументатар Алег (імя змененае) паведаміў падчас прэзентацыі справаздачы, што праца дзеля выяўлення і ідэнтыфікацыі злачынцаў-міліцыянтаў рабілася ў партнёрстве з кіберпартызанамі, якія далі расследавальнікам доступ да базы МУС. У пошуках катаў кіраваліся паказаннямі пацярпелых (былі прааналізаваныя каля паўсотні анкет), даступнымі дакументамі і звесткамі з адкрытых крыніцаў.

«Нашая мэта – знайсці ўсіх вінаватых ва ўчыненых злачынствах… І вельмі важна сказаць: катаванні ў дачыненні гэтых людзей пацверджаныя дакументальна, пацверджаныя іхнымі словамі, паказаннямі сведкаў або іншых пацярпелых», – дадаў Алег.

Звесткі пра намесніка начальніка Савецкага РУУС Менску Цімура Кеселя ў справаздачы Камітэту расследавання катаванняў. Скрыншот: legin.info

Ён таксама заклікаў людзей, які пацярпелі ад гвалту, катаванняў і жорсткага абыходжання з боку беларускіх «сілавікоў» звяртацца ў камітэт і дакументаваць свае гісторыі, бо гэта важна: «рана ці позна справядлівасць пераможа, а злачынцы панясуць пакаранне».

«У будучым усе гэтыя доказы зробяцца падставай для завядзення крымінальных справаў у незалежных і бесстаронніх судах», – працягнула тэму адказнасці дакументатарка Ніна (імя змененае).

Паводле яе, за апошнія тры гады расследавальнікі задакументавалі ўжо 1718 гісторыяў і працягваюць выслухваць пацярпелых людзей і вывучаць перададзеныя імі звесткі. На гэтых паказаннях і звестках будуць грунтавацца новыя даследаванні.

«На жаль, катаванні ў Беларусі працягваюцца. Яны не толькі не спыніліся, а наадварот – набіраюць масавы і сістэматычны характар. Гэтая машына рэпрэсіяў працягвае рабіць усё тое ж самае, толькі крыху ў змененым выглядзе.

Яны стараюцца хаваць сляды сваіх злачынстваў. На дадзены момант мы дакументуем ужо не толькі пацярпелых падчас адміністратыўных затрыманняў, але і палітвязняў, якія выйшлі на свабоду… І гэта вельмі важна», – распавяла Ніна.

Каб падзяліцца сведчаннямі пра катаванні ці інфармацыяй пра злачынцаў, трэба звязацца з Міжнародным камітэтам расследавання катаванняў у Беларусі і запоўніць анкету. Расследавальнікі запэўніваюць, што сувязь – бяспечная.

8 цытат са сведчанняў катаваных у Савецкім РУУС

«…Хадзілі з аўтаматамі. Адчуванне было, што трапіў у канцлагер. Ляскалі затворамі аўтаматаў і пагражалі расстраляць усіх, калі хоць нехта пабяжыць».

«Калі аднаго мужчыну сярэдніх гадоў раздзявалі, у яго былі майткі з амерыканскім сцягам. Яго за гэта вельмі моцна білі. У мяне была тады барада, і яны вырашылі, што я бацюшка. І таму мяне спачатку не моцна білі. А потым яны заўважылі, што ў мяне мезенец і безыменны палец нафарбаваныя лакам, і яны сказалі: «А, дык гэта не бацюшка! Гэта п…р! Трэба, значыць, таксама вельмі моцна біць». Тады ўжо мяне раздзелі цалкам і білі па нагах».

«Людзей працягвалі трымаць на дварэ ўздоўж сцяны. Некаторыя трацілі прытомнасць. У якасці меддапамогі ім давалі панюхаць нашатырны спірт і зноў вярталі да сцяны. Вады давалі столькі, што ледзьве хапала зрабіць глыток (на 100 чалавек чатыры літры)».

«Адзін хлопец стаяў каля нас, і ў яго было нешта з рэбрамі, магчыма, зламаныя пры затрыманні, і ён пачаў траціць прытомнасць… Праз некаторы час яго забралі, але яны не дапамагалі яму ісці, а проста цягнулі яго па зямлі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Я наглядзеўся гэтага жаху. А чацвёртай раніцы холад. Жанчына папрасіла вады, а яны прынеслі вядро вады, аблілі, і ўсе стаялі і проста калаціліся, дрыжалі. Білі пастаянна, білі моцна. Да таго часу, пакуль не завялі ў камеру ў РУУС. Мяне і ванітавала таксама там, каля гэтай сцяны. Яны казалі, што я прыкідваюся».

«Перыядычна забіралі ў аддзел. Уключалі камеру, кажуць: «Ты, сука, АМАП хацеў спаліць?» Ты кажаш: «Не». Тады яны выключаюць, пачынаюць цябе біць. Потым паўтараюць пытанне, зноў уключаюць камеру, і ты ўжо адпаведна адказваеш: «Так, я там быў, я хацеў спаліць, я там хацеў…»

«Камандаваў гэтым усім падпалкоўнік міліцыі. Званне я бачыў, але твару я не бачыў. Крычаў: «Каб я рукі бачыў, ногі». «Ну што, жывёліны, дабіліся вы свайго? Жывёліны! Што? Дзе вашая Святлана?»… Гэта ўсё доўжылася з вечара 11-га да вечара 12 жніўня. Содні практычна мы стаялі ля плота».

«Мат, збіццё, слёзы і стогны, крыкі. Мы проста стаялі шчыльна да сцяны і шапталі адно аднаму: «Не слухай, не слухай…» І проста рыдалі…»

«Нашыя дакументы дапамогуць справядліваму суду»

Аўтары расследавання падкрэсліваюць, што вінаватасць так званых сілавікоў, якія трапілі ў справаздачу як каты, можа даказаць толькі суд.

«Мы не заклікаем да гвалту і не выносім прысуду. Нашая мэта – паказаць, што рана ці позна нам становіцца вядома пра кожны выпадак катаванняў і жорсткага абыходжання.

Мы захоўваем усе доказы і не дамо рэжыму іх знішчыць. Аднойчы ўсе вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці, а нашыя дакументы дапамогуць справядліваму судоваму разбору», – гаворыцца ў справаздачы.

Фатаграфія затрыманых людзей, зробленая ў Савецкім РУУС Менску, транслюецца падчас канцэрту «Вольнага хору». Варшава, Польшча. 29 ліпеня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Цалкам грамадскае расследаванне аб катаваннях у Савецкім РУУС Менску 9–13 жніўня 2020 года даступнае на сайце Міжнароднага камітэту расследавання катаванняў у Беларусі. Прэзентацыя новага расследавання прайшла ў межах Тыдня супраць катаванняў – шэрагу асветніцкіх імпрэзаў, прысвечаных катаванням палітвязняў у Беларусі і прымеркаваных да Міжнароднага дня падтрымання ахвяраў катаванняў, які прыпадае на 26 чэрвеня.

Hавiны
Міжнародны Камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі выпусціў даклад пра дзейнасць ГУБАЗіКу
2022.11.16 21:48

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў