«Ён не планаваў паміраць». Былая жонка хакеіста Кальцова не верыць у версію суіцыду


Пра смерць 42-гадовага Канстанціна Кальцова стала вядома напярэдадні. У медыях з’явілася версія, што спартовец учыніў самагубства, скокнуўшы з балкона на 23-м паверсе гатэлю ў Маямі. Аднак былая жонка хакеіста Юлія Міхайлава ў гэта не верыць. Яна сказала выданню «Зеркало», што хутчэй за ўсё здарыўся няшчасны выпадак.

Юлія Міхайлава і Канстанцін Кальцоў у 2019 годзе.
Фота: juliet2826 / Instagram

19 сакавіка выданне «Трыбуна» цытавала заяву прэс-службы паліцыі Маямі:

«Аддзел забойстваў паліцыі акругі Маямі-Дэйд узяў на сябе расследаванне відавочнага самагубства Канстанціна Кальцова. Ніякіх падазроных абставінаў не выяўлена».

Хакеіст прыляцеў у ЗША да сваёй каханай – тэнісісткі Арыны Сабаленкі, каб падтрымаць яе на турніры ў Маямі.

У размове з «Зеркалом» былая жонка хакеіста Юлія Міхайлава назвала іншую версію здарэння:

«Думаю, вашыя калегі нешта не так зразумелі. Або выдалі здагадку паліцыі пра суіцыд за факт – усё ж людзі рэдка падаюць самі. Гэта быў няшчасны выпадак. У Канстанціна былі далей зарэзерваваныя апартаменты ў іншым месцы. Былі аплачаныя пакупкі, якія яшчэ не прыйшлі. Надоўга арандаваны аўтамабіль. То бок ён не планаваў паміраць. Усякае, вядома, можа ў галаву стрэльнуць, але трагедыі нічога не прадказвала».

Міхайлава таксама не выключыла, што ў той момант Кальцоў быў п’яны і проста не ўтрымаўся, калі быў на балконе ў гатэлі:

«Версію з забойствам у паліцыі адразу адкінулі: Канстанцін быў у нумары адзін. Вось і сказалі, што, імаверна, было самагубства. Але, паўтаруся, нічога не прадказвала, што Канстанцін збіраўся скочыць. Хутчэй за ўсё, ён быў вельмі п’яны. На жаль, хакеісты часам грашаць гэтым. У нумары, дзе спыняўся Канстанцін, знайшлі пустыя бутэлькі з-пад алкаголю. Там быў балкон з відам на акіян. Відаць, Канстанцін не даў рады сваім дзеянням».

Спадарыня Юлія таксама распавяла, што апошнім часам яна мала камунікавала з былым сужэнцам, аднак ён звязваўся з дзецьмі праз тэлефон. У Кальцова засталося трое сыноў.

Хаваць хакеіста плануюць у Менску, цяпер збіраюць неабходныя дакументы для транспартавання цела.

Агляд
Гуляў у НХЛ, сышоў ад жонкі з трыма дзецьмі да Сабаленкі. Чым быў вядомы Канстанцін Кальцоў
2024.03.19 13:36

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў