«Быў шчырым і прынцыповым». Якім запомніцца Ігар Леднік


«Сказаў, што будзе змагацца, нягледзячы на небяспеку», – узгадвае словы загінулага грамадскага актывіста, журналіста Ігара Ледніка былы старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў. Палітвязень памер у зняволенні на 64-м годзе жыцця. Даведаліся, якім ён запомніўся паплечнікам і калегам.

Прычынай смерці Ігара Ледніка стала спыненне сэрца. Медыкі спрабавалі яго рэаніміраваць, аднак беспаспяхова. Ігар Леднік памёр у Менскай раённай больніцы, куды быў дастаўлены з Бабруйскай калоніі, дзе адбываў пакаранне.

Ігар Леднік.
Фота: «Радыё Свабода»

«Прадказаў расейскі напад на Украіну»

Журналіст «Радыё Свабода» Дзмітрый Гурневіч узгадвае, што пазнаёміўся з Ігарам Леднікам недзе 15 год таму.

«Ён завітаў у студыю Польскага радыё ў Варшаве, дзе я тады працаваў. Быў ён не адзін, а разам са знаёмым – Аляксандрам Шпакоўскім, які праз пару год стаў праўладным прапагандыстам і даслужыўся да пасады ў пасольстве Беларусі ў Маскве. (Да слова, гэта добрая ілюстрацыя да дыскусіі апошніх дзён, ці можа той, хто казаў раней глупствы, паразумнець. Гэта працуе, вядома ж, ва ўсе бакі).

Ледніка пасадзілі за артыкул, які ён напісаў 2021 годзе, больш як паўгода да пачатку поўнамаштабнай вайны. Фармальна – за крытыку Лукашэнкі. Я зараз прачытаў фрагменты таго артыкулу, не ведаю, ці поўная гэта версія. Але ў тым, што ёсць, Леднік па сутнасці прадказаў расейскі напад на Украіну і ўдзел у гэтай агрэсіі Лукашэнкі. Артыкул быў пра тое, як адмова ад нейтралітэту пасля 2020 году паўплывае на поўнае падпарадкаванне Беларусі Маскве і ўцягне краіну ў авантуры РФ», – піша Гурневіч.

Некаторыя ўзгадваюць, што ім даводзілася спрачацца з Леднікам, але ўспаміны пра яго ўсё адно засталіся добрыя.

«Яшчэ адна ахвяра рэжыму Лукашэнкі. Наша знаёмасць з ім адбылася праз дыскусію на «Беларускім партызане», яшчэ ў далёкім 2012 годзе. Ён час ад часу крытыкаваў мае артыкулы, за катастрафічнасць сцэнараў для Беларусі. Потым навязалася добрая камунікацыя, ён імкнуўся стварыць функцыянальныя палітычныя платформы для дыялогу і супрацы Беларусі, Украіны і ЕЗ. Разумны і шчыры чалавек», – піша палітолаг Павел Усаў.

«Ігар трапіў у турму за тое, што хацеў лепшага жыцця для сваёй краіны. Ігар быў прынцыповым і паслядоўным у сваіх поглядах. Не заўсёды я пагаджаўся з тым, што ён кажа, але Ігар ставіў пытанні, на якія нам усім шукаць адказаў – якім будзе нашая будучыня. У якой шмат што будзе, але дакладна не будзе Ігара», – адзначае сузаснавальнік «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

Hавiны
Дэмсілы рыхтуюць санкцыі за палітвязняў Беларусі – Франак Вячорка
2024.02.20 16:53

«Сядзеў за сваё бачанне дэмакратычнай будучыні Беларусі»

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў падкрэслівае, што Ігар Леднік застаўся непераможным і з прынцыповай пазіцыяй:

«За што сядзеў? За іншадумства, за свае ўласныя перакананні і прынцыпы, за сваё бачанне дэмакратычнай будучыні Беларусі не ў складзе Расеі.

Ці мусіў ён сядзець? Не, але падзеі ў краіне пачалі развівацца так, што месца для тых, хто думае інакш і мае сваю пазіцыю заставалася толькі ў турме, альбо ў эміграцыі…

Эміграцыяй Ігар не дужа гарэў. Апошні раз з ім бачыліся на партыйным з’ездзе 6 лютага 2022 года. Ці тое тады, ці тое ўжо пасля яго ён сказаў, што будзе змагацца, нягледзячы на небяспеку. Ён для сябе выбар зрабіў. Спачывай з мірам, дарагі таварыш…».

Палітолаг Сяргей Марцалеў таксама прысвяціў Ігару Ледніку пост:

«Ведаў Ігара Ледніка доўга і даўно. Даўно і доўга. Акрамя сацыял-дэмакратычнага знаёмства часта з ім палемізаваў на слізкіх сцяжынках міжнароднага права. Акрамя партыі Леднік супрацоўнічаў нейкі час з прафсаюзам прадпрымальнікаў “Салідарнасць”, які ўзначальваў Мікалай Аўтуховіч. Але іх шляхі разышліся.

Ігар быў шчырым і прынцыповым чалавекам. З рэвалюцыйным энтузіязмам, які кампенсаваў яму прабелы ў адукацыі, ён выступаў за неадкладнае скасаванне міжнародных абавязкаў з усходняй суседкай, мазольна абмяркоўваў тэму Будапешцкага мемарандума, які ў прававых адносінах няшмат чаго варта. Наўрад ці варта нябожчыка за гэта вінаваціць – ад душы пісаў, ад сэрца.

Ігар Леднік, палітвязень, актывіст БСДП памёр у калоніі. Яшчэ адна крывавая метка на саване рэжыму.

Светлая табе памяць, патрыёт, сацыял-дэмакрат, прынцыповы змагар», – падводзіць рысу Сяргей Марцалеў.

Hавiны
Дапамогі не дачакацца. Што вядома пра месца, дзе памерлі два палітвязні за восем месяцаў
2024.01.17 15:38

Ігар Леднік быў затрыманы 12 красавіка 2022 г. і асуджаны на 3 гады зняволення паводле  артыкулу 367 «Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» за публікацыю ў партыйным часопісе БСДП «Пазіцыя».

У турме стан здароўя Ігара Ледніка істотна пагоршыўся, яму зрабілі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце. Апроч гэтага, Ігар меў інваліднасць 2-й групы праз праблему з сэрцам.

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў