Дэмсілы рыхтуюць санкцыі за палітвязняў Беларусі – Франак Вячорка


Дэмакратычныя сілы дамагаюцца санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, якія будуць накладзеныя за тое, што ў Беларусі ёсць палітвязні. Пра гэта «Белсату» распавёў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, каментуючы смерць палітвязня Ігара Ледніка.

Франак Вячорка на адкрыцці муралу ў гонар палітзняволеных у дворыку Беларускага Дому. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Лукашэнка не вызваліць людзей без ціску»

У дыскусіях аб вызваленні палітычных зняволеных і эфектыўнасці санкцыяў супраць рэжыму ў Беларусі каменем перапоны з’яўляецца тое, што сур’ёзныя заходнія санкцыі не ўводзіліся праз наяўнасць у Беларусі палітвязняў. Дэмсілы спрабуюць выправіць гэтую сітуацыю.

«Мы разумеем, што Лукашэнка не вызваліць людзей без ціску. Ён баіцца паўтарэння падзеяў 2020 года. Ён не хоча паказваць слабасць перад сваімі сілавікамі і лаялістамі, таму толькі санкцыі, толькі ціск дапамогуць гэта зрабіць. І цяпер мы працуем над санкцыйным пакетам, які мог бы быць ультыматумам для Лукашэнкі: калі ты не вызваляеш людзей, тады супраць цябе ўводзяцца разбуральныя санкцыі, – кажа Франак Вячорка. – Другое – гэта мы актывізуем міжнародныя структуры. Гэта офіс вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека ў Жэневе, міжнародныя арганізацыі. Таксама актывізуем магчымых удзельнікаў перамоваў, такіз як Чырвоны Крыж, Ватыкан, “Карытас”, якія займаюцца гуманітарнымі тэмамі».

Дарадца Ціханоўскай адзначае, што ідзе праца над тым, каб пытанне палітвязняў не сціхала, у тым ліку ў Бруселі і Вашынгтоне, на фоне вайны ва Украіне.

«Ёсць кейс Навальнага, які паказвае, што гэта не проста зняволенне – гэта забойства. Яно можа быць павольнае, не адразу, але гэта забойства. І калі будзе маўчанне, то такіх жудасных навінаў мы будзем чуць усё больш і часцей», – кажа Вячорка.

Ён таксама нагадвае, што ў Беларусі ў некалькі разоў больш палітычных зняволеных, чым 1422 асобы, пра якіх вядома праваабаронцам.

«Іх імёны родныя не раскрываюць, таму што прызнаным палітвязням нашмат цяжэй у турмах. На іх вешаюць бірку, трымаюць у ШІЗА, да іх асаблівае стаўленне. Таму ў агульнай складанасці іх больш за 5 тысячаў чалавек – гэта жахлівая лічба. Для нас гэта пытанне не толькі палітычнае, а гуманітарнае. Пытанне жыцця і смерці людзей», – працягвае Франак Вячорка.

Hавiны
«Нават праказа здзівіла б менш». Навуковец патлумачыў, чаму цынга ў Латыпава – жахліва
2024.02.16 19:02

«Больш за дзясятак палітвязняў, якім патрэбная дапамога проста цяпер»

Святлана Ціханоўская таксама выказалася наконт ужо пятай смерці палітвязня ў Беларусі за кратамі.

«Гэта неверагодная несправядлівасць і трагедыя – тое, што ў турмах рэжым забівае беларусаў, якія хацелі змяніць жыццё сваёй краіны да лепшага. Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, а цяпер і Ігар Леднік сталі ахвярамі рэжыму Лукашэнкі.

Ігара Ледніка адправілі за краты праз артыкул у часопісе аб міжнародным нейтралітэце Беларусі. І цягам двух гадоў мэтанакіравана забівалі – у 63-гадовага актывіста была другая група інваліднасці праз праблемы з сэрцам. Рэжым выдатна ведаў пра гэта, пазбаўляючы яго волі. Імя Ледніка было ўнесенае ў “гуманітарны спіс” – туды праваабаронцы ўключалі людзей, якіх трэба тэрмінова вызваліць паводле стану здароўя або праз узрост», – адзначае Ціханоўская.

Палітык падкрэслівае, што Ігар Леднік і раней неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям, але не здраджваў ідэям свабоднай Беларусі.

«Я выказваю шчырыя спачуванні сям’і і блізкім Ігара Ледніка. І заклікаю ўсіх – медыя, міжнародных партнёраў, праваабаронцаў – стаць на абарону палітвязняў. Сёння ў краіне больш за дзясятак палітвязняў, якім патрэбная дапамога проста цяпер. Уладзімір Малахоўскі, Рыгор Кастусёў і Галіна Дзербыш змагаюцца з анкалогіяй. Ірына Мельхер і Аляксандр Фядута пакутуюць ад праблемаў з сэрцам. Але Зуевай пастаянна патрэбныя лекі, каб не прагрэсаваў лейкоз… Яны змагаюцца за сваё здароўе і сваё жыццё ў жахлівых умовах. І нам неабходна аб’яднаць намаганні, каб як мага хутчэй знайсці варыянты для іх вызвалення», – заключае Святлана Ціханоўская.

Агляд
«Такім чынам прысудзілі іх да смерці». Што адбывалася на апошнім паседжанні ў «справе Аўтуховіча»
2022.10.18 20:00

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў