Паліцыя Маямі: Беларускі хакеіст Кальцоў скончыў жыццё самагубствам


Былы хакеіст зборнай Беларусі Канстанцін Кальцоў скончыў жыццё самагубствам. Пра гэта ў каментары «Трыбуне» паведаміў прадстаўнік паліцыі Маямі (ЗША).

Канстанцін Кальцоў
Канстанцін Кальцоў (у чорным злева) у складзе «Pittsburgh Penguins». 7 чэрвеня 2004 года.
Фота: John Kasko / AHL / Flickr, CC BY 2.0

У паліцыі адзначылі, што прыкладна ў 12.39 a.m. (00:39 паводле беларускага часу) паліцыя і пажарныя былі накіраваныя ў гатэль «St. Regis Bal Harbour Resort» «з нагоды мужчыны, які саскочыў з балкона».

«Аддзел забойстваў паліцыі акругі Маямі-Дэйд узяў на сябе расследаванне відавочнага самагубства Канстанціна Кальцова. Ніякіх падазроных абставінаў не выяўлена», – заявіў прадстаўнік прэс-службы паліцыі.

Раней «Трыбуна» адзначала, што былы трэнер зборнай Беларусі Уладзімір Крыкуноў са спасылкаю на свайго сына, які некалі таксама гуляў у хакей, сказаў, што смерць Канстанціна Кальцова нейкім чынам звязаная з машынай. Праўда, спецыяліст выказаўся не вельмі ўпэўнена і звярнуў увагу на тое, што афіцыйнай версіі пакуль няма.

Найбольш жа абмяркоўвалася версія, што Кальцоў выпаў з акна. Нібыта ён з нейкай прычыны выйшаў у акно шматпавярховага будынку і загінуў у выніку падзення.

Пра смерць Кальцова сталася вядома 19 сакавіка. Але яе абставіны не раскрываліся.

Кальцоў пачаў кар’еру ў 1998 годзе ў менскай камандзе «Юнацтва». Выступаў за розныя беларускія і расейскія клубы, некалькі гадоў гуляў у НХЛ у «Pittsburgh Penguins». У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі быў з 1999 года, браў удзел у Алімпіядах у Солт-Лэйк-Сіці і Ванкувэры, а таксама ў 11 чэмпіянатах свету.

Трэнерскую кар’еру пачаў у 2017 годзе, з 2021 года – у ХК «Салават Юлаеў». На мінулым тыдні з’явілася неафіцыйная інфармацыя, што Кальцоў не будзе працягваць кантракту з клубам, а замест гэтага зойме пасаду галоўнага трэнера менскага «Дынама» і беларускай зборнай.

Агляд
Гуляў у НХЛ, сышоў ад жонкі з трыма дзецьмі да Сабаленкі. Чым быў вядомы Канстанцін Кальцоў
2024.03.19 13:36

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў