Хуткіх не было, а «кіпеш» быў яшчэ напярэдадні. Што вядома аб смерці Навальнага


Расейскія медыі атрымалі дадатковыя звесткі адносна абставінаў смерці ў калоніі апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, якога не стала а 14:17. І яны абвяргаюць афіцыйную інфармацыю.

Суд у Маскве адхіліў апеляцыю расейскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, Масква, Расея. 20 лютага 2021 года. Крыніца: прэс-служба суда

Выданню «Новая газета. Европа» атрымалася звязацца з адным з вязнем папраўчай калоніяй №3, дзе знаходзіўся Аляксей Навальны. Паводле яго, у калоніі «незразумелы кіпеш пачаўся ў крытцы яшчэ ўвечары 15 лютага». У прыватнасці, вячэрняя паверка была моцна паскораная, як гэта «часта бывае напярэдадні свят, калі вертухаі за стол спяшаюцца, але ўчора ніякага свята не было». Пасля гэтага вязняў замкнулі па бараках і папярэдзілі, каб не было ніякіх рухаў паміж баракамі, і ўзмацнілі ахову. Таксама было чуваць, як на тэрыторыю зоны позна ўвечары і ўночы тры разы заязджалі нейкія машыны.

Крыніца выдання кажа, што раніца 16 лютага пачалася з татальнага «шмону» баракаў. Былі канфіскаваныя некалькі сотавых тэлефонаў, карткі і нават кіпяцільнікі – нібы чакаецца праверка. Але звычайна да праверак рыхтуюцца за загадзя, бо ніхто не хоча дадатковых праблемаў падчас іх.

Hавiны
«Калонія падманула». Каманда Навальнага паведамляе, што цела палітыка няма ў моргу Салехарда
2024.02.17 15:02

Паводле зняволенага, аб смерці Аляксея Навальнага ў калоніі стала вядома каля 10 гадзін раніцы. Афіцыйна палітык памёр а 14:17. Вязень пры гэтым не чуў і не бачыў, каб прыязджала хуткая.

«Ніякіх хуткіх раніцай 16-га ў калоніі не было, з’явілася толькі пасля таго, як стала вядома, што Навальны ўжо мёртвы. Так што я думаю, што Навальны памёр значна раней за той час, які абвясцілі. Хутчэй за ўсё, яшчэ ўчора ўвечары. А інакш нашто трэба было замыкаць нас наглуха ў бараках, а раніцай ладзіць шмон?» – сказаў ён.

Тым не менш, вязень заяўляе, што смерць Навальнага была нечаканасцю і для кіраўніцтва калоніі. Пасля, паводле яго, у калонію прыязджала некалькі машынаў – «агульную пазіцыю перад камісіяй з Масквы выпрацоўвалі». Зняволеныя аднак не выключаюць, што кіраўніцтву калоніі давялося выконваць загад, які выконваць не хацелася.

Эксперты выдання адзначаюць, што дакладны час і абставіны смерцю можа паказаць толькі ўскрыццё, але для гэтага патрэбная незалежная патолагаанатамічная экспертыза.

Дазвол на забойства далі яшчэ ў жніўні?

Тым часам «Sota» са спасылкай на свае крыніцы ў Следчым камітэце і атачэнні Навальнага піша, што палітвязня павольна атручвалі ў зняволенні са жніўня 2023 года. Асноўным «лабістам» нібыта зʼяўляўся кіраўнік СК Аляксандр Бастрыкін, які меў асабістую непрыязнасць да палітыка яшчэ з часоў расследавання Навальнага пра яго ад 2012 года.

Пасля арышту Навальнага, сцвярджаюць крыніцы, Бастрыкін дамагаўся санкцыі Уладзіміра Пуціна на забойства Навальнага ў калоніі, у выніку заручыўшыся падтрымкай кіраўніка ФСВП Аркадзя Госцева. А ў жніўні 2023 года і сам Пуцін даў дазвол на павольнае атручэнне Навальнага ў якасці «падарунку» на 70-годдзе Бастрыкіна. Згодна з першапачатковым планам, меркавалася, што палітык памрэ ад праблем сардэчна-сасудзістай сістэмы да канца 2023 года, аднак смерць наступіла толькі 16 лютага.

Абноўлена
Байдэн: Пуцін адказны за смерць Навальнага
2024.02.16 20:40

Як сцвярджае крыніца «Соты» ў асяроддзі памерлага палітыка, ён з калоніі перадаваў паведамленні аб тым, што, на яго думку, атрымлівае нейкую атруту. У сваю чаргу біяхімік мяркуе, што любое рэчыва-каагулянт ва ўмовах недахопу вады ў калоніі і катавальнага рэжыму ўтрымання непазбежна вяло да загушчэння крыві і, як следству, смерці.

Што адбываецца цяпер?

Паплечнік Навальнага Іван Жданаў адзначыў, што, калі адвакат і маці палітыка раніцай 17 лютага прыехалі ў калонію, ім сказалі, што прычына смерці – «сіндром раптоўнай смерці».

«Іншаму адвакату Навальнага, які прыехаў у СК Салехарда, паведамілі, што «прычына смерці Аляксея не выяўленая, была ўзятая паўторная гісталагічная экспертыза». Яе вынікі нібыта будуць на наступным тыдні. Відавочна, што яны хлусяць і робяць усё, каб не выдаць цела», – піша іншая паплечніца палітыка Кіра Ярмыш.

Паводле яе, «Следчы камітэт наўпрост кажа, што пакуль праверка не скончыцца, цела Аляксея сваякам не аддадуць». У моргах цела няма, заявіў Жданаў.

«Яшчэ гадзіну таму адвакатам казалі, што праверка скончаная, крыміналу не выяўлена. Яны літаральна хлусяць кожны раз, водзяць кругамі і замятаюць сляды», – паведаміла Ярмыш.

Каментар
Смерць Навальнага: прапаганда кажа пра тромб і хуткую за 7 хвілінаў, але лекары не вераць
2024.02.16 17:21

Пра тое, што Навальны памёр у папраўчай калоніі № 3 у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, 16 лютага паведаміла мясцовае ўпраўленне федэральнай службы выканання пакарання (ФСВП). Яму нібыта стала кепска пасля прагулкі.

Міжнародныя і беларускія дэмакратычныя лідары ўсклалі адказнасць за смерць палітыка на расейскія ўлады. На апошнім відэа за дзень да смерць Навальны выглядаў бадзёрым.

Hавiны
Смерць Аляксея Навальнага афіцыйна пацверджаная
2024.02.17 14:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў