Без тэрміну даўніны: хто і як адкажа за катаванні на Акрэсціна


Міжнародны камітэт расследавання катаванняў у Беларусі падрыхтаваў расследаванне «”Вы здохнеце тут”. Вязні Акрэсціна сведчаць» пра масавыя катаванні, якія адбываліся ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў 9–14 жніўня 2020 года. Праваабаронцы сабралі 101 гісторыю тых, хто прайшоў праз жорны ЦІП, склалі храналогію падзеяў, апазналі сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў катаваннях, і далі іхным дзеянням прававую ацэнку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя пратэсту ў Менску, Беларусь. 19 жніўня 2020 года.
Фота: Цімур Котаў / Вот Так / Белсат

Пекла на зямлі

Прэзідэнцкія выбары 2020 года адкрылі новую страшную старонку ў гісторыі Беларусі і далі пачатак масавым рэпрэсіям, якія працягваюцца да гэтага часу.

За 9–14 жніўня 2020 года праз цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, разлічаны на 110 чалавек, сілавікі прагналі больш за 3000 затрыманых. Сярод іх былі непаўналетнія, людзі пенсійнага веку, людзі з інваліднасцю, выпадковыя мінакі. Затрыманых прыніжалі, жорстка збівалі, трымалі ў перапоўненых камерах без ежы і вады двое і больш содняў. Людзей збівалі пры любой спробе высветліць уласны статус, патрабаваць выканання сваіх правоў і медычнай дапамогі. У збіванні ўдзельнічалі як працаўнікі ЦІП, так і сілавікі з АМАПу.

Прыводзім некаторыя вытрымкі са сведчанняў:

– Нам загадалі стаяць на каленях на бетоннай падлозе з паднятымі рукамі, упёртымі ў сцяну. У мяне рукі былі па-ранейшаму сашчэпленыя ззаду. Так мы стаялі гадзіну ці паўтары, чакалі, пакуль прыедуць іншыя аўтазакі з затрыманымі. Калі яны прыбылі, нам сказалі паўзці на каленях улева па перыметры. Паўзлі па шкле, па камянях, увесь гэты працэс суправаджаўся ўдарамі дубінак. Гэта было доўга. Калені і агулам ногі зацяклі і рухацца было надта складана. Ува ўсіх ногі былі сцёртыя да крыві. Калі дрэнна поўз, атрымліваў удары дубінкамі па спіне. Часам білі проста праходзячы міма, без аніякай прычыны.

– Супрацоўнікі крычалі, абзывалі, прыніжалі: «Мразі!», «Трэба было дома сядзець!», «Пераменаў захацелася? Жывёлы!».

– Людзі прыязджалі збітыя, без штаноў, без абутку, з рассечанымі тварамі і галовамі, з выбітымі зубамі, тварамі з ацёкамі. Спіны і ногі ўва ўсіх былі сінія. Сілавікі не рэагавалі на просьбы людзей пра дапамогу. Там проста стаяў крык з матам: «С*кі, закрыйце пашчу!» Ніякай павагі, ніякай чалавечнасці там не было.

– Мне разбілі ногі ў розныя бакі амаль да шпагату, і два разы ён мне ўдарыў дубінай між ног. Калі я спытаў, за што, ён сказаў, каб я больш такіх не нараджаў…

– З мяне зрабілі кола – закінулі з-за спіны, як кола, ногі, рукі і надзелі кайданкі. 30–40 хвілінаў я трымаўся. Страціў прытомнасць. Ну, давялося потым сказаць код ад тэлефона. Самае страшнае – тое, што там былі асабістыя дадзеныя блізкіх.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізалятар на Акрэсціна ў Менску, Беларусь. 4 кастрычніка 2020 года.
Фота: Белсат

– Амапавец ударыў жанчыну галавой аб сцяну, а жанчына-бландзінка загадала скласці пальцы ў замок, завесці іх за галаву. У гэты час ударамі сваіх берцаў працягвала рваць ёй пахвінныя звязкі, пачала выкручваць ёй правую руку, пасадзіла на калені, прыціснула сваёй нагой галаву жанчыны да падлогі і пачала крычаць: «Кажы, с*ка, свае дадзеныя!»

– Самае жорсткае – гэта калі я прачнуўся ў гадзіну ночы ад крыкаў людзей. Мужчынаў білі так моцна дубінкамі, што быў чуваць хруст костак, крыкі былі такія моцныя, што людзей быццам бы палілі. Дарослыя мужыкі крычалі: «Мама! Дапамажыце! Ратуйце!»

– За сценкай мы чулі, як працягваюць збіваць мужчынаў – яны хрыпелі, крычалі, плакалі. Аднаго з мужчынаў збілі да такога стану, што ён абмачыўся з крывёю. Супрацоўнікі крычалі на яго, каб ён сабой жа выцер мачу з крывёю з падлогі і прыбраў за сабой. Мужчына плакаў і казаў, што яму няма чым выцерці, паколькі ён голы… Сілавікі, не спыняючыся, працягвалі яго біць і крычаць, каб ён усё выцер сваім целам.

– У аднаго ў назе тырчэў аскепак ад гранаты, але ніякай дапамогі яму не надавалі, на просьбу пра дапамогу адказвалі: «Засунь сабе гэты аскепак у жопу».

Упершыню ваду затрыманым далі (2–3 літры на ўсіх) праз 19 гадзінаў пасля затрымання, упершыню пакармілі (1 булка хлеба на ўсіх) праз содні. У прыбіральню пачалі вадзіць праз 17 гадзінаў пасля затрымання.

Паводле расповедаў пацярпелых, 10 і 11 жніўня 2020 года былі самымі жорсткімі ў ЦІП. Тым, хто сядзеў у камерах, было чуваць, як па-зверску збіваюць новадастаўленых затрыманых. Людзі не вытрымлівалі і, гледзячы на жорсткае збіццё, крычалі: «Фашысты! Сволачы! Што вы робіце?» У камеры забягалі сілавікі і моцна збівалі іх. У нейкія камеры вылівалі вёдры вады з хлёркай.

– Кожную ноч я чуў здзекі, якія адбываліся ў двары ЦІП. Людзі стагналі і крычалі. Іх прымушалі крычаць: «Мы любім АМАП». Іх прымушалі спяваць гімн Беларусі. Было вельмі страшна слухаць гэта.

– Адна супрацоўніца папрасіла: «Надзеньце гэтых хлапцоў на вашыя дубінкі». Гэта была мэтанакіраваная атака на людзей. Усе былі максімальна агрэсіўна настроеныя: «Колькі вам плацяць?», «Мы вас тут усіх зараз пазабіваем!». Было адчуванне, што самі супрацоўнікі знаходзяцца ў наркатычным ап’яненні.

– Потым мы выходзім у калідор і ў мяне шок быў, што ў шэрагу голыя мужыкі, галава паміж каленяў, попай наверх, на каленях. І нас таксама на калені паставілі. На калені, ды яшчэ ў спіну тыкнулі гэтай дубінкай. Такое адчуванне, што расстраляюць зараз у патыліцу.

– У аднаго хлопца была скальпаваная галава, адзін з амапаўцаў зрэзаў яму валасы разам са скурай на цемечку. Адтуль струменілася кроў, свежая рана была. Прасілі меддапамогу, паколькі многім было дрэнна.

«Здзекаў ніякіх не было»

13 жніўня 2020 года беларускія праваабаронцы звярнуліся да міністра МУС Юрыя Караева з патрабаваннем спыніць здзекі ў ЦІП і іншых месцах утрымання затрыманых і расследаваць выпадкі катаванняў. Намеснік кіраўніка МУС Беларусі Аляксандр Барсукоў спачатку заявіў, што «здзекаў ніякіх не было». На наступную раніцу ён удакладніў, што «ў камеры нікога не збівалі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Першыя затрыманыя падчас мірных пратэстаў пачынаюць выходзіць з ЦІП на Акрэсціна. Паводле афіцыйных звестак на 13 жніўня, усяго падчас мірных акцыяў было затрымана каля 6 тыс. асобаў. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: Вот Так / Белсат

14 жніўня пачалі масава выпускаць затрыманых. Некаторых вывозілі на машынах хуткай дапамогі. Тыя, хто выйшлі на свабоду, паказалі свае раны і траўмы ад катаванняў.

Следчы камітэт адмовіўся заводзіць крымінальную справу па факце катаванняў на Акрэсціна. «Абраныя супрацоўнікамі праваахоўных органаў сродкі і спосабы былі сувымерныя, ужываліся з намерам прычынення найменшай шкоды ў існай абстаноўцы», – заявілі ў СК.

Злачынства, якое не спыняецца

Затрыманыя сведчаць пра неверагодную перапоўненасць камераў, у якіх іх утрымлівалі, антысанітарыю і адсутнасць элементарных рэчаў для гігіены, пітной вады і ежы цягам некалькіх дзён, нягледзячы на вызначаныя нормы і правілы ўтрымання. Умовы ўтрымання ў ЦІП расцэньваюцца экспертамі Міжнароднага камітэту расследавання катаванняў у Беларусі як жорсткія, а ў некаторых выпадках гэтыя ўмовы дасягалі ўзроўню катаванняў.

Хуткабежныя суды, якія праходзілі над затрыманымі ў будынку ЦІП, не адпавядалі прынцыпам справядлівага суда. Людзям не давалі магчымасці азнаёміцца з пратаколамі затрыманняў, у шматлікіх выпадках інфармацыя ў іх была няправільная і прыдуманая. У забеспячэнні адваката адмаўлялі, часам за гэтае патрабаванне збівалі. Дзеянні сілавікоў АМАП і ЦІП ГУУС Менгарвыканкаму ў дачыненні затрыманых людзей ёсць злачыннымі як паводле ўнутранага, так і паводле міжнароднага права.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Машына хуткай дапамогі выязджае з Акрэсціна ў Менску, Беларусь. 13 жніўня 2020 года.
Фота: Вот Так / Белсат

Варта адзначыць, што жорсткія ўмовы ўтрымання ў ЦІП і стаўленне да затрыманых, якія можна прыраўняць да катаванняў, са жніўня 2020 года да цяперашняга часу практычна не змяніліся. Гэта пацвярджаюць шматлікія сведчанні пацярпелых, якія адбывалі адміністратыўныя арышты ў гэтай установе ў 2021–2023 гадах.

Хто адказны за катаванні

Прыходзіць гэтая «лекарка», кажа: «Гандон, што ты хочаш, б**?» Ён папрасіў вады. «Лекарка» была ў чырвонай сукенцы ў доўгай, дзесьці можа яна са святкавання нейкага ці яна так на працу ходзіць. Яна: «Жэня, дай яму піз***ў на**й». Прыйшоў нейкі Жэня і пачаў збіваць гэтага мужчыну. Адна жанчына-супрацоўніца, позірк я яе запомніў на ўсё жыццё, біла. Быў потым у камеры хлопец байкер, ён кажа, яна стала ў яго ў галаве нагамі і з дзвюх рук пачала біць яго паміж ягадзіц па машонцы.

Пацярпелыя сведчаць пра тое, што ў двары ЦІП і прагулачных дворыках, а таксама ў калідорах затрыманых збівалі ў асноўным сілавікі АМАПу ў чорнай форме і балаклавах, што істотна ўскладняе апазнанне гэтых асобаў на фотаздымках. Нягледзячы на тое, што шматлікія работнікі ЦІП былі ў медычных масках, пацярпелыя апазналі некаторых з тых, хто збіваў затрыманых і здзекаваўся з іх.

Разам з апазнанымі сілавікамі праваабаронцы адзначаюць вышэйшых службовых асобаў, адказных за парушэнне законнасці ў ЦІП і беспакаранасць злачынцаў.

  1. Асоба, якая займала пост прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч.
  2. Былы міністр унутраных справаў Рэспублікі Беларусь Караеў Юрый Хаджымуратавіч (11 чэрвеня 2019 – 29 кастрычніка 2020).
  3. Былы намеснік міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь Барсукоў Аляксандр Пятровіч (2017–2020).
  4. Былы начальнік Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Менскага гарвыканкаму Кубракоў Іван Уладзіміравіч (з 29 кастрычніка 2020 года міністр унутраных справаў Рэспублікі Беларусь).
  5. Камандзір АМАП ГУУС Менгарвыканкаму Балаба Дзмітрый Уладзіміравіч.
  6. Былы Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Конюк Аляксандр Уладзіміравіч (2011–2020).
  7. Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Швед Андрэй Іванавіч.
  8. Пракурор Менску Лаўрухін Алег Уладзіміравіч.
  9. Пракурор Маскоўскага раёну Менску Шабан Віктар Яраслававіч.

Падчас апытанняў Міжнароднага камітэту расследавання катаванняў у Беларусі пацярпелымі былі апазнаныя названыя ніжэй службовыя асобы, датычныя да катаванняў затрыманых на Акрэсціна з 9 да 14 жніўня 2020 года. Ідэнтыфікацыя сілавікоў таксама праходзіла ў сацыяльных сетках, людзі апазналі іх пасля публікацыі фотаздымкаў у інтэрнэце. Пры гэтым грамадзяне зазначаюць, што сілавікі і пасля жніўня 2020 года працягваюць ажыццяўляць катаванні ў ЦІП.

Службовыя асобы, датычныя да катавання затрыманых у ЦІП ГУУС Менгарвыканкаму з 9 да 14 жніўня 2020 года. Скрын з грамадскага расследавання аб масавых катаваннях на Акрэсціна ў жніўні-2020. Крыніца: torturesbelarus2020.org
Службовыя асобы, датычныя да катавання затрыманых у ЦІП ГУУС Менгарвыканкаму з 9 да 14 жніўня 2020 года. Скрын з грамадскага расследавання аб масавых катаваннях на Акрэсціна ў жніўні-2020. Крыніца: torturesbelarus2020.org
Службовыя асобы, датычныя да катавання затрыманых у ЦІП ГУУС Менгарвыканкаму з 9 да 14 жніўня 2020 года. Скрын з грамадскага расследавання аб масавых катаваннях на Акрэсціна ў жніўні-2020. Крыніца: torturesbelarus2020.org
Службовыя асобы, датычныя да катавання затрыманых у ЦІП ГУУС Менгарвыканкаму з 9 да 14 жніўня 2020 года. Скрын з грамадскага расследавання аб масавых катаваннях на Акрэсціна ў жніўні-2020. Крыніца: torturesbelarus2020.org
Службовыя асобы, датычныя да катавання затрыманых у ЦІП ГУУС Менгарвыканкаму з 9 да 14 жніўня 2020 года. Скрын з грамадскага расследавання аб масавых катаваннях на Акрэсціна ў жніўні-2020. Крыніца: torturesbelarus2020.org
Службовыя асобы, датычныя да катавання затрыманых у ЦІП ГУУС Менгарвыканкаму з 9 да 14 жніўня 2020 года. Скрын з грамадскага расследавання аб масавых катаваннях на Акрэсціна ў жніўні-2020. Крыніца: torturesbelarus2020.org

Працэс апазнання асобаў, датычных да катаванняў у ЦІП на Акрэсціна, працягваецца. Калі вы ведаеце ці пазнаяце каго-небудзь з сілавікоў на апублікаваных фота, праваабаронцы просяць звязацца з Міжнародным камітэтам расследавання катаванняў у Беларусі (сайт https://torturesbelarus2020. org/ru/, е-mail: contact@torturesbelarus2020.org, Telegram: @ICTB2020_contact ).

Што кажа міжнароднае і беларускае права

Шматлікія сведчанні паказваюць, што ў дачыненні затрыманых мірных грамадзянаў 9–14 жніўня 2020 года супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных справаў на тэрыторыі ЦІП былі здзейсненыя масавыя шырокамаштабныя акты гвалту, мучэнняў і жорсткасці. Праваабаронцы пералічваюць асноўныя з іх.

Схопленыя на вуліцах Менску і дастаўленыя ў ЦІП грамадзяне трапілі пад арганізаванае збіццё шляхам іх праходаў праз шэраг супрацоўнікаў, узброеных дубінкамі (так званыя калідоры). Потым у двары ЦІП затрыманыя выстаўляліся ўздоўж сцяны і ў статычнай позе, на каленях з паднятымі ўверх рукамі, часам зусім голыя, пад пагрозай ці з выкарыстаннем гвалту ўтрымліваліся цягам доўгіх гадзінаў, таксама адчуваючы страшэнныя пакуты і боль. За найменшае непаслушэнства, нясмелы пратэст і простае патрабаванне выканання правоў яны атрымлівалі збіццё, абразы, пагрозы згвалтаваннем і г. д.

У дачыненні затрыманых жанчын выкарыстоўваўся фізічны гвалт, цынічныя абразы, пагрозы згвалтаваннем, у тым ліку ў вычварнай форме; агляды жанчын мелі прыніжальны характар, а часам праводзіліся ў прысутнасці мужчынаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На акцыі пратэсту ля стэлы «Менск – горад-герой» пратэстоўцаў сустрэла агароджа, калючы дрот, а таксама шэрагі вайскоўцаў. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Асабліваю жорсткасцю вылучалася ўтрыманне сотняў людзей у так званых прагулачных дворыках. Цягам 12–15 гадзінаў, а часам і да двух содняў, людзі, у большасці сваёй збітыя, часта паўголыя, без ежы і вады, без наведвання прыбіральні, халоднымі начамі ўтрымліваліся ў бетонных скрынках пад адкрытым небам, ад цясноты не маючы магчымасці ні сесці, ні легчы.

Такім жа было і ўтрыманне затрыманых у надзвычай перапоўненых камерах, дзе яны вымушаныя былі спаць на падлозе, сталах, тумбачках, ля прыбіральні. Належныя паводле закону матрацы, пасцельныя рэчы, туалетная папера, прадметы жаночай гігіены не выдаваліся. Ад спякоты і высокай вільготнасці затрыманыя нярэдка гублялі прытомнасць. У камерах панавалі антысанітарыя, смурод, прусакі. Затрыманым соднямі не давалі ежы, любыя патрабаванні пра выкананне правоў прыгняталіся або сілай, або ў камеру залівалася вада ці водны раствор хлору, што рабіла ўмовы яшчэ больш невыноснымі.

Медычная дапамога часта не надавалася, лекі не выдаваліся. Большасць апытаных таксама адзначалі, што або бачылі самі, або чулі з камераў ці прагулачных дворыкаў, як начамі ў двары ЦІП ажыццяўлялася масавае збіццё грамадзянаў, дастаўленых з вуліцаў гораду.

Усе гэтыя дзеянні сілавікоў АМАП і ЦІП ГУУС Менгарвыканкаму ў дачыненні затрыманых людзей ёсць злачыннымі як паводле ўнутранага, так і паводле міжнароднага права. Гэтыя дзеянні цалкам ахопліваюцца складам злачынства, прадугледжанага арт. 128 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва»), згодна з якім незаконнае ўтрыманне ў зняволенні, катаванні ці акты жорсткасці, якія здзяйсняюцца ў сувязі з палітычнымі перакананнямі грамадзянскага насельніцтва, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 7 да 25 гадоў або пажыццёвым пазбаўленнем волі, або смяротным пакараннем.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На Маршы міру і незалежнасці тысячы чалавек у сталіцы выйшлі на вуліцы з «віншаваннямі» для «так званага прэзідэнта». Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

З пункту гледжання міжнароднага крымінальнага права, пералічаныя акты гвалту кваліфікуюцца згодна з падпунктамі e), f) і k) пункту 1 артыкулу 7 Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суда як злачынствы супраць чалавечнасці ў выглядзе заключэння ў турму ці іншага жорсткага пазбаўлення фізічнай свабоды ў парушэнне асноватворных нормаў міжнароднага права, а таксама ў выглядзе катаванняў і іншых бесчалавечных дзеянняў аналагічнага характару, якія заключаюцца ў наўмысным прычыненні моцных пакутаў ці сур’ёзнага пакалечання ці нанясення сур’ёзнай шкоды псіхічнаму ці фізічнаму здароўю.

Вельмі важна і тое, што з улікам таго, што злачынства, прадугледжанае арт. 128 КК, належыць да найбольш небяспечных злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва, арт. 85 КК вызначае, што асобы, вінаватыя ў здзяйсненні гэтага злачынства, вызваленню ад крымінальнай адказнасці ці пакарання ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўніны не належаць. Аднак рэалізацыя крымінальнай адказнасці вінаватых асобаў у межах існага ў Беларусі палітычнага рэжыму ў цяперашні час практычна немагчымая, бо малаімаверна, што яна будзе ажыццёўленая тымі ж асобамі, якія і былі вінаватымі ў здзяйсненні гэтых злачынстваў.

Практычна не ажыццяўляльнае і перадача вінаватых Міжнароднаму крымінальнаму суду – Рэспубліка Беларусь не ёсць удзельніцай Рымскага статуту. Найбольш перспектыўным у гэтым сэнсе з практычнага пункту гледжання ёсць выкарыстанне механізму ўніверсальнай юрысдыкцыі. Паводле наяўнай інфармацыі, адзін крымінальны працэс у парадку ўніверсальнай юрысдыкцыі па падзеях у Беларусі ў 2020 годзе пачаты ў Літве.

Падрабязней азнаёміцца з расследаваннем можна тут.

СП belsat.eu

Стужка навінаў